«Гiсторыя...», якой мы не ведалi

Адбылася прэзентацыя першай кнiгi шасцiтомнiка “Гiсторыя фiласофскай i грамадска-палiтычнай думкi Беларусi”

Станаўленне  айчыннай  фiласофскай  думкi  на  працягу  апошнiх  дзесяцi  стагоддзяў — прадмет  даследавання  беларускiх  навукоўцаў

Прэзентацыя першай кнiгi шасцiтомнiка “Гiсторыя фiласофскай i грамадска-палiтычнай думкi Беларусi” прайшла ў Нацыянальнай акадэмii навук. Важны праект падрыхтаваны вядучымi даследчыкамi Iнстытута фiласофii НАН Беларусi i падагульняе працу навукоўцаў па вывучэннi айчыннай гiсторыка-фiласофскай спадчыны за апошнiя пяцьдзесят гадоў.

Першая кнiга пабачыла свет у снежнi мiнулага года. Яна ўжо ёсць на палiцах кнiжных крам i, па словах аўтараў, добра раскупаецца. На думку выконваючага абавязкi дырэктара Iнстытута фiласофii Анатоля Лазарэвiча, такую цiкавасць шырокай грамадскасцi да кнiгi можна патлумачыць неардынарнасцю i маштабнасцю праекта. Першы том прысвечаны разгляду айчыннай iнтэлектуальнай гiсторыi эпохi Сярэднявечча. “Аўтары зрабiлi ўсё магчымае, каб са складанай панарамы Сярэднявечча, у межах якога iснавалi такiя буйныя дзяржавы, як Кiеўская Русь, ВКЛ, Рэч Паспалiтая, Расiйская iмперыя, крышталiзаваць адметную беларускую культуру i фiласофскi светапогляд продкаў”, — падкрэслiў Анатоль Лазарэвiч.

Такiм чынам, першая ластаўка праекта – 1-ы том “Гiсторыi...” — дае магчымасць смела гаварыць пра iснаванне гiсторыi беларускай фiласофii, якая пры дапамозе навукоўцаў набыла ў выглядзе шасцiтомнага праекта i сваё матэрыяльнае ўвасабленне. Дарэчы, даследаванне будзе ахоплiваць больш як дзесяць стагоддзяў беларускай гiсторыi, пачынаючы з канца IX i заканчваючы пачаткам нашага. Таму, па словах Анатоля Лазарэвiча, хутчэй за ўсё, яно не будзе абмежавана шасцю кнiгамi — некаторыя тамы будуць выходзiць у дзвюх цi нават трох частках.

— Выхад “Гiсторыi...” — важная з’ява ў жыццi нашага грамадства, цаглiнка ў падмурак нацыянальнай фiласофскай i культурнай думкi. Мiнiстэрства iнфармацыi будзе i надалей падтрымлiваць сацыяльна значныя праекты, — падкрэслiў на прэзентацыi намеснiк мiнiстра iнфармацыi Iгар Лапцёнак.

Трэба дадаць, што кнiга стала добрым падарункам акадэмiчнага таварыства вялiкай навуковай сям’i да юбiлею — 80-годдзя НАНБ i адным з першых важных мерапрыемстваў, якiя адкрылi Год роднай зямлi. На гэтым, дарэчы, планы ў навукоўцаў не канчаюцца. У перспектыве яны маюць намер распрацаваць яшчэ i анталогiю фiласофскай думкi Беларусi.     

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter