Гомельшчына шукае зорак

Школьніца са Жлобіна ўзяла Гран-пры творчага праекта «STAR.T»

Школьніца са Жлобіна Таха Рахап стала ўладальніцай Гран-пры творчага праекта «STAR.T», які ўпершыню праходзіў у вобласці.

Перамогу маладой вакалістцы прынесла песня з рэпертуару Уітні Х’юстан. Увогуле ж кастынгі ўдзельнікаў праекта праводзіліся па сямі намінацыях — вакал, харэаграфія, інструментал, сцэнарысты, вядучыя, арыгінальны і размоўны жанры — і доўжыліся на працягу ўсяго мінулага года. За гэты час у ролі зоркі сябе паспрабавалі каля 800 выканаўцаў, некаторым з іх было пад 60.

Фінальным акордам конкурсу стаў гала-канцэрт на сцэне Гомельскага гарадскога цэнтра культуры, у якім удзельнічалі пераможцы адборачных тураў з 14 раёнаў вобласці. А завяршыла творчае спаборніцтва зорка беларускай эстрады Гюнеш. Што ж датычыцца ўзнагарод, то дыплом першай ступені адбыў у Брагін: ён уручаны кіраўніку народнай эстраднай студыі РДК Вячаславу Гаршкову. У арыгінальным жанры мацнейшым за іншых намінантаў аказаўся Дзмітрый Салянік з Мазыра, дыплом трэцяй ступені атрымаў танцавальны праект «FLY» з Гомеля. Глядацкія ж сімпатыі аказаліся ў кармянцаў — прыз у сямейнага дуэта баяністаў з райцэнтра Карма ў складзе Сяргея і Уладзіслава Мелічэнкаў. Журы таксама адзначыла дыпломамі аўтараў лагатыпа і лепшых сцэнарыстаў праекта «STAR.T».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter