Глупства, пане дабрадзею?

Даследчыкі  да  гэтай  пары   спрачаюцца:  Купала  і  Мядзёлка  былі  сябрамі  ці  каханымі

Даследчыкі  да  гэтай  пары   спрачаюцца:  Купала  і  Мядзёлка  былі  сябрамі  ці  каханымі

Паўліна Мядзёлка, 115-годдзе з дня нараджэння якой адзначался не так даўно, — загадкавая асоба ў гісторыі Беларусі. Нягледзячы на тое, што яна была апантанай прыхільніцай беларускага адраджэння, пэўны час за лепшае лічылі пра яе не ўзгадваць. Прычына, магчыма, у неадназначным мінулым (яна прайшла восем турмаў). Хаця некаторыя да-следчыкі  маюць іншую версію. Мядзёлка не выпадкова стала першай выканаўцай ролi Паўлінкі ў аднайменнай п’есе: іх з Янкам Купалам звязвала не толькі сяброўства. Раней пра гэта было не прынята гаварыць услых.

Дзяржаўным музеі-архіве літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Паўліны Мядзёлкі – усяго 84 справы. Не так ужо і многа для асобы, якая шмат зрабіла на ніве нацыянальнага адраджэння. У асноўным гэта творчая спадчына: рукапісы яе адзінай кнігі “Сцежкамі жыцця”, успаміны, а таксама лісты да родных і блізкіх, паштоўкі, фотаздымкі з дарчымі надпісамі. Вось толькі адно пасланне ад Змітрака Бядулі ў пацвярджэнне значнасці асобы Мядзёлкі ў нашай гісторыі: “Слава табе, Паўліна, за тваё гераічнае змаганне за лепшы лёс нашага народа, якому ты аддала ўсе свае сілы і здольнасці”. Сярод адрасатаў яшчэ шмат вядомых людзей: Кузьма Чорны, Вацлаў Ластоўскі, Цішка Гартны, Зоська Верас, Рыгор Шырма і іншыя. Гэтыя знаёмствы яна займела ў 20—30-я гады, калі працавала ў Петраградзе сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны, потым стыльрэдактарам у савецкім пасольстве ў Берліне, а пасля ў сектары мастацтва Інбелкульта. Але ўсё гэта было пазней. Першай жа значнай асобай, што сустрэлася на яе шляху, быў Янка Купала.

— З успамінаў самой Мядзёлкі можна даведацца, што іх знаёмства адбылося ў 1908 годзе ў Вільні, куды маладая дзяўчына прыехала набываць веды. Купала ў той час працаваў там у “Нашай ніве”, — дапамагае разабрацца нам у гэтай справе Пётр Васючэнка, які доўгі час займаўся вывучэннем жыцця і творчасці Купалы і ў мінулым годзе напісаў п’есу “Паэт і дзяўчына”.

“Маё прозвішча сведчыць, што наш род пачынаецца на Мядзельшчыне, — піша Мядзёлка ва ўспамінах. – Расказваюць, быццам памешчык Аскерка выйграў у карты ў нейкага мядзельскага памешчыка майго прадзеда, прыгоннага селяніна, і забраў яго ў свой маёнтак у Будслаў, дзе я і нарадзілася. У 1898-м мае бацькі пераехалі ў Глыбокае. Там я скончыла царкоўна-прыходскую школу”.

Паўліна з маленства цягнулася да ведаў. Яна рана навучылася чытаць. Увесь вольны час праводзіла з кнігай у руках. Таму зусім не дзіўна, што дзяўчына захацела вучыцца далей. Спачатку бацькі былі супраць, потым, калі зразумелі, што іх дачка зусім не здольная да вясковай працы, адпусцілі да родзічаў у далёкую Рыгу. Так яна ў 14 гадоў паехала з бацькоўскай хаты, каб падрыхтавацца да экзаменаў на атэстат сталасці. Скончыўшы прыватныя курсы, адправілася ў жаночую гімназію ў Вільню. Вучылася бліскуча. Праўда, настаўнікі недалюблівалі яе, называлі выскачкай з мужычак, спрабавалі асадзіць. Але не такая простая яна была. Аб гэтым хутка даведаўся і Купала, калі аднойчы ў госці да яго гаспадыні зайшла прывабная дзяўчынка.

— У гэтага кахання шмат загадак, — гаворыць Пётр Васючэнка. – Купала маўчаў. Ён выказаў сваё пачуццё толькі ў некалькіх вершах. Паўліна, як жанчына, была больш словаахот-лівай. З яе ўспамінаў вядома, што ў першую ж іх сустрэчу яна крыху расчаравалася. Для яе Купала быў значнай асобай, вядомым паэтам. Яна ўяўляла сабе волата. А тут перад ёю паўстаў такі франтаваты хлопец, які
да таго ж адразу пачаў да яе заляцацца.

Падрабязнасці іх кахання (калі яно ўсё ж такі было) Мя-дзёлка не раскрывала. Але калі ёй верыць,  праз некалькі месяцаў у цукерні “Зялёны штраль”, дзе збіралася беларуская інтэлігенцыя, адбылося прызнанне Купалы, і зусім нечакана ён прапанаваў дзяўчыне злучыць іх лёсы. Паўліна адмовіла. Сказала, што кахае іншага. Як было на самой справе? Аб гэтым да-следчыкі спрачаюцца. На думку адных, словы Мядзёлкі – фантазіі маладой дзяўчыны. Іншыя сцвярджаюць, што прызнанне ўсё ж такі было. Тады чаму яна адмовіла вядомаму чалавеку? Магчыма, у свае 16 гадоў Паў-ліна сама не ведала, што рабіла. Гэта версія Васючэнкі, які лічыць, што потым усё жыццё Мядзёлка перажывала сваю памылку. Дарэчы, у яго п’есе “Паэт і дзяўчына” аповед вядзецца ад імя 80-гадовай жанчыны, якая разважае пра свой цяжкі лёс.

Па словах Пятра Васільевіча, відавочна, што вобраз Паўлінкі ў неўміручай аднайменнай п’есе Купала спісаў з Мядзёлкі. Яго гераіня атрымалася такой жа няўрымслівай, гарэзлівай, у той жа час шляхетнай, як і яго каханая. Дарэчы, Мядзёлка пагадзілася ўзяцца за прапанаваную ёй ролю, таму што ўбачыла ў Паўлінцы сваё адлюстраванне. Але і работа над па-станоўкай п’есы не зрабіла іх больш блізкімі.

Цікава, што іх асабістае жыццё было ў нечым падобным. У  Купалы была адна жонка Уладзіслава, з якой яны ажаніліся ў 1917 годзе. Паўліна вышла замуж крыху пазней. Заснавальнік беларускай партыі эсэраў Томаш Грыб – яе адзіны муж. Разам яны пражылі толькі два гады. Чаму яны разбегліся ў розныя бакі (Паўліна з’ехала працаваць у Берлін, а Томаш – у Прагу), жанчына не ўзгадвала. У яе, як і ў Купалы, не было дзяцей.

Паўліна і паэт ніколі не хаваліся адзін ад аднаго. Наадварот, лічыліся сябрамі. Купала неаднойчы дапамагаў ёй працаўладкавацца. За сваё доўгае жыццё (Паўліна Мядзёлка памерла ў 1974 годзе) яна змяніла шмат пасад. У даваенныя гады ёй часта прыхо-дзілася мяняць месца свайго знаходжання па прычыне апантанасці нацыянальнай ідэяй. Дарэчы, амаль усе яе паходы за краты былі звязаны менавіта з гэтым. Самым яркім перыядам яе жыцця даследчык і паэт Сяргей Панізнік лічыць 1922—1925 гады, калі выкладала ў Дзвінскай (цяпер — Даўгаўпілс) беларускай гімназіі. Там яна арганізавала  драматычны і харавы гурткі, дзе і ставіла п’есы Купалы. Зайздроснікі данеслі на Мядзёлку, быццам яна прымала ўдзел у злачыннай групоўцы. Доказаў не знайшлі, але з Латвіяй Паўліне прыйшлося развітацца. У Мінску яе сустрэў  Купала і дапамог уладкавацца ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва.

— Паўліна ўзгадвала, што была жаданым госцем у доме паэта, — расказвае Пётр Васючэнка. — Хаця адносіны паміж ёй і жонкай Купалы  вельмі загадкавыя. Мы можам толькі ўявіць, што адбывалася ў сэрцах абедзвюх жанчын, якія кахалі аднаго мужчыну.

Апошняя сустрэча Мядзёлкі і Купалы адбылася ў 1941-м у Маскве. Там Паўліна вы-кладала ў школе. Ёсць звесткі, што за некалькі гадзін да гібелі паэта жанчына наведвалася да яго ў гасцініцу.

Пасля вайны першая выканаўца галоўнай ролі купалаў-скага твора пераехала да хворай маці ў Будслаў. Да 1958 года яна выкладала ў мясцовай школе. Але і на пенсіі ніколі не ся-дзела без справы.  Арганізавала ў Будславе хор. Ездзіла з ім па гарадах і вёсках. Чытала лекцыі. У 1966 годзе, нарэшце ацаніўшы яе ўклад у гісторыю нашай краіны, ёй прысвоілі званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

Пляменніца роднага брата Паўліны Вікенцьеўны Зыгмуся Лідзія Ламнёва пацвярджае, што Мядзёлка і Купала былі блізкімі людзьмі. Па просьбе Паўліны паэт з сябрамі заўсёды падтрымлівалі жонку Зыгмуся пасля таго, як брата Мя-дзёлкі арыштавалі: яны прыносілі ёй прадукты, дапамагалі рэзаць дровы. Лідзія Карлаўна ўзгадвае, што Мядзёлка была вельмі цікавай жанчынай. Да апошніх дзён сачыла за сваёй знешнасцю, добра апраналася. Ро-дзічаў заўсёды частавала ікрою і смачнай рыбай. У памяці пляменніцы яна засталася прыгожай, інтэлігентнай жанчынай з цыгарэтай у руках.

На здымку: Паўлiна МЯДЗЁЛКА.

Аўтар выказвае падзяку Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу і прадастаўленне фотаздымка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter