На прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч адгукнуліся пісьменнікі з розных краін

Гонар для краіны

На прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч адгукнуліся пісьменнікі з розных краін

Цікавасць да пісьменніцы як асобы, да яе твораў спрыяе падвышэнню іміджу Беларусі ў свеце. У першыя ж дні пасля абвяшчэння імя новага лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры ў інфапрасторы з’явіліся сотні артыкулаў, водгукаў пра творчасць беларускай пісьменніцы. Творы яе выдадзены больш як у 20 краінах. На добрую вестку са Стакгольма адгукаюцца і замежныя пісьменнікі. Звярнуўшыся да творцаў на постсавецкай прасторы, у іншых краінах свету, мы пачулі віншаванні і Святлане Алексіевіч, і народу Беларусі.

Празаік Камран Назірлі з Азербайджана выказаўся так: “Ганаруся, што жыву, дыхаю і пішу ў адным стагоддзі з ёю, ад усяе душы рады поспехам Святланы ў літаратуры. Яна вартая гэтай узнагароды! Мне даспадобы назвы кніг, якія даўно сталі метафарамі: “У вайны не жаночы твар”, “Чарнобыльская малітва”... Я гатовы з радасцю перакласці гэтыя творы на азербайджанскую мову...”

Пісьменнік з Казахстана Амантай Ахетаў адгукнуўся такімі словамі: “Мы рады поспехам Святланы. І разам з ёю віншуем увесь народ Беларусі, які вынес на сваіх плячах трагедыю Вялікай Айчыннай вайны. Народ і дапамог нераўнадушнай пісьменніцы знайсці словы, каб адлюстраваць боль, людскія пакуты, народ праклаў дарогу ў будучыню...”

Гістарычны празаік з Таджыкістана Леанід Чыгрын, які сам родам з Віцебшчыны, з 1942 года, перакананы, што высокая міжнародная ацэнка твораў Святланы Алексіевіч — “гэта сведчанне вялікага ўкладу беларускі ў сусветную літаратуру, як і сведчанне вартасцяў беларускай нацыянальнай літаратуры ў цэлым”.

Вітаўтас Жэймантас з Літвы лічыць: кнігай “Чарнобыльская малітва” Святлана Алексіевіч і многім літоўцам дапамагла асэнсаваць маштаб чарнобыльскай трагедыі.

А вось словы пісьменніка з Чарнагорыі Слабадана Вуканавіча: “Святлана Алексіевіч — само адлюстраванне лёсу беларускай жанчыны, люстэрка рэчаіснасці. Самай пранізлівай з яе кніг мне падаецца кніга “У вайны не жаночы твар”. Па ёй і заўтра нашчадкі нашыя будуць адкрываць драматычныя старонкі Вялікай Айчыннай, Другой Сусветнай вайны...”

Дарэчы. Віншуючы Святлану Алексіевіч, мы аддаем даніну павагі і памяці яе настаўніку, пісьменніку Алесю Адамовічу. Менавіта ён паспрыяў таму, што журналістка Святлана Алексіевіч  пачала запісваць успаміны жанчын пра вайну. Уплыў Майстра відаць і ў назве яе першай кнігі “У вайны не жаночы твар”, бо аповесць Алеся Адамовіча “Вайна пад стрэхамі”, напісаная ў 1959-м, пачынаецца такімі радкамі-эпіграфам: “У войны не женское лицо. Но ничто на этой войне не запомнилось больше, резче, страшнее и прекраснее, чем лица наших матерей”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter