Находки археологов в Давид-Городке привели к неожиданным выводам

Глыбінная сутнасць

Адкуль з'явіліся славяне? Гэтае пытанне даўно цікавіць як даследчыкаў, так і простых грамадзян. А раптам яны паходзяць менавiта з нашай краіны, майго горада, сяла, лесу бліз суседняй рэчкі? Як гаворыцца, дробязь, але прыемна. Доўгі час гэтая інфармацыя інтэрпрэтавалася так, як было зручна. Нават з налётам палітызацыі. А што наконт прарадзімы славян думаюць нашы навукоўцы? Разабрацца ў пытанні «Р» дапамагла навуковы супрацоўнік аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Ганна Бяліцкая.

У археолагаў шмат памочнікаў. Напрыклад, калектыў сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка.

Часам вяртацца карысна

Размова пачынаецца з разгляду фотаздымкаў. Пункціры, крыжыкі — не, гэта зусім не гульня. Тут, у раскопе на беразе ракі Гарынь бліз Давыд-Гарадка, сёлета даследчыца знайшла рэшткі старажытнага жытла.

— Вось тут, — тлумачыць Ганна Бяліцкая, — быў уваход. Там, дзе кружок, запальвалі ачаг. Там, дзе чорная стрэлка, мы знайшлі фрагмент жалезнай фібулы з падвязанай ножкай. Знаходкі нам расказалі, што пабудавана жытло ў межах ІІ—ІІІ стагоддзяў.

Але галоўны сюрпрыз чакаў Ганну Бяліцкую за дваццаць метраў на поўнач. Цікава, што капаць тут даследчыца пачала яшчэ шаснаццаць гадоў таму:

— Пачала даследаваць месца з 1989 года. Але тады нічога цікавага не знайшла. Шурфанула на краі кар'ера — думаю, пагляджу, што тут цікавага. А там — літаральна дзесяць кавалачкаў ляпной керамікі. Я падумала: не густа! І вырашыла перабрацца на другое месца.

Але ж у 2015-м надумала вярнуцца. Чаму? Па-першае, каб паспрабаваць даказаць, што Палессе ў тыя часы было населеным. І не існавала, як доўгі час лічылі некаторыя даследчыкі, «белых плям» у гісторыі гэтага кутка Беларусі. І ўпартасць археолага была ўзнагароджана. Яна знайшла яму паўквадратнай формы з напластаваннямі вогнішчаў:

— Мяркуючы па ўсім, гэта было месца язычніцкіх ахвярапрынашэнняў. Датуецца комплекс канцом I стагоддзя нашай эры — пачаткам ІІІ стагоддзя. Мы знайшлі там косткі жывёл, абломкі ляпной керамікі, крамянёвыя адшчэпы, фрагменты жалезных нажоў, шмат упрыгажэнняў, сярод якіх посахападобная шпілька з жалеза, падковападобная фібула з бронзы з выемчатай эмаллю белага і чырвонага колераў, пярсцёнак. Каля ахвярнага аб'екта выявілі дзве ямы для выпальвання драўнянага вуглю, які выкарыстоўвалі ў якасці паліва для язычніцкіх рытуалаў. Дык вось, падковападобная фібула датавала час знаходкі — позні перыяд зарубінецкай культуры. Не постзарубінецкай, а познезарубінецкай. Гэта вельмі прынцыпова. І таму, што, згодна з даследаваннямі апошніх дзесяцігоддзяў, менавіта познезарубінецкія старажытнасці сталі асновай для фарміравання раннеславянскай пражскай культуры.

Палешукоў прагналі камары?

Існуе, як мінімум, дзве тэорыі адносна таго, ці было жылым Прыпяцкае Палессе ў старажытнасці — з канца І тыс. да н.э. — першай палове І тыс. н.э. Там жа шмат вады, камароў і іншыя непрыдатныя для чалавека ўмовы, аргументуюць некаторыя. Гэта менавіта думка гараджан, усміхаецца Ганна Бяліцкая:

— Па іх меркаванні, плямёны то засялялі гэтыя мясціны, то раптоўна знікалі. І наогул у 1970-я гады ленінградскія вучоныя распрацавалі канцэпцыю аб знікненні насельніцтва і спусташэнні Прыпяцкага Палесся ў другой палове I—VІ cтагоддзяў. Як быццам усе пяць стагоддзяў і не было тут нікога.

Так схематычна выглядае старажытнае жытло, якое Ганна БЯлІцкаЯ знайшла ў раскопе на беразе ракі Гарынь бліз Давыд-Гарадка.

Другая група даследчыкаў казала: не, гэта зусім не так! Бо археалагічныя і этнаграфічныя даныя сведчаць аб высокай ступені прыстасаванасці мясцовага насельніцтва да розных прыродных з'яў. Ніколі паводкі з высокай вадой палешукі не разглядалі як бедства. Насельніцтва цэлымі паселішчамі перамяшчалася на лодках і плытах на больш высокія месцы, лавіла рыбу і кармілася ёй. І наогул ва ўсе часы, як толькі палешукі адчувалі нейкую пагрозу, яны сыходзілі ў лясы і балоты — і ім было там някепска.

Першым выказаў такую думку беларускі даследчык Леанід Побаль. Але ж, нягледзячы на яго працы, гэтай тэорыі не давяралі і адпіхваліся ад яе, як маглі. Гэта былі далёкія 1970-я гады. Чаму так атрымлівалася? Па словах Ганны Бяліцкай, існавала шмат прычын. І адна з іх — у тыя часы многія працы абагульняліся, у іх уваходзілі не ўсе даследаванні. Так і Палессе ў старажытнай гісторыі лёгкім росчыркам пяра ператварылася ў неабжытую зямлю.

«Сцяклі» па плыні Чорнага мора

Але ж гістарычныя знаходкі і тых часоў, і гэтых кажуць, што было зусім не так. Больш за тое, на Прыпяцкім Палессі, Верхнім і Сярэднім Падняпроўі знаходзілася своеасаблівая калыска зарубінецкай культуры, так бы мовіць, пракультуры славянскай. Словам, размяшчалася насельніцтва на выгадных, стратэгічна важных шляхах да Чорнага мора, дзе стаялі антычныя гарады. Паселішчы ўтварыліся падчас магутных культурных імпульсаў з боку кельтаў, якія рассяліліся на тэрыторыі Закарпацця:

— Гэта быў жалезны век, а кельты вызначаліся майстрамі ў вытворчасці жалезных і бронзавых вырабаў. І раней палескія землі перажывалі вялікі ўплыў на сваю культуру. З захаду — з боку кельтаў, з поўдня — з антычных гарадоў. Так і сфарміравалася зарубінецкая культура з яе вытанчаным характарам, якая потым з палескіх земляў распаўсюдзілася на Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе. Так бы мовіць, «сцякала» па плыні Чорнага мора.

Так доўжылася да часу ўзмацнення Рымскай імперыі. І вось тады, лічаць некаторыя, насельніцтва зарубінецкае знікла. Але ж, па словах Ганны Бяліцкай, і гэта не так. Яно адаптавалася да новых умоў. Вакол было неспакойна: готы рушылі з берагоў Балтыкі да Чорнага мора, качэўнікі на поўдні пагражалі насельніцтву Сярэдняга Падняпроўя. На шэрагу археалагічных комплексаў у Прыпяцкім Палессі можна прасачыць адгалоскі тых ці іншых падзей у выглядзе рэчавых знаходак ці арнаментальных матываў.

А вось змяншэнне прэса Рымскай імперыі пацягнула за сабой міграцыйныя працэсы. Тады праславяне пайшлі асвойваць новыя тэрыторыі. Да сярэдзіны VI стагоддзя яны ўжо былі ў Польшчы, Славакіі, на Балканах і ўскрайках германскіх земляў. Нават і зараз у Брандэнбургу ёсць цэлы шэраг славянскіх назваў. Сярод іх крэпасць Радуш, возера Ліпніцкае і гэтак далей.

Але кропку ў даследаваннях зарубінецкай культуры і праславян ставіць рана, упэўнена даследчыца. Таму ў яе шмат планаў: 

— Пакуль будзе дапамога, а нас падтрымліваюць прадстаўнікі Столінскага райвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, ВНУ, сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка пад кіраўніцтвам Сяргея Трухнаўца, будзем працаваць. Ідзём да мацерыка. Напрыклад, у суседніх Бярэжцах неяк пад адной хатай знайшлі другую, больш раннюю. А зараз нават не прайшлі ўзровень падлогі. Будзем рухацца ў бок сакральнага аб'екта. Але ж, на жаль, многае страчана — там зараз кар'ер.

КАМПЕТЭНТНА

Вадзім ЛАКІЗА, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН:


— Распрацоўкі наконт гісторыі славян у краіне вядуцца не адзiн год. I тое, што на тэрыторыі Палесся першыя з іх з'явіліся на 200 гадоў раней, чым думалася, ужо даказаны факт. І некаторыя з такіх напрацовак, напрыклад даследаванні могільніка каля вёскі Малы Малешаў Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны і славянскіх паселішчаў тут жа, каля вёсак Бярэжцы і Яськавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці, нават трапілі ў мінулым годзе ў топ-10 Акадэміі навук. Сёлета праца прадоўжылася, і ўжо даказана, што першыя славяне паходзяць менавіта з тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Будзем працаваць у гэтым напрамку і далей.

Што тычыцца фінансавання такіх даследаванняў, я неаднойчы казаў, што археолагі не ставяць мэты раскапаць усе помнікі. Але ж у цэлым выдзеленых бюджэтных сродкаў на археалагічныя даследаванні, каб рухацца наперад, хацелася б мець больш. У тым ліку на развіццё спецыяльных метадаў, набыццё адмысловага абсталявання для археалагічных пошукаў і аналізаў. Разам з тым павінна актыўна развівацца грантавая і праектная сістэма выдзялення сродкаў пад канкрэтныя даследаванні. Для фінансавання важнейшых археалагічных экспедыцый Міністэрству культуры, Акадэміі навук, аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму варта праводзіць адмысловыя конкурсы. Каб археолагі і акадэмічныя, і вузаўскія маглі падаць заяўку і праз конкурс атрымаць гранты на арганізацыю некалькіх экспедыцый. Такая сістэма працуе, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі, Польшчы. У нас жа спецыялізаваных фондаў для археалогіі няма. Атрымліваецца часам, што «чорныя капальнікі» аснашчаны лепш, чым нашы археолагі. Гэта няправільна. Так, нам шмат хто дапамагае. Школы, ВНУ, зацікаўленыя людзі. Але дапамога дзяржавы ў правядзенні даследаванняў таксама лішняй не стала б. Значна больш у краіне павінна быць і археолагаў. Неабходна мэтавая падрыхтоўка такіх спецыялістаў ва ўніверсітэтах, магістратуры, і самае галоўнае — дзяржаўнае запатрабаванне археолагаў для працы ў кожным з нашых 118 раёнаў і абласных цэнтрах краіны.

У ТЭМУ



А нядаўна, падчас раскопак паселішча перыяду сярэдняга і позняга неаліту і бронзавага веку, якое знаходзіцца каля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебшчыны, навукоўцы выявілі рэдкі амулет у форме галавы змяі.

arteaga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter