Глыбокае мастацтва — у Глыбокім. Гран-пры міжнароднага фестывалю “Magnificat-2010” атрымаў фільм “Дзённік горнага святара” італьянскага рэжысёра Стэфано Саверыёні.

Традыцыйным ударам кінематаграфічнай хлапушкі і словамі “Magnificat” — дубль 6” пачаўся чарговы Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм. Шосты раз рэжысёры розных краін і канфесій прывезлі ў Беларусь кінастужкі на рэлігійную тэматыку, жадаючы, як заўсёды, звярнуць увагу свецкіх людзей на праблемы евангелізацыі і захоўвання агульначалавечых каштоўнасцей.

Традыцыйным ударам кінематаграфічнай хлапушкі і словамі “Magnificat” — дубль 6” пачаўся чарговы Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм. Шосты раз рэжысёры розных краін і канфесій прывезлі ў Беларусь кінастужкі на рэлігійную тэматыку, жадаючы, як заўсёды, звярнуць увагу свецкіх людзей на праблемы евангелізацыі і захоўвання агульначалавечых каштоўнасцей.

— Дэвіз нашага фестывалю “Ut unum sint!” — “Каб усе былі адно”, — расказаў яго старшыня Юрый Гарулёў. — Гэта значыць, і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты жывуць на “Magnificat” адной сям’ёй.
Фестываль нарадзіўся на Глыбоччыне па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі, часопіса “Дыялог”, студыі “Стоп-кадр” і каталіцкай асацыяцыі “Signis—Беларусь”. Прапіскі ніколі не мяняў: падарожнічаў па Глыбокім, Удзеле і Івесі. А сёлета рамкі расшырыў — на дзень прыехаў у Мінск.
— Гэта дало магчымасць яго ўдзельнікам  не толькі пазнаёміцца са сталіцай Беларусі, але і адчуць зацікаўленасць дзяржавы пытаннямі рэлігіі і духоўнасці, — лічыць упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка.
Тое, што фестываль сёлета стартаваў у Мінску, звязана і з юбілеямі, якія адзначаюць мінскія святыні: трохсотгоддзем кансэкрацыі архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і стагоддзем Чырвонага касцёла.
За гісторыю існавання кінафоруму ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 270 творчых работ з 25 краін. З кожным годам геаграфія фестывалю расшыраецца. Сёлета ў ім удзельнічалі рэжысёры з пятнаццаці краін: ад суседніх Літвы і Украіны да далёкіх Аўстраліі і Індыі. Сярод дэбютантаў — Іспанія і Англія.
Дакументальныя і анімацыйныя фільмы, тэлепраграмы, якія ўвайшлі ў праграму фестывалю (усяго 43 работы) закранулі найбольш важныя пытанні духоўнасці і рэлігіі, расказалі пра шляхі навяртання да веры і прапанавалі, якім чынам можна захаваць хрысціянскія каштоўнасці. У цэнтры кадра былі храмы,  святары і простыя людзі.
— “Magnificat” — вялікая падзея для хрысціян Беларусі і замежжа, — лічыць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Ні ў адной постсавецкай краіне не праводзіцца падобнага фестывалю. Сённяшні свет немагчыма ўявіць без сродкаў масавай інфармацыі. Нам трэба выкарыстоўваць магчымасці тэлебачання, радыё, кіно, інтэрнэту. Яшчэ Ян Павел ІІ казаў: “Не бойцеся новых тэхналогій”. Адзінае — важна навучыцца размяжоўваць добрае і благое, сапраўднае і падробнае.
Кшыштаф Жураўскі, рэжысёр польскага тэлебачання, у “Magnificat” удзельнічаў трэці раз.
— Фестываль цікавы тым, што я маю магчымасць сустрэцца з людзьмі розных нацыянальнасцей і канфесій, пазнаёміцца з іх культурай, — падзяліўся польскі рэжысёр. — Асаблівую ўвагу звяртаю на фільмы праваслаўных. Мне, католіку, цікава пазнаць іх разуменне духоўнасці.
Па выніках конкурсу лепшым дакументальным фільмам міжнароднае журы прызнала грузінскі “Прытулак” Роланда Барашвілі. Лепшай тэлепраграмай стала “Блакадная Вера” расійскіх рэжысёраў Марыяны Біруковай і Інакенція Іванова. Гран-пры міжнароднага фестывалю атрымала італьянская кінастужка “Дзённік горнага святара”. Фільм пераносіць гледача ў парафію Філіпа Ланчы. Яна не падобная да іншых. Маленькія, закінутыя вёскі сярод заснежаных гор. Складаныя ўмовы жыцця мясцовых жыхароў. Але, нягледзячы ні на што, людзі маюць багатыя традыцыі, а малады няўрымслівы святар, пераадольваючы ўнутраныя супярэчнасці, пачынае разумець сябе і свае адносіны з Богам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter