«Славянский базар» - лишь верхушка творческого айсберга, подвластного команде из более чем 300 человек в Центре культуры «Витебск»

Глеб Лапіцкі: «Прымяраю на сябе адносіны да іншых»

Адзін з самых гучных беларускіх і паважаных ў свеце культурных фэстаў «Славянскі базар у Віцебску» адбыўся, сабраўшы славутых гасцей. Чым займаецца дырэкцыя фестывалю і каманда Цэнтра культуры «Віцебск» у паслясвяточны час? Ідуць у водпуск? Не! Ужо цяпер ёсць дакладнае разуменне, якім праект будзе на наступны год, і пашыраецца спіс артыстаў, запрошаных нават на 2022 год. Апрача гэтага, самы славуты фэст толькі вяршыня творчасці, якую стварае вялікая каманда Цэнтра культуры. Трыста чалавек штодзень карпеюць над якасным прадуктам і аднолькава адказна ставяцца і да карпаратыўнага вечара, і да канцэртаў сваіх творчых калектываў, і да «Славянскага базару». Няважна, мае фэст рэспубліканскі, абласны ці гарадскі ўзровень, — Цэнтр культуры «Віцебск» заўсёды пацвярджае знак якасці. Вядзе сваю каманду да высокіх перамог малады, энергічны і дзейны дырэктар Глеб ЛАПІЦКІ. На сваёй пасадзе два гады, а да гэтага кіраваў творчымі праектамі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Прапанова ўзначаліць Цэнтр культуры і дырэкцыю «Славянскага базару» для Глеба Аляксандравіча не стала нечаканасцю, бо часта выступае на публіцы, а ў лютым правёў аўтарскі вечар. Як пачуваецца дырэктару на гэтай пасадзе, якім чынам вядзе каманду да перамог, што новага прыўнёс у фестываль і наогул у Цэнтр культуры?


–ДВА гады таму разам з сям’ёй прынялі прапанову вярнуцца ў Віцебск. Мяне цікавіў не толькі культурны, але і гаспадарчы складнік — гэта таксама значны кавалак работы. Не па чутках ведаю творчыя праекты, якімі славіўся Цэнтр культуры, бо сам з Віцебска. У нашай установе восем філіялаў, і за дзень, калі захочаш наведаць усе, дакладна не паспееш. Таму не асацыюю сваю кіраўніцкую пасаду з крэслам. Выбіраю заўсёды быць у руху, ісці наперад і нацэльваць на гэта калектыў, бо многае, калі не ўсё, залежыць ад каманды, узаемаразумення ў ёй, карпаратыўнага духу. Інакш задумы, якія б геніяльныя ні былі, не збудуцца, — разважае Глеб Лапіцкі.

У Цэнтры культуры «Віцебск» 30 творчых калектываў, больш за тысячу дзяцей штодзень тут наведваюць бясплатныя і платныя аб’яднанні. Міжнародныя брэндавыя праекты — фестываль сучаснай харэаграфіі, конкурс бальных танцаў «Віцебская сняжынка». «Віцебскі лістапад» — свята аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў, а студзеньскі «Арт-парад» — малодшы брат «Славянскага базару», летась прайшоў упершыню, запланаваны і сёлета. У адрозненне ад знакамітага на ўвесь свет фестывалю, у «Арт-парадзе» ўдзельнічаюць дзеці і моладзь да 25 гадоў, якія пакуль не паспелі або не здолелі прабіцца на сцэну «Славянскага базару», але маюць добрыя задаткі.

Цікавыя традыцыі на віцебскай зямлі Глеб Лапіцкі працягвае, набыўшы багаты вопыт у Федэрацыі прафсаюзаў. Дзякуючы ў тым ліку яго старанню гучалі на ўсю краіну акцыя «Мы вместе», з якой наведана 170 гарадоў, конкурс «Новые имена Беларуси», што таксама праехаўся па райцэнтрах. Як пачуваюць сябе цяпер гэтыя праекты, спыталі ў былога іх арганізатара.

— З Федэрацыяй прафсаюзаў падтрымліваю цесныя стасункі. Упэўнены, што з кожнага месца працы трэба сыходзіць, каб па табе сумавалі і ты сумаваў. І галоўнае, каб не было сорамна перад сабой. У маім выпадку рашэнне пераводу прынята разам са старшынёй Федэрацыі Міхаілам Сяргеевічам Ордай. Ён мой старэйшы мудры таварыш, а гэта больш чым начальнік. Важна, калі на кіраўніка можна пакласціся, запытацца ў яго і быць дакладна ўпэўненым, што пачуеш дзейсную параду. За чатыры гады паўдзельнічаў у арганізацыі многіх праектаў, у тым ліку фестывалю «Наши таланты тебе, Беларусь!» да Года культуры, дзе выступалі бадай усе калектывы мастацкай самадзейнасці нашай краіны. Традыцыі працягваюцца, і мяне гэта радуе. Бачу, калегі, як калісьці і я, ездзяць па Беларусі. Затое цяпер, у які б горад ні завітаў, не трэба тлумачыць, хто я такі, — пры­знаецца дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск».

«Славянскі базар» — сам па сабе грунтоўны праект, і складана, нават немагчыма ў ім прыдумаць нешта новае, акрамя таго як падаць пад сучасным «соусам». Стала больш адкрытых пляцовак, маладзёжных праектаў — КВЗ, рок-канцэрт, промафэст маладых выканаўцаў, у якіх сотні тысяч падпісчыкаў у «Інстаграме». Яны не выходзяць штодзень на сцэну, але тым не менш сабралі вялізную колькасць гледачоў. А вось калі гаварыць пра абсалютныя навінкі, то іх вельмі трапна ахарактарызуе старая добрая прыказка: усё новае — добра забытае старое. Складана прыгадаць тое, чаго не было ў гісторыі фестывалю бадай на працягу 30 гадоў.

— І калі чуем заўвагі, напрыклад на «Славянскім базары» патрэбны Святлана Лабада ці Ціна Караль, спяшаемся паведаміць: гэтыя зоркі, як і многія іншыя сусветнай велічыні, у нас пабывалі. Іншая справа — стараемся ўзняць статус свята, павысіць брэндавасць, папулярызаваць яго за мяжой, робім вялікі акцэнт на нацыянальных адборах у іншых краінах. Мы вельмі хацелі б, каб замежныя партнёры рэкламавалі ў нас сваю вытворчасць. Не сакрэт, што на «Славянскім базары» сустракаюцца бізнес-кругі, праходзяць інвестыцыйныя форумы, перамовы, сюды прыязджаюць дыпламатычныя місіі. Летась наш фестываль стаў бязвізавым, — пералічвае новаўвядзенні дырэктар.

Сёлета крочыла наперад тэхнічнае аснашчэнне амфітэатра: шматузроўневая падлога, кінетычныя прыстасаванні. У трэндзе — цыфравізацыя, цесная праца над сацыяльнымі групамі, прысутнасць у інтэрнэт-прасторы, прамыя трансляцыі. Толькі сёлета нядоўгі, але насычаны фестываль за чатыры дні ў анлайн-фармаце атрымаў больш за 7,5 мільёна праглядаў. Больш за ўсё аўдыторыі ў Расіі, Казахстане, Украіне, не прапускалі эфіры і некаторыя жыхары Злучаных Штатаў Амерыкі.

Глеб Лапіцкі, акрамя таго, што добры адміністратар, яшчэ і яркі спявак, на сцэне з 15 гадоў, а ў лютым ініцыяваў аўтарскі канцэрт. Выступалі віцебскія і мінскія калектывы, аркестр аднаго з мясцовых каледжаў, атрымалася тэатралізаваная шоу-праграма, засяроджаная, вядома, на галоўным героі. Адклікнулася шмат гледачоў, і нават за тыдзень да свята білетаў не засталося.

— А раз такі аншлаг, то плануем яшчэ адну аўтарскую вечарыну. Мой творчы складнік найперш дапамагае мне зразумець заезджых артыстаў. Заўсёды прымяраю на сябе адносіны да іншых. Напрыклад, выступоўцу не сустрэлі, не напаілі кавай: мне было б гэта прыемна? Так і іншым. Наконт уласнай творчасці — ахвотна! Узяў на ўзбраенне параду аднаго мудрага чалавека: той галоўны ўрач самы паспяховы, які прымае пацыентаў; той хірург самы добры, хто не толькі вучняў рыхтуе, але і стаіць за аперацыйным сталом. Таксама і ў маёй, у любой прафесіі, — разважае артыст.

— Паводле фота ў сацыяльных сетках становіцца зразумела: на новыя вяршыні вас натхняе дружная сям’я. Вашы родныя таксама творчыя асобы?

— Жонка Крысціна — прафесійны музыка, дамрыстка, іграла на кантрабасе ў актэце балалаек «Віцебскія віртуозы», цяпер працуе музычным кіраўніком у садку. Лічу, што выхаванцам, якія трапілі да яе, вельмі пашанцавала. Бо добра ставіцца не толькі да сваіх дзяцей, але для ўсіх гатова быць самай роднай матуляй. Наш старэйшы дзесяцігадовы сын Яраслаў займаецца танцамі ў ансамблі «Зорка», а трохгадовы Арцём пакуль толькі вызначаецца…

— Бізуном ці пернікам выхоўваеце хлопцаў?

— Я строгі, патрабавальны, за абавязковасць. Мы выконваем тое, пра што дамаўляемся, і няважна, колькі каму гадоў — 10, 3 ці 32. А мама ў нас — сама дабрыня, такім чынам трымаем баланс. Адпачываць больш за ўсё любім з сям’ёй. Ловім рыбу, збіраем грыбы. Ды і прырода лечыць стан, адганяе прэч турботы і настройвае на пазітыў. І зусім не маё — адзінота, аддаю перавагу вясёлым кампаніям.

Падыходзіць кіраваць яркай культурнай сферай чалавеку, які прывык плённа праводзіць час, не пускае на самацёк ніводнага дня. І па плячы любыя форс-мажоры. Сёлета абстаноўка з каронавірусам стала вялікім выпрабаваннем не толькі для супрацоўнікаў Цэнтра культуры «Віцебск», але і для шоу-бізнесу ва ўсім свеце. Аднак «Славянскі базар» адбыўся! Хоць і не было транспартных зносін паміж Мінскам і Масквой, але дзякуючы ўзаемадзеянню двух урадаў у Расію хадзілі цягнікі, з Украінай былі дазволены аўтаперавозкі, некаторыя зоркі прыляталі на самалётах. Фестываль мае партнёраў у многіх краінах — Расіі, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, ва Украіне, на Мальте, Кубе. І гэта садзейнічае развіццю свята, знаёмству з новымі артыстамі, якія прыязджаюць у Віцебск не проста на камерцыйнае мерапрыемства, а як на яднанне творчасці братэрскіх народаў. Інакш не было б такога водгуку ў сацыяльных сетках, добразычлівых зносін з прэсай і наступных радасных сустрэч.

— Не толькі артысты. Прыемна назіраць, колькі прыходзіць гледачоў. І 90 працэнтаў з іх пра гэта дакладна не пашкадавалі. Не заўсёды фестываль акупляецца: у розныя гады гэта было і 70, і 80 працэнтаў. Тым не менш ён падцягвае нашу матэрыяльна-тэхнічную базу. Каб пашырыць пазабю­джэтную дзейнасць, развіваем платныя паслугі. Дарэчы, даўнюю традыцыю мае наш магазін з жывапіснымі работамі, сувенірамі, мастацкімі і ручнымі ювелірнымі вырабамі. Да нядаўняга часу гэта ўсё можна было набыць толькі стацыянарна, цяпер і анлайн, а кур’ер прывязе дадому. Так што крочым у нагу з часам! — рэзюмуе дырэктар.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter