«Год кнігі – ідэя геніяльная, ён павінен адабраць чалавека ў тэлевізара і камп'ютара»

ГЭТА газета заўжды ішла поруч з часам, адлюстроўваючы як дасягненні, так і хібы сваёй эпохі. Напрыклад, у 30-я гады ХХ стагоддзя «ЛіМ» гуртаваў пісьменнікаў дзеля стварэння новай, «пралетарскай» літаратуры, заклікаў змагацца з «ворагамі» і «шкоднікамі». Кожны выпуск «Літаратуры і мастацтва» — гэта спроба ахапіць культурныя падзеі тыдня, асэнсаваць іх, разам з чытачом задумацца пра вытокі праблем і пошук новых герояў. Менавіта так мы, чытачы, бачым «ЛіМ». Пра новыя праекты, Год кнігі, беларускамоўнасць штотыднёвіка і многае іншае — размова з галоўным рэдактарам выдання Таццянай СІВЕЦ.

Чаму галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Таццяна Сівец вядзе на радыё яшчэ і ўрокі беларускай мовы па-англійску?

ГЭТА газета заўжды ішла поруч з часам, адлюстроўваючы як дасягненні, так і хібы сваёй эпохі. Напрыклад, у 30-я гады ХХ стагоддзя «ЛіМ» гуртаваў пісьменнікаў дзеля стварэння новай, «пралетарскай» літаратуры, заклікаў змагацца з «ворагамі» і «шкоднікамі». Кожны выпуск «Літаратуры і мастацтва» — гэта спроба ахапіць культурныя падзеі тыдня, асэнсаваць іх, разам з чытачом задумацца пра вытокі праблем і пошук новых герояў. Менавіта так мы, чытачы, бачым «ЛіМ». Пра новыя праекты, Год кнігі, беларускамоўнасць штотыднёвіка і многае іншае — размова з галоўным рэдактарам выдання Таццянай СІВЕЦ.

Даведка «БН»

Таццяна Сівец нарадзілася ў 1982 годзе ў Мінску, скончыла БДПУ імя М.Танка, працавала на радыёстанцыі «Беларусь», галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». Цяпер — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Паэт, публіцыст, драматург, перакладчык.

— Вядома, што спадчына газеты-юбіляра — гэта адкрыццё новых імёнаў, багаж крытыкі, нетрывіяльны погляд на мастацтва… Які сёння «ЛіМ»?

— Сучасны! Мы думаем і пра захаванне нашага мастацтва, і пра падтрымку новых пакаленняў творцаў. «ЛіМ», як мы лічым, — гэта персанальны дарадца. Наш праект «Кніжны свет», да прыкладу, дапаможа выбраць найцікавейшую кнігу, «Бібліятэчны сшытак» распавядзе пра працу па прапагандзе айчыннага мастацкага слова, старонкі «Крытыкі» дазволяць параўнаць уласныя ўражанні ад твора з думкай дасведчанага прафесіянала. Але і гэта не ўсё! 24 паласы газеты, напоўненыя самым розным зместам: так што калі сапраўды цікавіць, чым жыве і чым жывіцца сучасная беларуская культура, то варта падпісацца на «ЛіМ». Дарэчы, як высветлілася падчас юбілейных святкаванняў, ёсць падпісчыкі, якія не здраджваюць нам ужо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Жыццё чалавека цячэ, абставіны змяняюцца, а «ЛіМ» — застаецца, і гэта не можа не цешыць, хаця накладае пэўныя абавязкі: сачыць за патрабаваннямі часу, заставацца адначасова цікавымі і актуальнымі.

— Таццяна Мікалаеўна, чым, на вашу думку, «ЛіМ» адрозніваецца ад сваіх культурна-літаратурных «калег»-выданняў?

— Тым найперш, што штотыднёвік мусіць з’яўляцца «інфарматарам». Аб’ёмы матэрыялаў невялікія, а значыць, менш вобразаў — больш зместу. Аднак і зрэагаваць газета на нейкую падзею — выхад кнігі, юбілей творцы, сустрэчу з чытачамі — можа хутка. Тое самае тычыцца і мастацкіх твораў — мы прадстаўляем аўтара невялікім абразком ці апавяданнем, а паэта — некалькімі вершамі. Таму выбіраецца лепшае, але карацейшае! Пры гэтым мы імкнемся да глыбіні крытычных і мастацтвазнаўчых артыкулаў, калі трэба, і цэлую паласу можам прысвяціць...

— «Газета творчай інтэлігенцыі Беларусі» — такі слоган газеты. Хто вашы аўтары і чытачы?

— Зразумела, што не толькі прадстаўнікі творчых саюзаў, але і настаўнікі, бібліятэкары, студэнты. Карацей, усе тыя асобы, якім неабыякавыя шляхі нашага мастацтва і літаратуры... Мы шчыра радуемся, калі гэткія ж зацікаўленыя людзі становяцца нашымі аўтарамі. Ёсць сярод іх прадстаўнікі вёскі і горада, акадэмікі і нават школьнікі. Галоўны крытэрый — талент! Калі ў артыкуле ёсць думка, то ўсё астатняе можна паправіць.

— А творчая моладзь зацікаўлена друкавацца ў «ЛіМе»? Вы, відаць, можаце правесці пэўныя паралелі, таму што нядаўна самі кіравалі «Маладосцю»…

— Ёсць такая традыцыя ў беларускіх літаратурных выданнях: творы самых маленькіх аўтараў друкуе «Вясёлка», школьнікаў — «Бярозка», студэнты прыходзяць у «Маладосць». Ну а тых, хто ўжо прайшоў праз гэтыя «ўніверсітэты», прымаюць да сябе «ЛіМ», «Нёман», «Полымя»... Але гэта не азначае, што наша газета праігнаруе таленавітага дэбютанта. Наадварот, мы публікуем творы маладых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, а «Маладосці» раім звярнуць на іх пільную ўвагу. Дарэчы, сувязі з часопісам для моладзі ў нас — трывалыя. Мы не толькі робім агляды нумароў, але і адсочваем на яго старонках будучых зорак айчыннага пісьменства, запрашаем іх да нас. Нягледзячы на канкурэнцыю з боку Інтэрнэту, моладзь лічыць за гонар убачыць свае радкі на старонках «ЛіМа».

— У «ЛіМа» ўсталяваны цесныя стасункі з айчыннымі пісьменнікамі. Наколькі актыўна «варушацца» ў гэтым сэнсе пісьменнікі з правінцыі?

— Саюз пісьменнікаў Беларусі — не толькі адзін з нашых сузаснавальнікаў, ён наш надзейны сябра. Ведаючы пра рэдакцыйныя клопаты, творчая арганізацыя да юбілею падарыла нам добры камп’ютар з прынтарам. Але ўсё ж галоўнае для нас, што пісьменнікі заўжды імкнуцца дапамагчы, прыносяць свае артыкулы пра ўласныя выступленні, падказваюць тэмы, запрашаюць на імпрэзы і дзеляцца прафесійнымі сакрэтамі. Прадстаўнікі абласных аддзяленняў СПБ таксама не абдзеленыя ўвагай, але хацелася б, каб яны самі праяўлялі ініцыятыву — прадстаўлялі сябе і свае кніжкі, расказвалі пра падзеі ў сваім рэгіёне, далучаліся да нашых абмеркаванняў.

— Дарэчы, звернемся да сумеснага праекта «ЛіМа» з Нацыянальнай кніжнай палатай Рэспублікі Беларусь «Кніжны свет». Эксклюзіўныя рэцэнзіі, кніжныя агляды, навінкі кнігавыдання — у чым жа галоўная «фішка»?

— Гэты праект мае для нас асаблівае значэнне. Менавіта яго мы вырашылі падаваць на нацыянальную прэмію «Залатая ліцера». Тут ёсць усё — і кніжныя навінкі, і агляды, і інтэрв’ю з выдаўцамі, і нават хіт-парады кніг! Магчыма, з часам гэты праект перарасце ў нешта большае. Але пакуль мы радыя, што на старонках «Кніжнага свету» ў «ЛіМе» можна даведацца пра самыя цікавыя прапановы айчыннага кнігадруку.

— Асабліва «Кніжны свет» актуальны ў Год кнігі…

— Правядзенне Года кнігі — ідэя геніяльная ў сваёй прастаце. Здаецца, усе ведаюць, што трэба чытаць, што ў нас ёсць добрая літаратура, цікавыя творы. Але калі чалавеку не нагадваць пра гэта, ён будзе абіраць тэлевізар і камп’ютар як больш лёгкія шляхі атрымання інфармацыі і асалоды. Акрамя таго, Год кнігі засяродзіць увагу і на саміх пісьменніках, павысіць іх ролю ў жыцці грамадства. Ужо зараз можна адзначыць, што айчынныя творцы сталі часцей з’яўляцца на экранах, да іх думкі звяртаюцца і аўтары радыёперадач. Гэта цудоўная традыцыя, якую мы не страцілі, — давер да пісьменніцкага слова... Дарэчы, творцам сапраўды ёсць, што сказаць!

— Чым «ЛіМ» здзівіць у гэты незвычайны год ушанавання друкаванага слова і літаратуры?

— Да Года кнігі мы рыхтуем партрэты нашых сучасных пісьменнікаў, збіраем матэрыялы пра творцаў-юбіляраў, кожнаму з якіх будзе прысвечана асобная рубрыка на працягу года і, канечне ж, юбілейны нумар. Спадзяюся, што ў кожным «ЛіМе» будуць свае адкрыцці: новыя імёны і кнігі. Дарэчы, нашыя літаратурныя музеі паабяцалі падзяліцца з намі расповедамі пра некаторыя скарбы са сваіх фондаў, Інстытут журналістыкі таксама дапамагае — шмат моладзі, натхнёнай і падрыхтаванай, прыходзіць да нас са сваімі ідэямі. Хацелася б стварыць пры «ЛіМе» Клуб маладога журналіста, каб можна было адразу вызначацца з будучымі супрацоўнікамі, пакуль іх яшчэ не паспелі перахапіць канкурэнты (смяецца).

— «ЛіМ» слыве актыўным прапагандыстам нацыянальнай мовы і культуры. Ці сапраўды гэта так, як вы лічыце?

— Так было 80 гадоў таму і так будзе заўсёды! Бо без культуры ў нацыі няма шанцу на існаванне ў будучым. Найбагацейшая айчынная літаратура, мастацтва нашае дазваляюць нам годна прадстаўляць Беларусь сярод іншых у свеце. Калі ў беларускай амбасадзе ў Лондане днямі адкрылася выстаўка нашых ручнікоў і касцюмаў, то яна адразу прыцягнула да сябе ўвагу сваёй самабытнасцю, арыгінальнасцю, непаўторнасцю. Калі на замежным вяшчанні беларускага радыё (радыёстанцыя «Беларусь») гучаць «Урокі беларускай мовы па-англійску», якія я вяду ўжо амаль пяць гадоў, і нашую мову імкнуцца вывучаць немцы, амерыканцы, украінцы, то нам сапраўды ёсць чым ганарыцца і што перадаць нашчадкам.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота Кастуся ДРОБАВА і з  архіва «ЛіМа»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter