Проект «Адзiнства народа — вялiкi здабытак!» через издания 1920-1930-х годов знакомит читателей с жизнью в Западной Беларуси

Гiсторыя з пажаўцелых старонак

У Дзень народнага адзiнства Мiнiстэрства iнфармацыi пры падтрымцы РУП «Белсаюздрук» i Нацыянальнага гiстарычнага музея прэзентавала ўнiкальны праект «Адзiнства народа — вялiкi здабытак!». Грунтуецца ён на апрацоўцы вялiкай колькасцi арыгiналаў беларускiх выданняў 1920 — 1930-х гадоў, што выходзiлi на тэрыторыi Заходняй Беларусi. «Сялянская нiва», «Жыццё беларуса», «Беларускi звон», «Маланка», «Авадзень» — гэтыя i iншыя газеты i часопiсы з калекцыi Уладзiмiра Лiхадзедава адлюстроўваюць гiстарычныя факты вачамi непасрэдных удзельнiкаў тагачасных падзей.

Праект аб'яднаў намаганнi гiсторыкаў, прадстаўнiкоў мiнiстэрстваў i ведамстваў.

Рэдкiя выданнi можна было пагартаць i асабiста прачытаць аб цяжкiх выпрабаваннях беларускага народа, якi апынуўся пад уладай палякаў, даведацца, што хвалявала людзей, абурала, цiкавiла, за што яны былi гатовы змагацца.

— Праект аб'яднаў намаганнi гiсторыкаў, прадстаўнiкоў мiнiстэрстваў i ведамстваў, — адзначыў Iгар Бузоўскi, намеснiк мiнiстра iнфармацыi. — Гiсторыя з першых рук i першых вуснаў падказвае, якiя падзеi стварылi платформу для свята Дня народнага адзiнства. Унiкальнейшыя выданнi скрупулёзна вывучаны, каб знайсцi i падабраць для чытачоў цiкавыя газетныя матэрыялы аб самых яскравых падзеях, меркаваннях. Сутнасць праекта ў тым, каб прадэманстраваць рэальнае жыццё беларусаў таго гiстарычнага перыяду.

Напрыклад, газета «Сялянская нiва» падлiчыла, што спажыла сям'я з дзвюх асоб беднага селянiна з в. Зарачы Браслаўскага павета: «За цэлы прошлы год ён спажыў 1/2 кiля цукру, 15 каробачак сахарыны, 10 лiтраў газы, 4/5 кiля табакi, 33 кiлi мяса са сланiнай, 100 кiль жыта, 100 кiль ячменю, 20 кiль вiкi, 25 кiль гароху, 250 кiль бульбы, а рэшта — мякiны бяз вагi».

Для шырокага кола чытачоў газетныя матэрыялы будуць прадстаўлены праз сетку павiльёнаў i кiёскаў РУП «Белсаюздрук» па ўсёй краiне. Адначасова на светлавых панэлях павiльёнаў размешчаны калажы вышэйназваных выданняў. Кожны знойдзе нешта сваё: карыкатуры, рэцэпты нацыянальных страў, лiсты, якiя дасылалi ў газеты звычайныя людзi, малавядомыя вершы Янкi Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкi.

Рэзюмавала атрыманую з выданняў iнфармацыю аб жыццi нашых продкаў кнiга Уладзiмiра Лiхадзедава «17 верасня: Дзень народнага адзiнства».

— Газеты, якiя выдавалiся на тэрыторыi Заходняй Беларусi з 1921 па 1939 год, адлюстроўвалi погляды розных партый, па-рознаму ставiлiся да Польшчы, савецкiх рэспублiк, не мелi згоды памiж сабой па многiх пытаннях палiтыкi, эканомiкi. Але па беларускiм пытаннi яны праяўлялi аднадушнасць: усiх хвалявалi закрыццё беларускiх школ, паланiзацыя, асаблiвасцi перапiсу насельнiцтва, калi беларусаў запiсвалi то палякамi, то рускiмi, — падкрэслiў гiсторык, пiсьменнiк Уладзiмiр Лiхадзедаў.

Унiкальнейшыя выданнi скрупулёзна вывучаны, каб знайсцi i падабраць для чытачоў цiкавыя газетныя матэрыялы аб самых яскравых падзеях, меркаваннях.

Гартаем старонкi перыядычных выданняў, i нiбы паўстаюць перад намi людзi, якiя, зусiм як мы зараз, адгукалiся на розныя падзеi, толькi не на сайтах i тэлеграм-каналах, а на паперы.

Радкi з артыкула «Паны», надрукаванага ў часопiсе «Беларускi звон»: «…А ўсе згаджаюцца на тым, што на заходзе польскаму iмперыялiзму падацца няма куды, затое трэба зьесцi беларусаў. Нiколi дагэтуль паны так адкрыта ня пiсалi. Увесь час яны дурылi галаву якiмi-небудзь сваiмi «сьвятымi» правамi на наш край».

На «зьезд павятовых прадстаўнiкоў у Навагрудку» прыйшоў селянiн, каб паскардзiцца: «Калi я зайшоў у «Польскую пекарню» на Замковай вул. ды захацеў купiць булачкi хвораму дзiцяцi, дык вышла неякая панi i, выганяючы мяне, сказала: «Тут для хамув хлеба нема».

Нiчога дзiўнага, што Рабоча-Сялянскую Чырвоную армiю беларусы-«заходнiкi» сустракалi як вызвалiцеляў.

Iгар Бузоўскi ўпэўнены, што праект «Адзiнства народа — вялiкi здабытак!» будзе пашырацца i прырастаць.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter