Глядзяць у вочы продкі...
09.06.2011 18:31:22
Нядаўна расчыніў свае дзверы Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей у вёсцы Малыя Сяхновічы.
– СТО пяцьдзясят чацвёрты па ліку дзяржаўны музей Беларусі адкрыты! — ганарова абвясціў старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Мікалай Токар, запрашаючы першых наведвальнікаў увайсці ў светлыя залы, напоўненыя памяццю далёкіх продкаў.
— У найпрыгажэйшым жабінкаўскім краі нарадзіўся новы асяродак культуры. Хочацца, каб стаў ён гістарычным цэнтрам для людзей высокадухоўных, што шукаюць свае вытокі. Час наш — час даніны памяці Касцюшку і іншым выдатным асобам, — сказала Лілія Балонкіна, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.
Вядома, у святочны дзень былі і падарункі: напрыклад, сувенір з выяваю генерала Касцюшкі, прывезены Леанідам Несцерчуком з падарожжа па Злучаных Штатах Амерыкі.
Зацікаўленыя наведвальнікі пазнаёміліся з пакоем, прысвечаным жыццю і дзейнасці слыннага генерала Касцюшкі, на хвіліну затрымаліся ва ўтульным кутку этнаграфіі і быту роднага краю, разам з экскурсаводам нібыта зноў змаглі перагарнуць трывожныя і гераічныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай, агледзелі персанальную фотавыставу Аляксея Ганчука.
Анатоль БЕНЗЯРУК
НА ЗДЫМКУ: у музейных пакоях — там, дзе захоўваецца Памяць.
Фота Ірыны ЖУК