Глядзі шырэй!

У Мінску адкрыўся Першы Мінскі трыенале сучаснага мастацтва

Неардынарныя ідэі, яркія арт-праекты і новыя погляды прадстаўляе Першы Мінскі трыенале сучаснага мастацтва

...Пад купалам залы Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» лунала электронная касмічная музыка. У лабірынтах экспазіцыйных стэндаў наведвальнікаў сустракалі дзівосныя персанажы — блукалі высачэзныя, у рознакаляровых балахонах істоты на хадулях, падскоквалі, бы конікі, на металічных прыстасаваннях на нагах фантастычнага выгляду джолі-джамперы, заварожвала незвычайным танцам неонавая дзяўчына-сняжынка, і, здаецца, абсалютна нерухома стаяў, назіраючы за прысутнымі, абматаны з галавы да ног ніткамі чалавек-кокан...

У беларускай сталіцы адкрыўся Першы Мінскі трыенале сучаснага мастацтва.

— Мы прысутнічаем сёння пры нараджэнні вельмі цікавага праекта, які, я перакананы, пакіне прыкметны след у гісторыі нашай нацыянальнай культуры. Трыенале арганізоўваўся па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі, і гэта яшчэ адна пераканаўчая праява той палітыкі, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве па развіццю нацыянальнай культуры і падтрымцы таленавітых людзей. Таму, звяртаючыся да школьнікаў, студэнтаў, моладзі, я хачу яшчэ раз сказаць: у нашай краіне сёння ёсць усе ўмовы для таго, каб праявіць сябе, рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Не трэба нікуды ехаць, каб нешта шукаць, — сказаў у ходзе ўрачыстага ад-крыцця Першага Мінскага трыенале сучаснага мастацтва намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік.

Паводле яго слоў, на выстаўцы прадстаўлена многа нечаканага, нязвыклага, а з пункту гледжання прадстаўнікоў старэйшага пакалення, магчыма, і не зусім дапушчальнага. Але гэта бачанне новага пакалення, гэта сучасны погляд, якім варта пацікавіцца.

— Як некалі гаварыў Гумбальт, усякая ісціна праходзіць у свядомасці чалавека тры этапы: спачатку — «Якая лухта!», пасля — «А нешта ў гэтым ёсць» і, нарэшце, — «Хто ж гэтага не ведае!» Спадзяюся, за час працы трыенале мы пройдзем гэтыя тры этапы, — адзначыў у сваім выступленні Анатоль Тозік.

На выстаўцы сапраўды прадстаўлена многа яркіх, неардынарных ідэй.

Аўтарскі праект Руслана Вашкевіча «Віртуальны спектакль (intra)» размешчаны па сутнасці ў асобным пакоі: 11 метраў даўжыня, 6 — шырыня і вышыня — 4 метры. Унутры на сценах — чатыры асобныя арт-праекты. У саміх сценах выразаны акно і два ўваходы-выхады. Па задумцы аўтара, між усімі наведвальнікамі гэтага арт-аб’екта міжволі складваюцца пэўныя сувязі і адносіны. Людзі нiбы становяцца адначасова і ўдзельнікамі, і гледачамі адмысловага «сцэнічнага дзейства», якое пастаянна змяняецца. Тыя, хто ўнутры, разглядаюць работы ў «мастацкай прасторы». Другія могуць сачыць за гэтым звонку, а могуць памяняцца ролямі з першымі.

Памятаеце дзіцячую цацку «Калейдаскоп» — трубачку з рознакаляровымі шкельцамі, у якой, толькі павярні, адразу мяняюцца дзівосныя ўзоры? Гэтак жа — «Калейдаскоп» — назвала свой арт-праект Кацярына Лісіцына. За шчыльнымі, святлонепранікальнымі шторамі — чорная прастора. Глядач трапляе ў тры лабірынты і, праходзячы праз іх, назірае светлавыя дзівосы, створаныя з дапамогай эфекту флюарэсцэнцыі.

«Рамонт» — так называецца інсталяцыя Канстанціна Селіханава. На сцяне — партрэт мужчыны. Амаль пасярэдзіне выявы — велікаватая, памерам з кулак, дзірка. Відавочна, каб зручней было ў яе зазірнуць, унізе стаіць невялікі ўслончык. Што ж там — па той бок карціны? А там шуміць, гудзіць лес. Дзякуючы выкарыстанню відэаздымкі яго бачна — зялёны. І чутна — шапаціць лісцем на вятры. Назва «Рамонт» азначае бесперапыннасць працэсу пераасэнсавання гісторыі ў цэлым і свайго жыцця ў прыватнасці, пастаянны духоўны пошук. А шум лесу, яго пастаянны рух — гэта сімвал энергіі адвечнага дрэва жыцця.

Сяргей Парцянкоў з Гомеля з рэшткаў розных зламаных прыбораў і механізмаў, спружын і шасцерань робіць незвычайныя скульптуры. У прадстаўленай ім калекцыі — гіганцкія металічныя стракозы, багамол, скарпіён, дыназаўры... Пры бліжэйшым разглядзе карцін Руслана Калмыкова з Віцебска аказваецца, што яго цудоўныя аб’ёмныя палотны створаны з выкарыстаннем дрэва, камянёў, шурупаў, вяроўкі і нітак, алюмініевых балончыкаў. У экспазіцыі фотапраекта «Героі свайго часу» вымушае спыніцца серыя работ Ігара Саўчанкі. На фатаграфіях няма нічога візуальнага — на адным бачны, напрыклад, толькі свайго роду «чорны квадрат», пад ім подпіс: «Здымак, зроблены з вельмі маленькай экспазіцыяй».

Здаецца, цікавае для сябе можа знайсці на выстаўцы любы наведвальнік, як лічаць арганізатары, моладзь — асабліва. Трыенале прадстаўляе практычна ўсе віды і напрамкі сучаснага беларускага канцэптуальнага мастацтва — жывапіс, скульптуру, графіку, фатаграфію, інсталяцыю, дызайн, моду, тэатр, музыку. У такім маштабе — упершыню. Экспазіцыя, размешчаная на плошчы ў тры тысячы квадратных метраў, дэманструе найбольш актуальныя і прагрэсіўныя тэндэнцыі беларускага мастацтва за апошнія 20 гадоў.

Першы Мінскі трыенале працягне сваю працу да 9 снежня.

 
 
 
 
 
 
 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter