Верхнядзвінскі райаграсэрвіс пашырае пералік і аб’ёмы паслуг гаспадаркам і паспяхова нарошчвае свой патэнцыял

«Гiльяцiне» ёсць што рэзаць

Урок Верхнядзвінскага райаграсэрвісу іншым: шануй сук, на якім сядзіш, бо з яго добра бачны і ўчарашні дзень, і перспектыва

Урок Верхнядзвінскага райаграсэрвісу іншым: шануй сук, на якім сядзіш, бо з яго добра бачны і ўчарашні дзень, і перспектыва


Год сем таму прыехаў у камандзіроўку на Шаркаўшчыну, каб расказаць, як авіятары выручаюць хлебаробаў на падкормцы азімых. “Нябесны памочнік” у той дзень так і не з’явіўся. Затое па зялёнай руні амаль што лятала, распырскваючы з доўгіх штангаў, нібыта крылаў, вадкія азотныя ўгнаенні, нябачаная да гэтага мною машына. І амаль не пакідала пасля сябе слядоў! 

 Валерый КАЗЛОЎ і Міхаіл ЖАЛЯЗНЯК рамантуюць плугі.

ТАК ўпершыню давялося ўбачыць “Дзвіну”. І яшчэ больш здзівіцца, пачуўшы, што зрабілі гэту цуда-тэхніку ў Верхнядзвінскім райаграсэрвісе. Агрэгат прыйшоўся даспадобы хлебаробам, была нават прынята абласная праграма па яго вытворчасці. 

Пры нядаўняй сустрэчы з галоўным інжынерам райаграсэрвісу Дзмітрыем Абуховічам успомнілі аб “Дзвіне”:

— Тады быў загадчыкам майстэрні. У стварэнні машыны прымалі ўдзел усе: кіраўніцтва прадпрыемства, інжынеры, токары, слесары, зваршчыкі. Затрымліваліся ў цэху да ночы, арганізоўвалі другую змену. Самі распрацавалі і вырабілі падвеску, кабіну, дзясяткі іншых вузлоў і дэталяў. Адзінае — толькі рухавік і каробка перадач ад “Нівы”. З-за гэтага былі вымушаны прыпыніць выпуск “Дзвіны” — дорага гэта каробка абыходзілася. 

Але пасля гэтага прадпрыемства не толькі не развалілася, як некаторыя аналагічныя іншыя, але і нарошчвае свой патэнцыял, выконваючы функцыі і сельгас- тэхнікі, і сельгасхіміі, і агразабеспячэння.

ТЭРЫТОРЫЯ райаграсэрвісу вялікая, нават і вокам адразу не акінуць. Усюды парадак: асфальт, падстрыжаная газонная трава, падноўленыя гмахі будынкаў.

Так і вытворчасць. Цэх рэстаўрацыі, па сутнасці, ніколькі не ўступае завадскому  па абсталяванні, не гаворачы ўжо аб работніках. 

Адразу на ўваходзе канструкцыя ў некалькі метраў вышынёй.  У калектыве яе празвалі «гільяцінай». І нядзіўна: ліст металу любой таўшчыні рэжа, нібыта паперу. Абслугоўвае станок Аляксандр Ганчароў, які да таго ж асвоіў прафесіі фрэзіроўшчыка, слесара, механізатара.

Значную плошчу займае і другі буйнагабарытны  такарны станок, на якім, калі глядзець збоку,  нібы гуляючы са шматкілаграмовымі жалезнымі балванкамі, упраўляецца  Пётр Сакалоўскі. З-пад яго рук выходзяць валы, шківы, паўвосі і другія дэталі. 

“Ноу-хау” майстэрні — імпартны станок плазменнай рэзкі металу, за які у свой час заплацілі звыш 200 тысяч долараў.  Ён настолькі вялікі, што займае асобнае памяшканне.  На ім, па зададзенай камп’ютарам праграме, можна выразаць дэталі рознай складанасці. 

Майстры цэха паказалі некаторыя работы. Адна з іх — рэстаўрацыя кранштэйна навясной нямецкай касілкі. Абыходзіцца ён у 3—4 мільёны старых рублёў, а каб купіць новы, давядзецца заплаціць у 5—6  разоў больш. Тут вырабляюць і зусім новыя дэталі і вузлы. Так, для той жа “клаасаўскай” навясной касілкі зладзілі “башмакі”. Стацыянарныя на нашых землях не выходжваюць тэрмін службы. А набыць іх не так лёгка. Ды і неабходна валюта.

— Наша задача,— працягвае Дзмітрый Абуховіч, —  не толькі дапамагчы  сельгаспрадпрыемствам  у складаным рамонце тэхнікі, але і поўнасцю рэстаўраваць дэталі, узнаўляць. Сёння без кормараздатчыкаў не абыйсціся на ферме.  Ад карозіі прагнівае днішча, зношваецца шнэк. З ліставога металу ладзім днішча, замяняем віткі  шнэка, падшыпнікі. Усё гэта ў разы танней, чым новы. Такім чынам аднавілі ўжо 18 агрэгатаў   свайго і Міёрскага раёна. Шмат заявак паступае на рамонт пасяўных агрэгатаў. Часта выходзяць са строю апорныя восі. Выточваем новыя… 

У цэху рэстаўрацыі аднаўляюцца таксама раскідвальнікі мінеральных і арганічных угнаенняў, зваротныя плугі,  агрэгаты для хімічнай праполкі пасеваў. Выраблена больш за два дзясяткі вакуумных помпавых ўстановак для даення кароў на выпасах. У іншых цэхах  рамантуюцца  рухавікі і каробкі перадач, паліўныя сістэмы  да трактараў МТЗ-80, МТЗ-82, Т-150. 

На самым уездзе размясцілася станцыя тэхабслугоўвання энерганасычаных трактараў МТЗ-3022 і іх “лінейкі”.

Цікаўлюся, чаму ў майстэрнях не шматлюдна, і чую, што людзі і тэхніка дапамагаюць гаспадаркам. 

Так, кормаўборачны атрад задзейнічаны ў ААТ “Баліны”. За тыдзень дапамог назапасіць тры тысячы тон сенажу. 

Яшчэ адзін ўносіць арганіку. Ён разбіты на два звяны і пабывае практычна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна.

Механізаваныя атрады райаграсэрвісу таксама можна заўважыць на ворыве, сяўбе, уборцы зерневых і рапсу, вапнаванні глебы.

Вяртаецца, хоць пакуль што і не ў ранейшых аб’ёмах, абслугоўванне  жывёлагадоўчых фермаў перасоўнай механізаванай калонай райаграсэрвісу. Акрамя наладкі абсталявання, пабелены шэраг саміх памяшканняў, адрамантаваны артэзіянскія свідравіны.

Словам, Верхнядзвінскаму  райаграсэрвісу нічога асабліва ўзнаўляць і не трэба, а толькі нарошчваць далей аб’ёмы. 

КАЛІ развітваліся з Дзмітрыем Абуховічам, на ўзгадкі зноў прыйшла “Дзвіна”. Няўжо яна ў мінулым?

Галоўны інжынер павёў яшчэ ў адзін цэх і паказаў неверагоднай формы канструкцыю. 

— Гэта граблі для валкавання  сена і сенажу, — раскрывае сакрэт Абуховіч. — Увесь матэрыял свой, акрамя шлангаў, гумы і цыліндраў.

Спрабую запярэчыць, што можна набыць і завадскія.

— У тым і справа, што, каб зрабіць валок тымі граблямі, патрэбны два заходы, а нашым дастаткова і аднаго. 

Гэта ўжо  другі экзэмпляр. Першы паспяхова праходзіць выпрабаванні на палях. Адзнака — самая высокая! Новы агрэгат верхнядзвінцаў заказалі ўжо з дзясятак гаспадарак.

saulich@bk.ru

P.S. Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што дырэктар ААТ “Верхнядзвінскі райаграсэрвіс” Сяргей Скавародка выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Віншуем!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter