Усё жыццё пражыць у Беларусі — і яшчэ больш палюбіць краіну пасля прагляду невялікага відэароліка

Годнае месца

Усё жыццё пражыць у Беларусі — і яшчэ больш палюбіць краіну пасля прагляду невялікага відэароліка. Прыкладна такое эмацыйнае і нечаканае нават для самога сябе адкрыццё зрабілі нядаўна многія ў Круглай зале мінскага “Прэзідэнт-гатэля”. Убачыўшы краіну збоку вачамі прафесіяналаў — жывапіснай, душэўнай, адкрытай і вельмі прыветлівай.

Гавораць, трыццаць гадоў назад, напярэдадні эпохі разрадкі, амерыканскі прэзідэнт Рэйган перад першай сустрэчай з лідарам СССР не менш як восем разоў перагледзеў аскараносны савецкі фільм “Масква слязам не верыць”. І ўсё толькі для таго, каб спасцігнуць нашу “загадкавую душу”. Але сёння такія ахвяры — амаль 20 гадзін асабістага часу — былі б цалкам без патрэбы. Прынамсі, для тых, хто спрабуе зразумець сучасную і незалежную нашу краіну. Пяціхвілінны высокамастацкі краінавы відэаролік “Беларусь. Краіна для жыцця” — высакаякасны і надзвычай насычаны яркімі ды вядомымі вобразамі праект. У аснову аўтарскай рэжысёрскай версіі роліка леглі віды Мінска і помнікаў беларускай архітэктуры, знятыя з вышыні птушынага палёту. А таксама хараство прыроды і вобразы пазітыўна настроеных герояў розных пакаленняў у розных жыццёвых сітуацыях.

Гэтак жа вобразна прадзюсар Валерый Краўчук адзначыў, што нават у выключна друкаваным выглядзе сцэнарый гэтага міні-фільма быў на­дзвычай “смачным”:

— І наша задача была зрабіць такі ролік, каб эмоцыі са сцэнарыя перанесліся ў відэарад. Нам падаецца, што гэтую задачу мы выканалі. Але ацэньваць, вядома, гледачам.

Яго калега Уладзімір Папоў не прамінуў адзначыць яшчэ адну ўнікальнасць і знакавасць гэтага фільма:

— Гэта першы праект такога ўзроўню, зроблены цалкам — літаральна ад пачатку да канца — беларусамі. Цяпер мы маем першы нацыянальны іміджавы прадукт.

Што гэта дасць у канчатковым выніку? Як мінімум — пазнавальнасць краіны на планеце. І першыя вынікі ёсць ужо сёння. Стварэнне падобных высокамастацкіх краінавых відэаролікаў — рэч заўсёды вельмі рызыкоўная, бо на густ і колер, як вядома, адзінага меркавання можа не аказацца. Аднак у выніку апраўдаліся ўсе спадзяванні. І Міністэрства інфармацыі, якое выступіла арганізатарам праекта, не пралі­чылася. Прынамсі, міністр Лілія Ананіч бачыць, што замежныя тэлеканалы ўжо ідуць насустрач:

Папулярызуючы пры гэтым наш ролік і нашу краіну. Значыць, нас любяць і разумеюць. Не так даўно быў прэзентаваны фільм “Дыскаверы” пра Белавежскую пушчу, цяпер у фільма каля 40 тысяч праглядаў на YouTube. Цяпер новы ролік дазволіць дапоўніць, пашырыць інфармацыю пра нашу краіну за мяжой. Цікавасць да работы ўжо праявілі такія тэлеканалы, як СТС, Euronews і RTVi.

 Дарэчы, перагаворы з тэлеканалам Euronews па трансляцыі відэароліка “Беларусь. Краіна для жыцця” плануюцца на бліжэйшы час. Акрамя таго, гэты міні-фільм будзе транслявацца на нацыянальных каналах. Сам факт з’яўлення падобнага прадукту, асабліва на англійскай мове, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык лічыць вельмі своечасовым. Цікавасць да краіны ва ўсім свеце значна ўзрастае, так што іміджавы ролік будзе вельмі запатрабаваны.

Міхаіл Яўсееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter