Метростроевцы уже приступили к отделке трех новых станций – «Ковальская слобода», «Площадь Франтишка Богушевича» и «Вокзальной»

Глыбiнная сутнасць падземкi

Трэцюю лінію метро будуюць кругласутачна і без выхадных. Паралельна ідуць аддзелачныя работы на чатырох станцыях, якія будуюцца, і рыхтуюцца пляцоўкі для будаўніцтва яшчэ трох станцый. Больш за 2 тысячы рабочых і інжынераў у гэтыя дні працуюць з асаблівым энтузіязмам, бо на гэтым тыдні «Мінскметрабуду» спаўняецца 40 гадоў! Карэспандэнт «Р» даведалася падрабязнасці.

З моманту запуску ў лютым 2016 года на першым участку трэцяй лініі метрапалітэна, якая зараз будуецца, «Алеся» ўжо праклала 3,8 кіламетра тунэляў.

Крыху гісторыі

Першых пасажыраў Мінскі метрапалітэн прыняў у 1984 го­дзе. Праехаць ад «Маскоўскай» да «Інстытута культуры» стала магчымым усяго за 11 хвілін. Нябачаная па тых часах мабільнасць для Мінска! Той гістарычнай паездцы папярэднічалі гады ўпартай працы. Сёння пракладаць тунэлі метрабудаўцам дапамагаюць высокатэхналагічныя і магутныя машыны. Дзякуючы ім будаваць метро стала хутчэй, танней і прасцей. Галоўны памочнік — тунэлепраходчы механізаваны шчыт «Алеся». Памеры агрэгата ўражваюць! Яго маса — 550 тон, даўжыня — больш за 90 метраў. Увогуле з моманту запуску ў лютым 2016 года на першым участку трэцяй лініі метрапалітэна, якая зараз будуецца, «Алеся» ўжо праклала 3,8 кіламетра тунэляў.

Каб убачыць «жалезную лэ­дзі», адпраўляемся на станцыю «Кавальская Слабада»: «Алеся» завяршыла праходку аднаго з двух перагонных тунэляў паміж будучымі станцыямі. Механізаваны тунэлепраходчы комплекс дэмантуюць і перавязуць назад на «Вакзальную». Для яго транспарціроўкі задзейнічаюць спецыяльную тэхніку грузападымальнасцю ў 550 тон. Са станцыі «Вакзальная» «Алеся» пракладзе другі перагонны тунэль. Пад зямлёй трэба пераадолець шлях у 1260 метраў. Яго праходку пачнуць арыенціровачна ў чэрвені, а завершаць да канца восені. Гэта будзе фінальны тунэль першага пускавога комплексу, які ўключае чатыры новыя станцыі: «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча».

«Алеся» не проста здымае грунт, але і замацоўвае ў тунэ­лі бетонныя кольцы дыяметрам шэсць метраў. Абслугоўвае праходчы комплекс змена з 50 чалавек. Самая адказная праца — у аператараў. Яны сочаць за маніторамі, на якіх адлюстроўваецца ўся неабходная для праходкі інфармацыя.

Так  будзе  выглядаць  будучая станцыя «Вакзальная».

Праца спорыцца

— Найбольшая ступень гатоўнасці — каля станцыі «Кавальская Слабада», — уводзіць у курс справы начальнік вытворчага аддзела «Мінскметрабуда» Сяргей Грэчкін. — На ўваходзе ў метро ўжо зманціраваны казырок, побач з’явіўся будынак для абслугоўвання Зялёналужскай лініі. У вестыбюлі падрыхтаваны месцы для гандлёвых павільёнаў. Асноўныя аддзелачныя работы тут каля фінішнай лініі. Выконваецца абліцоўванне гранітам і керамагранітам.

Пліты на падлозе часова закрылі ахоўным матэрыялам, каб не пашкодзіць. Афарбоўку сцен, устаноўку падвясных столяў, дэкаратыўных люстраў, экранаў з бягучым радком і паказальнікамі пакінулі на перадпускавы перыяд. Станцыю абсталююць новымі сістэмамі бяспекі, ліфтамі і пешаходнай галерэяй для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На ўсіх платформах усталююць агароджы з празрыстага шкла, якія адчыняюцца сінхронна з дзвя­рыма вагонаў. Гэта выклю­чыць падзенне пасажыраў на рэйкі.

Перамяшчаемся на станцыю «Вакзальная», якая рыхтуецца прыняць пасажыраў ужо праз два гады. Будаўнічая пляцоўка ўражвае памерам. Менавіта адсюль «Алеся» пачне пракладку другога перагоннага тунэля. Побач узводзяцца паркінг і гандлёва-забаўляльны цэнтр. Уваход на станцыю размешчаны з боку вуліцы Дружнай. Яна мае наземны вестыбюль на скрыжаванні. Гэта першая станцыя метро ў Мінску з такой канструкцыяй. Вестыбюль ужо ашклілі, чарнавое аздабленне таксама завершана. Засталіся толькі дэмантажныя камеры. Іх разбяруць, калі «Алеся» завершыць праходку другога перагоннага тунэля. Сёння спецыялісты занятыя мантажом сістэм вентыляцыі, ацяплення, электра- і водазабеспячэння.

Новую станцыю «Вакзальная» з ужо існуючай станцыяй «Плошча Леніна» звяжуць два перасадачных тунэля. Адзін з іх даўжынёй каля 220 метраў. Травалатары і эскалатары часткова зманціравалі. Яны, дарэчы, беларускай вытворчасці, хоць раней закупляліся за мяжой.

Больш за 2 тысячы рабочых і інжынераў у гэтыя дні працуюць з асаблівым энтузіязмам, бо на гэтым тыдні «Мінскметрабуду» спаўняецца 40 гадоў!

Будзе прыгожа

Будаўнічыя работы актыўна вядуцца і на вуліцы Мельнікайтэ.

— Адкрытым спосабам будуем камеру з’ездаў, — кажа Сяргей Грэчкін. — Яна злучыць два перагонных тунэля для пераходу рухомага саставу з аднаго шляху на другі. У сувязі з правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў мы сканцэнтраваныя на тым, каб скончыць работы на гэтым участку як мага хутчэй. Тут яшчэ трэба добраўпарадкаваць тэрыторыю.

Побач размесціцца рэкордна глыбокая станцыя «Юбілейная» — 30 метраў. Да верасня збудаванне станцыі ў канструкцыях плануюць скончыць і прыступіць да аддзелкі.

Працягваюцца работы па будаўніцтве станцыі «Плошча Францішка Багушэвіча». У будаўнічай дакументацыі яна называецца «Клары Цэткін». Катлаван станцыі засыпалі, зверху тэрыторыю заасфальтавалі і ў бліжэйшы час па ёй пусцяць транспарт. Унізе спецыялісты прыступілі да аддзелкі і кладкі рэек.

— Выкарыстоўваем бясшпальную тэхналогію, — Сяргей Грэчкін тлумачыць яе прынцып: — Рэйкі кладуцца на спецыяльныя прыстасаванні з вібраізаляцыйнымі пракладкамі. Гэта павялічвае тэрмін службы пуцей і зніжае ўзровень шуму пры руху саставаў. Усе матэрыялы выпускаюцца на заводзе жалезабетонных вырабаў «Мінскметрабуда».

Яшчэ трэба дабудаваць трыццаціметровы ўчастак «Клары Цэткін». Ён стане «сэрцам» станцыі. У ім размясціцца абсталяванне, якое забяспечвае яе працаздольнасць. Паралельна заканчваюць будаўніцтва злучальнай веткі паміж другой і трэцяй лініямі метро. Гэта службовая ветка. Па ёй электрацягнікі змогуць патрапіць з адной лініі на другую.

Тунэлі ад станцыі «Кавальская Слабада» да станцыі «Аэрадромная» пабудаваны. На месцы будучай «Аэрадромнай» ужо з’явілася агароджа «Мінскметрабуда». Спецыялісты майструюць мантажна-шчытавую камеру. У яе апусцяць механізаваны тунэлепраходчы комплекс, калі ён скончыць праходку тунэля паміж станцыямі «Вакзальная» і «Кавальская Слабада». Адсюль «Алеся» пойдзе ў бок станцыі «Лошыцкая» («Немаршанскі сад»). Тэрыторыю пад яе будаўніцтва ўжо рыхтуюць. Сяргей Грэчкін:

— У раёне станцыі «Лошыцкая» ў нас ужо два тунэля па 450 метраў пабудаваны: іх прайшлі немеханізаванымі шчытамі. Цяпер поўным ходам ідуць перакладка інжынерных сетак і будаўніцтва аб’ездаў для транспарту. Плануецца ўжо з ліпеня пусціць транспарт па новых маршрутах, каб мы маглі прыступіць да будаўніцтва станцый «Лошыцкая» і «Каржанеўскага» («Слуцкі гасцінец»).

Згодна з планам, агульная працягласць трэцяй лініі метро перавысіць 17 кіламетраў. Гэта 14 станцый. Яны злучаць паўднёвыя і паўночныя жылыя раёны Мінска з цэнтрам. На Зялёналужскай лініі з’явяцца два перасадачныя вузлы на ўжо існуючыя веткі. Гэта значна знізіць нагрузку на станцыі «Кастрычніцкая» і «Купалаўская».

Пашыраючы межы

— Зараз мы супрацоўнічаем з чэшскай кампаніяй «Метрастаў», дзе наш персанал навучаецца новай тэхналогіі гідрааховы, што асабліва актуальна для будаўніцтва метро, — бярэ слова намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы «Мінскметрабуда» Ганна Аляксейчык. — Кажучы простымі словамі, такі метад дазваляе атрымліваць асаблівай якасці бетон, які не патрабуе дадатковай гідраізаляцыі. Гэта новая тэхналогія для нашай краіны, і на буйных аб’ектах яна будзе пратэсціравана ўпершыню.

Навучыўшыся на буйных будоўлях у Празе і атрымаўшы сертыфікаты міжнароднага ўзору, нашы спецыялісты апрабуюць асвоеную тэхналогію пры будаўніцтве вентыляцыйнай камеры метро. У перспектыве новы метад можна выкарыстоўваць для будаўніцтва падземных паркінгаў, водных ачышчальных станцый і іншых збудаванняў.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter