Гомель: ...I ззянне медалёў

Насуперак прагнозам сіноптыкаў ранак 9 мая ў Гомелі выдаўся пагодлівым. Але яшчэ больш сонечным і светлым падаваўся ён ад зіхацення ветэранскіх медалёў і радасных усмешак на тварах удзельнікаў святочных мерапрыемстваў, што сабраліся на плошчы Паўстання.
Адсюль упрыгожаныя калоны на чале з удзельнікамі вогненных падзей мінулай вайны, кіраўнікамі вобласці і горада пад маршавыя мелодыі аркестра накіраваліся да мемарыяла “Вечны агонь”, што на плошчы Працы. Падкрэсліваючы важнасць традыцый пераемнасці пакаленняў, напярэдаднi свята тут прайшоў урачысты прыём дванаццаці выдатнікаў вучобы, актывістаў грамадскага жыцця ў члены БРСМ і трыццаці васьмі вучняў малодшых класаў – у рады рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Героі Савецкага Саюза Рыгор Дзенісенка, Соф’я Асіпкова, Кірыл Карасёў, Фёдар Стэльмашок і іншыя лічаць сваім пачэсным абавязкам весці актыўную выхаваўча-патрыятычную работу з моладдзю. Эстафету святочных урачыстасцей прыняла галоўная плошча Гомеля – імя Леніна. Перад тысячамі гамяльчан і гасцей свята, а сярод іх былі і прадстаўнікі дэлегацыі горада—пабраціма Гомеля – французскага Клермон-Феррана, у парадных шарэнгах праходзяць воіны часцей Гомельскага гарнізона. Не засталася па-за ўвагай і яшчэ адна дата, што цесна ўплялася ў праграму мерапрыемстваў, прысвечаных 59-й гадавіне Перамогі, — Дзень герба і флага Рэспублікі Беларусь. Цудоўны канцэрт даў старт масавым гулянням гараджан, якія працягваліся да позняга вечара ў гарадскім парку культуры і адпачынку імя Луначарскага.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter