Мамонт в полный рост и фотосалон XIX столетия: в самом центре Гродно появится интерактивный музей

Гiсторыя са спецэфектамi

Iнтэрактыўны музей гiсторыi Гродна з’явiцца ў будынку былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў. Беласнежны будынак з калонамi на плошчы Савецкай, якая доўгiя гады знаходзiлася ў аварыйным стане, рэканструююць. У савецкi час палац быў вiзiтнай карткай горада, дзе давалi свае канцэрты i запрошаныя зоркi. У жыхароў Гродна даўно iснуе легенда, што будынак быў узведзены «задам наперад». Быццам бы фасад, павернуты да Дома быту, павiнен быў быць галоўным. У хуткiм часе пра тое, як усё было на самай справе, можна будзе даведацца, наведаўшы iнтэрактыўны музей гiсторыi Гродна.

У новым музеі прадставяць частку артэфактаў са Старога замка.

Музей мяняе прапiску

Сёння будынак былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў працягваюць даводзiць да ладу. Ужо завершаны фасадныя працы: цокаль аблiцаваны мармурам, прыбраны расколiны з фасада будынка, заменена сiстэма водаадвядзення. Ля будынка з’явiлiся гранiтныя прыступкi, пандусы i тактыльныя плiты. Унутраныя работы працягваюцца. На ўладкаванне iнтэр’ераў спатрэбiцца больш часу, але ўжо сёння залiты ўсе мiжпавярховыя перакрыццi, устаноўлены аконныя i дзвярныя блокi, адноўлена галерэя. Цяпер вырашаюцца пытаннi па праекцiроўцы будучых залаў i асобных пакояў. У палацы з’явiўся грузапасажырскi лiфт, шахта якога добраўпарадкоўваецца. Дах будынка стаў двухсхiльным з плоскага фальцавага лiста з палiмерным пакрыццём.

У запаснiках Гродзенскага гiсторыка-археалагiчнага музея шмат палотнаў, якiя неўзабаве можна будзе ўбачыць у мастацкiм музеi.

Пасля ўводу ў эксплуатацыю будынак плануецца перадаць Гродзенскаму гiсторыка-археалагiчнаму музею. У абноўленым будынку на трох паверхах размесцяцца экспазiцыi Музея прыроды i найноўшай гiсторыi Гродзеншчыны. На першым — экспазiцыя «Геалагiчнае мiнулае Зямлi». Яна прысвечана эвалюцыi арганiчнага жыцця на Зямлi ад яго зараджэння да з’яўлення чалавека сучаснага тыпу. У экспазiцыi будуць выкарыстаны макеты дагiстарычных жывёл, якiя засялялi тэрыторыю Прынямоння, а таксама косткi, акамянеласцi i адбiткi, знойдзеныя пры раскопках. На другiм паверсе размесцiцца экспазiцыя аб жывёльным i раслiнным свеце Гродзеншчыны. Тут жа будзе прадстаўлена гiстарычная кампазiцыя Гродна. Трэцi паверх адвядуць пад экспазiцыi, якiя расказваюць пра гiсторыю вобласцi ад пачатку Вялiкай Айчыннай вайны да нашых дзён.

Старажытная шахматная фігурка.

Будучая экспазіцыя

Намеснiк начальнiка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аксана Коханава расказвае пра будучы музей:

— У Гродна паступова пачалi прыязджаць турысты. У хуткiм часе пандэмiя адступiць, i нам трэба будзе прапанаваць гасцям нешта новае i цiкавае. Вырашылi, што iнтэрактыўны музей будзе цiкавы не толькi турыстам, але i самiм гродзенцам. Сёння выбiраем падрадную арганiзацыю, якая будзе распрацоўваць мастацкiя рашэннi для будучых экспазiцый. Хацелася б максiмальна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогii. Па параду i кансультацыю звяртаемся ў музеi Беларусi, якiя маюць такi вопыт. Акрамя таго, супрацоўнiчаем з Беларускiм саюзам мастакоў.



Адначасова супрацоўнiкi Гродзенскага гiсторыка-археалагiчнага музея распрацоўваюць праекты будучых экспазiцый.

— Сюды пераедуць экспазiцыi, якiя знаходзiлiся ў Старым замку да яго рэканструкцыi, — дадае Аксана Коханава. — Шмат хто памятае краязнаўчую экспазiцыю XIX—XX стагоддзяў, якая расказвала i аб прыродзе Панямоння. У сувязi з рэканструкцыяй замка, якая працягваецца, усе экспанаты трэба вывезцi. А гэта ўсё, што звязана з гiсторыяй Гродзеншчыны з самых старажытных часоў да нашых дзён: культура, этнаграфiя, прырода, прадметы побыту першабытных людзей, якiя жылi на гэтай тэрыторыi тысячы гадоў таму, i зброя сярэдневяковых войнаў, i пудзiлы жывёл, некаторым з якiх па 80—100 гадоў. Будучую экспазiцыю дапоўняць новыя артэфакты, знойдзеныя падчас правядзення археалагiчных раскопак першага этапу рэканструкцыi замка. Iх знойдзена больш за 3000.

Сёння будынак былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў працягваюць даводзiць да ладу. Ужо завершаны фасадныя працы.

Наведвальнiкам сумна не будзе

Экспазiцыя, прысвечаная Гродну, не будзе адарвана ад месцазнаходжання музея. Плануецца ўзнавiць макет рыначнай плошчы. Пры дапамозе спецэфектаў можна будзе ўбачыць, як яна мянялася на працягу некалькiх стагоддзяў. У цэнтры ўвагi i рака Нёман, адна з галоўных суднаходных артэрый, i першая ў Беларусi чыгунка, якая праходзiла праз Гродна. Пра iх раскажуць маштабныя дыярамы i iнтэрактыўныя экраны. Адкрыецца ў музеi i фотасалон XIX стагоддзя, дзе можна будзе зрабiць здымак на ўспамін у рэтраiнтэр’ерах. Госцi пабываюць на вулiцах горада мiжваеннага i ваеннага перыядаў.


— Галоўнае, каб наведвальнiку не было сумна, — адзначае дырэктар гродзенскага гiсторыка-археалагiчнага музея Юрый Кiтурка. — Для гэтага i будуць створаны iнтэрактыўныя зоны з сенсарнымi экранамi i iншымi аўдыявiзуальнымi сродкамi. Задума ў тым, каб раскрыць гiсторыю праз унiкальныя артэфакты ў даступных i лёгка ўспрымальных вобразах i формах. Акрамя таго, у новай экспазiцыi будуць прадстаўлены найбольш каштоўныя прыродазнаўчыя калекцыi гiсторыка-археалагiчнага музея. У цэнтры адной з зал з’явiцца шкiлет маманта ў натуральную велiчыню. Пры яго стварэннi выкарыстаюць астанкi жывёл часоў палеалiту, знойдзеныя пры раскопках.

Ва ўпраўленнi культуры аблвыканкама адзначылi, што ў недалёкiм будучым у Гродне з’явяцца новыя музеi.

— Пад новы музей адвядуць правае крыло Новага замка, з якога не так даўно выехала абласная бiблiятэка, — дадае Аксана Коханава. — Там поўным ходам iдзе рамонт. Гэта дазволiць ператварыць увесь каралеўскi палац у музейную пляцоўку. На вызваленых плошчах з часам будзе ўзведзены мастацкi музей, якога, згодна з грамадскiм меркаваннем, не хапае гораду. Тут будуць экспанавацца работы лепшых мастакоў рэгiёна, будуць прадстаўлены каштоўныя карцiны з запаснiкаў гiсторыка-археалагiчнага музея. Гэта дазволiць прыцягнуць больш наведвальнiкаў, сваiх i замежных.

kondratsieva@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter