Гібель гігантаў

Людзям заўсёды цікава зазірнуць у сваю будучыню, асабліва ў глабальным маштабе. Няхай сабе шматлікія прагнозы і прадказанні ў тэму — справа даволі не надзейная. Верагоднасць іх увасаблення ў рэальнае жыццё знаходзіцца далёка ад адзнакі ў сто працэнтаў.

Напярэдадні Новага года міжнародная фінансавая група Bloomberg вызначыла і прадставіла на суд шырокай аўдыторыі шэраг негатыўных падзей, якія могуць адбыцца з чалавецтвам у бліжэйшае дзесяцігоддзе.

Нагадаю, што з іх папярэдніх прагнозаў некалькі ўжо спраўдзіліся. Тры гады таму фінансавыя эксперты арганізацыі спрагназавалі выхад Вялікабрытаніі з ЕС і перамогу Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах. І вось цяпер новыя звесткі ад Bloomberg: нізкія тэмпы нараджальнасці і ранні выхад на пенсію справакуюць крызіс у сістэме сацыяльнага страхавання ў Еўропе, забяспечыўшы непрыхаваны раскол пакаленняў. Як вынік гэтага: развал Еўрасаюза і падзел Бельгіі на тры часткі — Валонію, Фландрыю і Брусель.

Апроч усяго, аналітыкі ацэньваюць як рэальную ў 2018-м ядзерную атаку Паўночнай Карэі і чарговую перамогу дзеючага прэзідэнта ЗША падчас выбараў у 2020 годзе. Цікава: на выбарах амерыканскага лідара ў 2024 годзе — прэзідэнтам Злучаных Штатаў, згодна з аналізам стратэгаў фінгрупы, стане папулярны тэлевядучы Джымі  Кімел. Да 2028 года нафта згубіць сваё першапачатковае лідарства на планеце, паколькі пачнецца масавая вытворчасць электрычных аўтамабіляў.

Паводле прагнозаў Bloomberg, рэвалюцыйныя змены адбудуцца і ў фінансавай галіне: асобныя краіны пяройдуць на ўласныя крыптавалюты, што прывядзе да рэзкага падзення сусветных фінансавых рынкаў, а біткоін, нарэшце, канчаткова даканае ў 2028 го-дзе традыцыйныя банкі. Да таго ж, фэйкавыя навіны ў сацыяльных сетках стануць безкантрольнымі, што, безумоўна, прывядзе да гібелі такіх гігантаў, як Facebook, Twitter и Google.

Сваю “лыжку дзёгцю” ў інфармацыйную бочку мёду — у ацэнцы сусветнага развіцця на бліжэйшыя дзесяць гадоў — падкінулі эксперты вядучай міжнароднай кансалтынгавай кампаніі McKinsey. Яны ўпэўнены, што аўтаматызацыя і робатызацыя экономікі стануць трэндам і пагрозай і выйдуць на пярэдні план. З-за гэтых тэхналагічных працэсаў з рынкаў працы можа знікнуць каля 375 мільёнаў рабочых месцаў. Адзначаецца: могуць быць аўтаматызаваны не менш за 30 працэнтаў функцый для 60 працэнтаў існуючых прафесій. Напрыклад, у Германіі і ЗША зараз патэнцыял аўтаматызацыі складае адпаведна 24 і 23 працэнты чалавека-гадзін, у Кітаі — 16.

Дадае і экс-кіраўнік кампаніі Citigroup Вікрам Пандыт. Ён лічыць: у бліжэйшае пяцігоддзе сусветная банкаўская індустрыя скароціць прыкладна 30 працэнтаў рабочых месцаў — у Амерыцы працу згубяць 770 тысяч банкаўскіх служачых, а ў ЕС — каля мільёна.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter