Голас за колас

Людзі з пакалення маіх бацькоў і старэйшыя за іх, што нарадзіліся напярэдадні вайны, добра памятаюць тыя цяжкія часіны. Па ўласных успамінах, фрагментах дзіцячых уражанняў, праз расповеды сваіх бацькоў яны і цяпер раз-пораз згадваюць Вялікую Айчынную. Час быў бязлітасны, галодны. Большасці даводзілася літаральна выжываць...

Праз дзесяцігоддзі пасля ваеннага ліхалецця генетычная памяць зноў непрыкметна вяртае нас да галоўнага — штодзённай прысутнасці хлеба на нашым стале. Для беларусаў хлеб і тады, і цяпер застаецца знакавым прадуктам. Без яго не магчыма жыць. Кожны колас, своечасова ўзяты селянінам на залацістай хлебнай ніве, непасрэдна ўплывае на развіццё эканомікі, вызначае стан сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў нашай краіне і матэрыяльны дабрабыт народа, складае аснову харчовай бяспекі.

Таму штогод гэтаму нацыянальнаму багаццю надаецца асаблівая ўвага на самым высокім узроўні. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заўсёды асабіста кантралюе ход рэспубліканскага жніва: “Калі людзі будуць накормленыя, калі кожны будзе мець, па-народнаму кажучы, кавалак хлеба на стале штодзень, тады і ў краіне будзе мір і парадак”... Гэтая думка Прэзідэнта стала ключавой на нядаўняй нарадзе з кіраўніцтвам Урада і эканамічнага блока. Фініш уборачнай кампаніі і яе тэмпы, восеньская сяўба, нарыхтоўка кармоў, праблемы вырошчвання і перапрацоўкі лёну, будаўніцтва сучасных малочна-таварных комплексаў і мадэрнізацыя ферм, развіццё будаўнічай галіны, стварэнне айчыннага суперкамбайна, экспарт і яго дыверсіфікацыя — вось толькі некалькі тэм прэзідэнцкай сустрэчы.    

Ураджай сёлета атрымаўся вышэйшы за леташні. Па бульбе таксама — на 10—15 працэнтаў. Усё неабходнае для эфектыўнага жніва Урад і мясцовая вертыкаль стварылі, аднак і аграрыі пастараліся, працуючы самааддана, з душой: сабрана больш за сем мільёнаў тон зерня (намалочана ў сярэднім 35,7 цэнтнера з гектара). Лепшая ўраджайнасць — на Гродзеншчыне (43,2 ц/га). Завяршаюцца неабходныя пастаўкі зерня новага ўраджаю і па дзяржзаказу. А ўвогуле, без уліку кукурузы, ад працаўнікоў сяла чакаецца больш за восем мільёнаў тон зерневых (усе катэгорыі гаспадарак, у тым ліку малыя фермерскія і насельніцтва). Гэтага дастаткова, каб Беларусь забяспечыла ўласныя патрэбы як у харчовым, так і ў фуражным зерні. Ствараюцца магчымасці і для нарыхтоўкі сенажу на ўзроўні 12,5 мільёна тон кармавых адзінак, як залогу трывалай кармавой базы для жывёлы, устойлівага экспарту сельгаспрадукцыі.

Нагадаю, сучасная Беларусь поўнасцю забяспечвае сябе неабходнымі аб’ёмамі айчынных прадуктаў харчавання і не залежыць ад падобных паставак з замежжа. У мінулым годзе экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання арганізацыямі нашай краіны склаў 4154,6 мільёна долараў. Вынік нядрэнны, але і ён не мяжа.  

У 2017-м назіраецца хаця і невялікі, але вельмі значны для эканомікі рост ВУП — на 101,1 працэнта. Умацоўваецца і стабілізуецца крэдытна-грашовая сістэма, са зніжэннем інфляцыі ў гадавым вызначэнні да адназначных лічбаў. Зараз нашай краіне трэба замацаваць гэтыя пазітыўныя тэндэнцыі, з перспектывай іх развіцця на наступны год.

Тады ў нас з’явіцца не толькі хлеб на стале, але і да яго шмат чаго будзе прыкладзена...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ГОРЯЧАЯ ТЕМА: