Голь і латы сышлі з хаты

ВЁСКА Латыгаль гучная не толькі сваёй назвай і багатая на падзеі даўно мінулых дзён. Не менш цікава, але і яе навейшая гісторыя. Чаго вартыя лета і восень напярэдадні апошняга дзесяцігоддзя мінулага стагоддзя, якія выдаліся насычанымі на ўражанні ад назіраемых ці то фізічных, ці то метафізічных з’яў. Толькі і размоў было, што аб нябесных прышэльцах. Дагэтуль насельнікі Латыгалі падзяляюцца на тых, хто бачыў святлівыя шары і хто хацеў бы сустрэць НЛА, якія на працягу некалькіх месяцаў напрыканцы 80-х завісалі і лёталі над вёскай. Аднак пакуль гэта так і не адбылося. Цяпер паветраныя фантомы вяскоўцаў больш не турбуюць.

Ці захаваліся нашчадкі латгалаў на Вілейшчыне?

ВЁСКА Латыгаль гучная не толькі сваёй назвай і багатая на падзеі даўно мінулых дзён. Не менш цікава, але і яе навейшая гісторыя. Чаго вартыя лета і восень напярэдадні апошняга дзесяцігоддзя мінулага стагоддзя, якія выдаліся насычанымі на ўражанні ад назіраемых ці то фізічных, ці то метафізічных з’яў. Толькі і размоў было, што аб нябесных прышэльцах. Дагэтуль насельнікі Латыгалі падзяляюцца на тых, хто бачыў святлівыя шары і хто хацеў бы сустрэць НЛА, якія на працягу некалькіх месяцаў напрыканцы 80-х завісалі і лёталі над вёскай. Аднак пакуль гэта так і не адбылося. Цяпер паветраныя фантомы вяскоўцаў больш не турбуюць.

– КАЛЯ часу ночы мы з мужам ехалі з Селішча, — узгадвае бібліятэкар мясцовай базавай школы Любоў Вашкевіч. — Бачым над лесам, над нашым вадасховішчам плыве шар лілова-фіялетавага колеру. Мы рухаемся, і ён побач. Спачатку брала цікаўнасць, а потым ахапіў страх. Муж прыбавіў газу, каб перагнаць нечаканага спадарожніка, але толькі калі павярнулі на вуліцу ўздоўж школы, ён ад нас «адчапіўся», паляцеў прама. Калі назаўтра пачалі расказваць, дык шмат хто назіраў у розныя дні незразумелае відовішча.

Дзяўчаты нават напісалі аб паранармальных з’явах сваёй сяброўцы Алене Аксенчык, якая ў той час адпачывала на поўдні.

Адзін тутэйшы мужык краў буракі на саўгасным полі, і на табе — нібы палыхнула штосьці. Ён так перапужаўся, што кінуў амаль поўны мяшок. Потым прызнаўся, як баяўся расказаць аб гэтым выпадку, бо думаў, што са страху немаведама што прымроілася. Вось бы такіх светавартаўнікоў прыставіць да ўсяго грамадскага дабра!

Ну проста відавочнае — неверагоднае. Настаўнік гісторыі Латыгальскай школы Баляслаў Рабкоўскі мае справу толькі з матэрыяльнымі артэфактамі — іх багата ў школьным музеі.  Між тым і ён тады паддаўся на ўсеагульнае імкненне ўбачыць таямнічыя аб’екты, якія рассякалі паветраныя прасторы над мясцовымі вёскамі.

— Мыўся я неяк у лазні, — вырашыў у чарговы раз пасмяяцца над сабой Баляслаў Іванавіч. — Заўважыў, паводдаль штосьці свеціцца. Нічога не сказаўшы сваім, пайшоў паглядзець, што ж там такое. Думаю: «Прападу, дык прападу. Можа, іншапланецяне забяруць?» Дайшоў амаль да Селішча, дзе Плакса жыве, а там ліхтар ярка гарыць... Плюнуў, вось дурань, думаю, па балоце чухаў, каб хутчэй дабрацца. Вярнуўся назад, нікому нічога не сказаў, адно жонка пыталася, чаму так доўга парыўся.

УФОЛАГІ ж, якія пасля прыязджалі сюды, патлумачылі латыгальска-нясцёркаўскі феномен месцазнаходжаннем вёсак каля тэктанічнага разлому і магчымымі рэзкімі зменамі ў той час электрамагнітнага поля Зямлі.

Нічога падобнага вясковыя старажылы не памятаюць. Ніна Юльянаўна Аксенчык прыехала настаўнічаць сюды ў 1955-м (муж — з мясцовых жыхароў). Назва населенага пункта красамоўна характарызавала вясковае жыццё пасляваеннай пары: сапраўды, латы і голь.

— Бывала, прыйдзеш у хату і не зразумееш, ці там падлога пад нагамі, ці зямля, — і ў восемдзесят тры Ніна Юльянаўна можа дакладна ўказаць даты падзей, прозвішчы і імёны. Яна вельмі дапамагла былому вучню Аляксандру Плавін- скаму пры напісанні кнігі «Латыгальскі летапіс». — Некаторыя кідалі школу, бо не было ў чым хадзіць на заняткі. Настаўнікі ў пяцідзясятых гадах праводзілі заёмы ў нашых жыхароў. Зірнеш іншы раз на галечу, і сэрца заные: ну што з іх узяць? Але ў вёсцы было мнагалюдна. Тутэйшыя — народ адкрыты і дружалюбны. Аднойчы, бадай, суседзі няшчырымі былі, калі адгаворвалі нас з мужам купляць гэтую хату. Можа, самі на яе вока паклалі, бо палоска зямлі вялікая, а мо, і праўда думалі, што трухлявая. Але колькі пражыла, ні з кім не пасварылася.

Доўгі час давялося працаваць Ніне Юльянаўне з цешчай Прэзідэнта краіны Аленай Фёдараўнай Касцюковіч, якая прыехала ў гэту вёску на тры гады раней і выкладала беларускую мову і літаратуру аж да лета 1968-га. Тут яна выйшла замуж за мясцовага хлопца Радзівона. І цяпер Алена Фёдараўна тэлефануе да яе. Напрыклад, нядаўна цікавілася, як прайшоў 150-гадовы юбілей школы. Тут жа засталася яе маладосць, таму і імкнецца душа да мясцін, дзе прайшлі хоць і не вельмі заможныя, але светлыя дзянькі.

МЕНАВІТА юбілей у нейкай ступені выратаваў іх альма-матэр ад закрыцця. Дэпутат хадайнічаў аб захаванні навучальнай установы. Прыводзіў і такі аргумент: даць адсвяткаваць знакавую падзею. Хоць з сакавіка 2012 года быў выдадзены загад аб закрыцці, настаўнікі працягвалі наведваць родныя сцены. Нават насенне на клумбах пасеялі.

— Мы не ведаем, на што спадзяваліся, — прызнаецца дырэктар Алена Свячко. — І калі ў жніўні прыехала камісія прымаць гатоўнасць установы да навучальнага года, уся прышкольная тэрыторыя патанала ў кветках.

У гэтым годзе ў першы клас пойдуць чацвёра ці пяцёра шасцігодак, і колькасць дзяцей перавысіць устаноўлены, кажуць, зараз парог, які дазваляе функцыянаванне базавай школы — мець не менш як 25 вучняў. Цяпер тут у другім класе вучацца два хлопчыкі, у трэцім — дзве дзяўчынкі, у шостым — усе хлопцы, у сёмым — дзяўчаткі, у восьмым — зноў мужчынскі пол, у дзявятым — жаночы. Такая вось дэмаграфічная складаемая гэтай і бліжэйшых вёсачак. Аднак нягледзячы на неспрыяльную дэмаграфію, школу патрэбна захаваць: на вёсцы гэта адзіны культурны і духоўны цэнтр. Ды і з матэрыяльнага пункта гледжання, ці разумна закрываць (а значыць, пакідаць без гаспадара дыхтоўны яшчэ будынак) тое, у што ўкладзена столькі сродкаў і намаганняў. Дарэчы, і заказны аўтобус для падвозу дзяцей у іншую школу каштуе нятанна — каля трох мільёнаў рублёў у дзень.

Усяго на тэрыторыі Вязынскага сельсавета, куды ўваходзіць і Латыгаль з яе 90 жыхарамі, пражывае 1752 чалавекі. З іх каля 900 працаздольнага ўзросту, 600 пенсіянераў, 250 дзяцей. Прыгожыя грыбныя мясціны, блізкасць Вілейскага вадасховішча і Маладзечна з пастаянна курсіруючымі электрацяг- нікамі прывабліваюць сюды патэнцыяльных уладальнікаў лецішчаў. Разам з тым узрастае нагрузка на аб’екты інфраструктуры, заўважае старшыня Вязынскага сельвыканкама Ігар Судніковіч.

Існуюць розныя меркаванні адносна паходжання гэтай красамоўнай, хоць для Беларусі і нярэдкай назвы — Латыгаль. Адно з найбольш верагодных — ад этнонімаў Латгалія, латгалы — тэрыторыя сучаснай Усходняй Латвіі і племя, якое там некалі пражывала. Напэўна, даўным- даўно гэту зямлю аблюбаваў і балцкі народ. Латгалы доўгі час былі язычнікамі. А менавіта недалёка ад Латыгалі захаваліся, па ўсім відаць, паганскія магілы, выкладзеныя неапрацаванымі каменнямі. Раскопкі на старажытных могілках не праводзіліся, і зямля хавае яшчэ шмат таямніц. Ці ёсць жа якія іншыя доказы, што жывуць у гэтых мясцінах нашчадкі балцкага народа? А хоць бы ў падабенстве латгальскіх і паўночнабеларускіх страў. Вараны сыр з кменам, кашы з ячных круп, запраўленыя смажанай грудзінкай, гатуюць і латышы, і беларусы.

Часам і латыгальцы адпраўляліся на радзіму латгалаў за лепшай доляй. Так, на будоўлю газасховішча ўладкаваўся сын Ніны Юльянаўны Аксенчык, ды так і застаўся ў Латвіі, жыве ў Рызе.

Адну з таямніц гэтай зямлі, звязаную з Айчыннай вайной 1812 года, раскрыць ужо ўдалося. Некалькі год таму ў пясчаным кар’еры выпадкова знайшлі чарапы французскіх салдат, трапляліся і розныя рэчы, грошы. Потым тут правялі раскопкі. Знойдзеныя гузікі (больш за сто) рознай формы і памеру сведчаць аб прыналежнасці вайскоўцаў да розных палкоў арміі Напалеона. Больш за два стагоддзі курган захоўваў армейскія могілкі таго часу. Такое буйное пахаванне, больш за 200 салдат і афіцэраў, на тэрыторыі Беларусі было выяўлена ўпершыню. Знайшлі там рэшткі скураных сумак, коней, ядры, а вось абутку і стралковай зброі — не. Пасля бітвы, што адбылася ў трох кіламетрах ад Латыгалі, ахвяр якой хавалі ў кургане, мясцовыя сяляне, відаць, збіралі найбольш каштоўныя трафеі.

ПАД АШАЛЁЎКАЙ латыгальскай Свята-Мікалаеўскай царквы, якая не закрывалася на працягу некалькіх стагоддзяў і дзе адбываецца служба ў нашы дні, захаваліся сляды карцечы. Там пры адступленні начавала конніца Напалеона, а сам ён размяшчаўся ў Селішчы. Раней уздоўж старой дарогі, дзе і цяпер пралягае гравейка, стаялі гранітныя помнікі з надпісамі на французскай мове. Потым іх зруйнавалі, каменні разбілі. Кажуць, у гэтым раёне ёсць яшчэ некалькі мясцін, звязаных з разгромам Вялікай арміі. І хто ведае, якія тайны захоўваюць яны?

Ды што падзеі дзвюхвекавой даўніны — яшчэ шмат нераскрытых старонак і бліжэйшых па часе, звязаных з нямецкай акупацыяй і партызанскім рухам. Айцец Віктар Бекарэвіч адданасць сваім прыхаджанам, свайму народу даказаў і ў ваеннае ліхалецце. Святар спасаў партызан, хаваў ваеннапалонных, даставаў медыкаменты, быў сувязным партызанскага атрада, дзяліўся з вяскоўцамі апошнім. Аднойчы, калі параненыя знаходзіліся ў доме настаяцеля царквы,  пастукаліся ў хату немцы. Куды падзець нямоглых людзей? На гарышча. Бацюшка частуе гарбатай немцаў, а яго маленькая дачушка Ірынка тыцкае пальчыкам у столь: «А дзядзі там». Выкрыць патрыёта-святара маглі неаднойчы, ды толькі мужны і непахісны дух, моцная вера давалі сілы трываць небяспеку, нястачу, голад. Пасля ён скажа: «Узаемавыручка і добразычлівасць спаслі нас усіх, далі магчымасць выстаяць у тыя страшныя гады». У жніўні 2002-га Віктара Бекарэвіча не стала.

АСАБІСТЫ прыклад духоўнага падзвіжніка пакінуў свой адбітак у свядомасці мясцовых жыхароў. Ды і мноства іншых лёсаў і добрых спраў маюць след на гэтай зямлі, непасрэдна ў гэтай невялікай вёсачцы, адкуль вытокі вялікай моцы дзяржавы.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter