Глыбокі след у гісторыі. Глыбоцкі раён мае надзвычай цікавую гісторыю.

У які бок ад Глыбокага ні скіруеш свой погляд — усюды дзіўныя сустрэчы, мясціны, звязаныя са знакамітымі людзьмі і унікальнымі з’явамі прыроды. Тут, у Празароках, радзіма заснавальніка беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага, пакінулі свой след у гэтых месцах мастак Язэп Драздовіч і пісьменнік Тадэуш Даленга-Мастовіч, па раману якога знята папулярная кінастужка “Знахар”. А якія помнікі архітэктуры і дойлідства ўпрыгожваюць глыбоцкія краявіды?! Узоры сусветнай прыгажосці. Шчодра надзяліла гэты край і сама прырода. У глыбіні лугоў і лясоў дыхае самае глыбокае возера Беларусі — Доўгае, праз ланцужок звязаных адно з адным азёр можна выйсці на возера Гінькава, на беразе якога схаваліся унікальныя для нашай краіны карставыя пячоры.  Колькі паданняў пра гэтыя мясціны перадаюць з пакалення ў пакаленне, і колькі яшчэ загадак утойвае невычарпальная глыбоцкая зямля...

У імя святой Тройцы

Троіцкі касцёл у Глыбокім размешчаны ў гістарычным цэнтры горада на плошчы 17 верасня. Яго заснаваў Язэп Корсак, былы ўладальнік палавіны мястэчка. Сучасны мураваны храм пабудаваны ў 1764—1782 гг. у стылі сталага барока. На адным са слупоў да 1905 года быў умураваны партрэт фундатара. У ХVІІІ стагоддзі касцёл быў дамінантай гандлёвай плошчы і драўлянай жылой забудовы. У пачатку ХХ стагоддзя перабудаваны і пашыраны.
Галоўны алтар — магутнае двух’яруснае архітэктанічнае збудаванне, завершанае скульптурна-ляпным пано “Глорыя”.
Фасады сучаснага праваслаўнага сабора і каталіцкага касцёла скіраваны так, быццам глядзяць адзін на аднаго. Муры, узведзеныя выдатнымі дойлідамі, маўкліва сведчаць: паміж небам і зямлёй, на Беларусі, Бог жыве.

Дзе ўзвышаецца душа чалавека

Паглядзець на хараство Мосарскага касцёла едуць з усіх куткоў планеты. Тут вакол святыні і далёка за межамі касцёльнай тэрыторыі створаны дзіўны парк, які прызнаны помнікам прыроды і гісторыі.
Культурна-дэндралагічны комплекс вёскі Мосар аб’ядноўвае касцёл св. Ганны, пабудаваны ў 1792 годзе ў стылі ранняга класіцызму, парк са скульптурнымі кампазіцыямі, алеямі і экзатычнымі кветнікамі. Аўтар унікальных дызайнерскіх рашэнняў — ксёндз-пралат Ёзас Булька, які з 1990 года клапоціцца пра духоўны стан сваёй парафіі і прыгажосць навакольнага свету ў Мосары. Першай скульптурай, якая трапляецца на вочы наведвальнікам Мосара, з’яўляецца статуя святога Яна Хрысціцеля, і гэта невыпадкова: штогод 24 чэрвеня многія жыхары Глыбоцкага раёна з’язджаюцца сюды на свята Яна. Яно — галоўнае ў Мосарскім касцёле. Да глыбокай восені тут квітнеюць сажалкі і клумбы, спецыялісты налічылі каля 200 відаў экзатычных раслін.
На мосарскіх могілках устаноўлена пяціметровая фігура Хрыста. А каля касцёла святой Ганны закладзена алея цвярозасці. Ксёндз Ёзас Булька вядомы барацьбіт з п’янствам, стварыў першы ў Беларусі антыалкагольны музей, куды мясцовыя “самагоншчыкі” здалі свае апараты.
Шматлікія турысты і пілігрымы называюць Мосар беларускім Версалем.

На радзіме вечнага вандроўніка

Галубіцкая пушча не менш вядомая, чым Налібоцкая ці Белавежская. Адзінае, чаго ў ёй не стае — дык гэта зуброў. Але ёсць іншыя адметнасці. На плошчы 15,7 тысячы гектараў лясоў хвойнага і змешанага тыпаў, водна-балотных угоддзяў біёлагі налічылі дзесяткі відаў рэдкіх прадстаўнікоў флоры і фауны, занесеных у Чырвоную кнігу. Тут ходзіць буры мядзведзь і гняздуюцца скапа і вялікі бугай. Пушча суседнічае з Бярэзінскім біясферным запаведнікам.
На ўскрайку Галубіцкай пушчы ў засценку Пунькі нарадзіўся жывапісец і графік Язэп Драздовіч, якога назвалі “вечным вандроўнікам”. Ён абышоў усю Заходнюю Беларусь, збіраючы каштоўнасці і рэшткі старой культуры свайго народа. Фалькларыст. Этнограф. Краязнаўца. Асветнік. Але найбольш вядомы нашчадкам як мастак, які пакінуў ці не ў кожнай хаце, дзе спыняўся, маляванку (дыванок, пісаны алейнымі фарбамі), пачынальнік касмалагічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. На Глыбоччыне і пахаваны апантаны творца, на могілках у Ліплянах, на ўскрайку Галубіцкай пушчы. Пад старой сасной стаіць невялічкі помнік з барэльефам твару мастака і гадамі жыцця: 1888—1954.

Пад скляпеннямі сабора

Кафедральны сабор Раства святой Багародзіцы ў Глыбокім захоўвае нямала таямніц сваёй гісторыі яшчэ з часу манахаў-кармелітаў, якія былі заснавальнікамі храма. У 1636—1654 гадах на сродкі старасты Язэпа Корсака быў пабудаваны каталіцкі кляштар і касцёл. Пры кляштары кармелітаў былі вучылішча, прытулак для бедных, бібліятэка на 3 тысячы тамоў, аптэка. Вышынёй 50 метраў культавы будынак уразіў нават французскага імператара Напалеона Банапарта, які ў 1812 годзе прыпыняўся ў Глыбокім. Пасля паўстання 1863 года царскі ўрад закрыў кляштар, будынак касцёла перадаў праваслаўным. Будынак у стылі віленскага барока быў дапоўнены пятым купалам і набыў адпаведны праваслаўны выгляд. Галоўная святыня храма — абраз Багародзіцы са святой гары Афон. Ён быў дастаўлены ў Глыбокае ў 1911 годзе з Грэцыі і з’яўляецца цудадзейным.
Зараз, калі праводзіцца добраўпарадкаванне ў вялікіх падвальных памяшканнях сабора, знаходзяць дзесяткі чарапоў і костак людзей, захаваных пад храмам пры невядомых абставінах.
Краязнаўцы ведаюць, што пад будынкам храма былі вельмі вялікія, з магутнымі сценамі і скляпеннямі шырокія падземныя хады. Ёсць версія, што яны злучаліся не толькі з падзямеллямі парафіяльнага храма, якія знаходзіліся на адлегласці 200 м, але і цягнуліся да Беразвечча (3 км).

Павел Сухі

У Глыбокім нарадзіўся генеральны канструктар, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, аўтар больш за 50 тыпаў самалётаў Павел Восіпавіч Сухі.
У СШ № 1 дзякуючы намаганням настаўніцы Тэрэзы Эдуардаўны Рабіза сабраны багацейшы матэрыял і створаны музей Паўла Сухога. Будучы генеральны канструктар нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў Глыбоцкага народнага вучылішча ў 1895 годзе. Праз чатыры гады Сухія пераехалі з Глыбокага ў Гомель. Доўгі час сапраўднае месца нараджэння гэтага геніяльнага чалавека трымалася “пад сакрэтам”, бо Глыбокае да 1939 года заставалася ў Заходняй Беларусі. Але ўрэшце “грыф сакрэтнасці” быў зняты і беларусы даведаліся пра сапраўднае месца нараджэння стваральніка легендарных знішчальнікаў. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны самалёты маркі “Су” ўдзельнічалі ў баявых аперацыях.
Перад уездам у горад стаіць на пастаменце “Су-17”. Глыбачане ганарацца сваім земляком, авіятэхніка якога дагэтуль пакарае паветраныя прасторы пятага акіяна.

Каралеўства сусветнай флоры

У дэндралагічным садзе Глыбоцкага вопытнага лясгаса сабрана больш за паўтысячы разнастайных дрэў і хмызняковых раслін з усяго свету: Далёкага Усходу, Цэнтральнай Азіі, Паўночнай Амерыкі, поўдня Расіі, Заходняй  Еўропы. Тут вы ўбачыце і елку сербскую, і тую клонавідную, і бярозу карэльскую, і арэх грэцкі, і шыкоўныя рададэндраны. Ствараў сад на плошчы 8,2 гектара інжынер лясных культур Віктар Антонавіч Ламака. Усё сваё жыццё ён прысвяціў гэтай справе. Пражыў 90 год. У наступным годзе Глыбокае адзначыць 100-годдзе заснавальніка унікальнага саду, якому прысвоена званне ганаровага грамадзяніна горада.

Глыбей не бывае

Сярод 106 азёр Глыбоцкага раёна, ды і наогул — 10 тысяч азёр Беларусі, Доўгае вызначаецца якраз не сваёй даўжынёй, а глыбінёй. 53,7 метра — афіцыйны рэкорд глыбіні возера. Больш нідзе такога не знойдзеце.
Возера плошчай 2600 га і даўжынёй 6 кіламетраў аб’яўлена гідралагічным заказнікам, а знаходзіцца ў 32 кіламетрах ад райцэнтра каля вёсак Зябкі, Доўгае, Заазёрная.
Калі вы вырашыце акунуцца ў возеры, спачатку адчуеце прыемнае пясчанае дно. Дзе-нідзе каля берагоў на дне пападаюцца і валуны. Але вось на глыбіні ўжо 10—15 метраў пяскі змяняе гліна. У самай глыбакаводнай частцы возера дно высцілае гліністы іл.
У вадаёме водзіцца акунь, плотка, лешч, судак, шчупак, краснапёрка і нават вугор. Аднак прамысловая лоўля рыбы ў заказніку забаронена. Паміж возерам і рэчкай Даўжанкай месціцца маляўнічы куточак — Галубаў сад. Калісьці на высокім узгорку тут стаяў панскі палац, побач з якім пышна цвілі бэз і гартэнзіі. У часы Першай сусветнай вайны тут праходзіла лінія фронту, сядзіба была зруйнавана. У 20-я гады мінулага стагоддзя на ўрадлівых землях мясцовы купец і аграном Канстанцін Галуб вырошчваў клубніцы і гародніну.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter