Пра некаторыя факты з жыцця нарвскай суполкі беларусаў

Глыток паветра з Бацькаўшчыны

Пра некаторыя факты з жыцця нарвскай суполкі беларусаў


Гэтай вясной Нарву наведала здымачная група тэлеканала Беларусь-1. Журналісты пабывалі і на рэпетыцыі гурта беларускай песні, які дзейнічае пры Нарвскім таварыстве “Сябры”. Спецкарэспандэнт Андрэй Лапцёнак пагутарыў са спевакамі, узяў інтэрв’ю ў старшыні таварыства Людмілы Аннус.


Тэлежурналіст Андрэй Лапцёнак  з беларускамі Нарвы

Зносіны з Андрэем на беларускай мове — гэта для нас як жыватворны глыток паветра з Бацькаўшчыны! Пасля здымак мы частавалі гасцей гарбатай з пірагамі, выпечанымі па беларускіх рэцэптах. Цяпер, дарэчы, тэлесюжэт можна знайсці ў відэаархіве на сайце тэлеканала: эфір быў 29 красавіка.

Сёлетні красавік цікавы і тым, што мы паглыбілі творчыя кантакты з таварыствам эстонцаў “Калью” — яно дзейнічае ў суседнім горадзе Нарва-Йыэсуу з 1992 года, кіраўнік Тыйу Тоом. У нашых суполак, можна сказаць, аднолькавыя мэты: зберажэнне і пашырэнне сваёй нацыянальнай культуры. Знаёмства таварыстваў адбылося ў лютым 2002-га ў Нарва-Йыэсуу: “Сяброў” запрасілі ў госці. Плённай была размова з актывістамі “Калью”, цікавым атрымаўся канцэрт, а потым і застолле з эстонскімі ды беларускімі традыцыйнымі стравамі, якое завяршылася супольным вывучэннем эстонскіх танцаў.

І хоць толькі 13 кіламетраў паміж Нарвай і Нарва-Йыэсуу, але чарговая сустрэча актывістаў “Калью” ды “Сяброў” адбылася толькі праз 13 гадоў: 30 красавіка ў нарвскім Доме народаў. Спачатку мы паказвалі слайд-падборку пра жыццё “Сяброў”, краявіды і памятныя месцы Беларусі. Затым мы віншавалі імяніннікаў красавіка, уручалі ім кветкі, памятныя падарункі. Пасля — міні-канцэрт. Вядомыя беларускія песні ды эстонскія з рэпертуару Георга Отса, 95-годдзе якога адзначаецца сёлета, гучалі ў выкананні “Сяброў” і “Калью”. Затым за святочным сталом мы частавалі гасцей беларускімі стравамі. І зноў гучалі песні, ужо вясёлыя і заліхвацкія, на эстонскай і беларускай мовах. На развітанне дамовіліся: у чарговы раз сустрэнемся з эстонскімі сябрамі ў жніўні ў Нарва-Йыэсуу: там будуць традыцыйныя Дні горада.

Віктар Байкачоў, намеснік старшыні праўлення таварыства “Сябры”, Эстонія
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter