2016-ы па прадказаннях многіх абяцае быць няпростым

Год культуры пачынае разбег

2016-ы па прадказаннях многіх абяцае быць няпростым. Запаволенне сусветнай эканомікі, іншыя крызісныя з’явы не пакідаюць убаку нікога. Так што трэба быць гатовым да цяжкасцяў, а яшчэ лепш знайсці для іх проціяддзе ў выглядзе прадуманых мер кіравання, смелых інавацыйных рашэнняў, адказнага падыходу да справы на ўсіх, так сказаць, узроўнях.


Што яшчэ можа згуртаваць грамадства перад цяжкасцямі? Адчуванне культурнага яднання, уздым нацыянальнай сама­свядомасці, гонар за краіну, за свой край, дзе жывыя традыцыі працавітасці, павагі да спадчыны, якую важна зберагчы для нашчадкаў. Адным словам, тая акалічнасць, што 2016-ы ў Беларусі аб’яў­лены Годам культуры, вельмі і вельмі дарэчы. Культура — у аснове якой і адукацыя, і выхаванне займаюць далёка не апошнія месцы — аб’ядноўвае людзей самага рознага ўзросту, яна яднае іх у жаданні засвойваць веды, духоўна расці. Вучыцца ніколі не позна — гэта не аксіёма, а дадзенасць, правераная часам. І ўжо што-што, а ўрокі культуры будуць як мага дарэчы.

У першым выпуску часопіса за гэты год нямала публікацый, якія раскрываюць культурны складнік як мінулых, так і маючых адбыцца падзей у краіне. Толькі адзін прыклад. Матэрыял “Ад Свіслачы да Сены” — гэта аповед пра мастака Рамана Заслонава, чыя творчасць наглядна пашырае межы беларускага выяўленчага мастацтва і робіць яе шырока вядомай як мінімум у Еўропе.

Такім краінам, як Беларусь, аб’ектыўна цяжка быць у лідарах на ніве глабальнай палітыкі. У выніку традыцый і розных вагавых катэгорый тут, несумненна, ёсць больш буйныя гульцы. Але і папракнуць у свядомай пасіўнасці нас нельга. Пра сваю пазіцыю па хвалюючых сусветную супольнасць праблемах краіна заўсёды заяўляе прынцыпова і адкрыта. Больш за тое, беларускія ініцыятывы не аднойчы гучалі з высокай трыбуны ў штаб-кватэры ААН. І знаходзілі, паміж іншым, падтрымку ў партнёраў. У цэлым, супрацоўніцтва Беларусі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый заслугоўвае таго, каб з многіх пунктаў гледжання лічыць яго канструктыўным. Гэты тэзіс, дарэчы, добра пацвярджае і актыўная, дзейная работа Прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Дастаткова зірнуць на мінулы год, каб у гэтым пераканацца. Перспектыва цяперашняга — таксама вельмі насычаная. А 2016-ы — гэта год, калі  чакаецца візіт Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Муна ў Рэспубліку Беларусь. Чытайце публікацыю “Добры зачын для новых спраў”.

А яшчэ ў гэтым выпуску часопіса “Беларусь” ёсць аповед пра амерыканца. Так, Джон Росмэн нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку. Але сваю амерыканскую мару ён рэалізаваў не ў ЗША, а ў Беларусі, дзе жыве ўжо сем гадоў. У Мінску Джон мае свой бізнес, кватэру і справу для душы — з’яўляецца адным з актывістаў веласіпеднага руху.

“Я люблю Нью-Ёрк, гэта мой родны горад. Атрымаў там адукацыю, працаваў праграмістам, нядрэнна зарабляў. Але ў нейкі момант зразумеў, што гэты горад і лад жыцця не для мяне. У Нью-Ёрку і яго наваколлях практычна адсутнічае прырода, дзе можна было б адпачыць ад гарадской мітусні. Калі чалавек хоча які-небудзь зялёны куток, ён павінен яго купіць...”.

Пра тое, як адчувае сябе амерыканец з Нью-Ёрка ў Беларусі, можна будзе даведацца ў падрабязнасцях з публікацыі “Джон Росмэн: “Спакойная, мірная і вельмі перспектыўная краіна”.

Усе хочуць, каб заўтра было лепш, чым учора. Але што трэба для гэтага зрабіць? Куды мы рухаемся як нацыя і да чаго хочам прыйсці? Адказы на гэтыя пытанні паспрабавалі даць беларускія навукоўцы. Нядаўна Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук правёў маштабнае даследаванне “Беларусь-2030”. Атрыманыя вынікі яны падагульнілі і прааналізавалі ў кнізе “Беларусь на шляху ў будучыню: сацыялагічнае вымярэнне”. Свае высновы навукоўцы рабілі на аснове вывучэння настрояў і спадзяванняў насельніцтва ў розных сферах жыцця. Якія яны, гэтыя высновы, можна даведацца з нашай публікацыі “Якой бачыцца будучыня”.

Так што чытайце і абавязкова знойдзеце нешта цікавае для сябе. Бо наш часопіс — для Вас.

Віктар Харкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter