
Спецыяліст звяртае ўвагу: пеўню падабаюцца элегантныя ўборы. Колеры варта выбраць яркія — вогненныя адценні чырвонага, аранжавага, жоўтага, залацістага, тэракотавага і… зялёнага. Зразумелая справа, што нашы мужчыны не рызыкнуць апранацца ў такія пярэстыя ўборы, таму стыліст раіць надзець касцюм, але не офіснага плана. Строгасць разбавяць яркая кашуля, нагрудная хустка або гальштук-матылёк. Дамам у плане колеру значна прасцей. Яны могуць дастаць з шафы сукенкі з пышнай спадніцай, штаны вольнага крою, камбінезоны або касцюмы са штанамі — каму што зручна. Падыдуць высакародныя і раскошныя тканіны — шоўк, карункі, аксаміт.

Усе гэтыя рэчы і матэрыялы былі актуальныя ў гэтым годзе, так што, хутчэй за ўсё, тым, хто папаўняў свой гардэроб, спецыяльна купляць нічога не давядзецца. Як і шукаць упрыгажэнні. Певень любіць метал цёплых адценняў — золата, такія ж каштоўныя камяні — брыльянты, рубіны, смарагды. Дарэчы будуць і пёры або біжутэрыя ў выглядзе іх, заколкі, брошкі.
— Неабавязкова імі захапляцца, абвешваючыся з ног да галавы, але нейкія дэталі могуць прысутнічаць. Дызайнеры загадзя падрыхтаваліся і выпусцілі масу аксесуараў, дзе абыгралі элементы сімвала надыходзячага года, — удакладняе Вольга Кійко. — А вось з моднымі паеткамі і стразамі я б рэкамендавала быць акуратней. Не варта імі празмерна захапляцца: выглядаюць уборы, абсыпаныя імі, не вельмі прывабна. Ды і большасць мужчын не ўспрымае iх станоўча. Зразумела, што на Новы год можна апранаць усё яркае, але варта ўлічыць, што Пеўню падабаюцца і элегантныя рэчы. Калі хочацца паетак, хай іх будзе няшмат.
Для заўвагі мужчынам — уладальнікам масіўных залатых ланцугоў і бранзалетаў: выстаўляць іх напаказ не трэба. Хаця б таму, што гэта не модна. А вось ланцужкі накшталт тых, на якіх раней насілі гадзіннікі і якія вешалі на пінжак, у трэндзе.
Ці так важна выконваць усе ўмовы знака года? Адказ кожны выбірае для сябе сам. Наш стыліст, напрыклад, верыць у тое, што ўбор важны і аказвае ўплыў на настрой, з якім мы сустракаем свята.

— На навагоднюю вечарыну я надзену элегантную сукенку аднаго з любімых адценняў Пеўня, яркія туфлі, бранзалеты і завушніцы цёплых адценняў. Дапоўню ўбор аб'ёмнай прычоскай і яркім макіяжам. На мой погляд, свята, якое паўтараецца з года ў год, лёгка можна ператварыць у тэматычную вечарыну, ход якой раз ад разу задае новы сімвал. Так, у свой знешні выгляд можна ўносіць разнастайнасць, падладжваючыся пад віноўніка свята. Мне здаецца, гэта як мінімум цікава, — гаворыць Вольга.
Але галоўнае, падкрэслівае стыліст, каб убор добра сядзеў і падабаўся самому ўладальніку.
druk@sb.by