Гэты сярэбраны звон — ад старасельскiх млыноў

Многiя шукаюць экзотыку, як кажуць, за сiнiмi марамi i за высокiмi гарамi. А можна i побач раскрыць такiя скарбы, што хоць запiсвай у працяг самых неверагодных прыгод

Чалавеку ўласцiва iмкнуцца да таямнiчага i невядомага. Многiя шукаюць экзотыку, як кажуць, за сiнiмi марамi i за высокiмi гарамi. А можна i побач раскрыць такiя скарбы, што хоць запiсвай у працяг самых неверагодных прыгод. Разам з краязнаўцам i педагогам Старасельскай сярэдняй школы Вiцебскага раёна Маргарытай Юшкевiч мы зрабiлi спробу стаць першымi вандроўнiкамi па будучым непаўторным турыстычным маршруце на беларускай поўначы. 

--------------------------

Згадкi старога млына 

Тут i сапраўды ўсё настройвае на паэтычны лад. I не толькi таму, што Старасельшчына лашчыць вока прыгожымi ландшафтамi ў любую пару года. Урэшце, любы куток, дзякаваць Богу, просiцца на палотны жывапiсца. Вёска Старое Сяло з ваколiцамi — яркае таму пацвярджэнне. Невысокiя прадаўгаватыя ўзгоркi чаргуюцца з раўчукамi ды нiзiнамi. Па днiшчы апошнiх струменяць гарэзлiвыя ручаi i рачулкi, якiя нясуць свае  воды да прыгажунi Заходняй Дзвiны. Яна ж у сваю чаргу збiрае данiну i павольна коцiцца на захад да самага Балтыйскага мора. 

У Сярэднявечча на Старасельшчыне закладвалiся падмуркi сядзiб многiх славутых асоб, будавалiся прыгожыя цэрквы. Зведаў гэты край i прыгоннае права, i першыя камуны пасля рэвалюцыi, i калектывiзацыю з калгасамi, i драмы сталiнскiх рэпрэсiй. Самы высокi чалавек на свеце Фёдар Махноў нарадзiўся, жыў i скончыў кароткi век тут на сконе ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя. I сёння захаваўся стары млын на рэчцы Заронаўцы, дзе працаваў велiкан наймiтам у мясцовага пана. Безлiч усялякiх гiсторый, бывалiц i паданняў можна пачуць пад сярэбраны звон рэчкi Заронаўкi ля старога млына, асаблiва ў летнюю спякоту. 

Чорным груганом праляцела над старасельскiм краем Вялiкая Айчынная вайна. У 1943—1944 гадах ён быў арэнай жорсткiх баёў за авалоданне суперумацаванай варожай абаронай “Мядзведжы вал”. Больш за чатыры тысячы нашых воiнаў склалi галовы ў той кровапралiтнай сечы, а трое ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. 

Краязнаўцамi Старасельскай СШ на чале з Маргарытай Юшкевiч распрацаваны праекты турысцкiх маршрутаў па родным краi. Ёсць варыянты аднадзённых i мнагадзённых падарожжаў. Iх адмысловасць – у няспешных пешых вандроўках. Не ўсюды можна праехаць транспартам, бо частка маршрутаў – гэта грунтавыя прасёлкi i сцяжынкi. Але ў гэтым якраз свая экзотыка, вытанчанасць i нават рамантыка. Так-так, не здзiўляйцеся i не абурайцеся!  Хiба можна пачуць той жа сярэбраны звон рэчкi Заронаўкi, седзячы за рулём айчынных “жыгулёў” цi фанабэрыстага заморскага джыпа? 

Забалочаных мясцiн на маршрутах амаль не сустракаецца. А смагу можна наталiць з калодзежаў i калонак у вёсках, праз якiя iдуць вандроўнiкi. Прадуманы i начлегi: у добрае надвор’е няма лепшага адпачынку, як каля вог­нiшча i ў палатках. I не там, дзе каму ўздумаецца, а цывiлiзавана. Зручныя прывалы i месцы вогнiшчаў вызначаны на гарадзiшчы, царквiшчы, Велiканавым хутары i ля вёскi Пабядзiншчына. Усюды там сухiя пагоркi, чыстая пiтная вада i дастатак сухiх дроў для рамантычных кастроў. 

--------------------------

Жыў-быў  Фёдар  Вялiкi

Нi ў адной з краiн у свеце не пачуеце вы такую неверагодную бывалiцу. Пачынаецца яна з таго, што ў 1878 годзе ў вёсцы Касцюкi, што непадалёк ад Старога Сяла, нарадзiўся хлопчык Федзя Махноў. Мацi пасля родаў памерла. Да 10 гадоў дзiця выхоўвалася ў дзеда. I нiчым не адрознiвалася ад сваiх равеснiкаў. 

Але нечакана з 12 год хлопчык стаў расцi, як у той казцы, не па днях, а па гадзiнах. Ды так iмклiва, што ў 16 год падлетак быў ужо двухмятровым. Неяк на базары Федзьку прыкмецiў вандроўны ўла­дальнiк нямецкага цырка. Ды i як было не прыкмецiць, калi ў любым натоўпе хлапец узвышаўся над усiмi, быццам ён быў на хадулях? Немец запрасiў Фёдара працаваць да сябе. I не прагадаў, бо ажно 9 гадоў беларускi велiкан зарабляў свайму гаспадару добрыя грошы на выступленнях цырка па ўсёй Германii. За гэты час Махноў, кажучы каламбурам, вымахаў да 285 сантыметраў!  

Багатым на Нямеччыне малады велiкан не стаў, бо грошы вядома каму даставалiся. Але ж такi-сякi запас зрабiў, каб вярнуцца на радзiму i завесцi ўласную сялянскую гаспадарку. У родных Касцюках Фёдар Вялiкi  купiў у мясцовага пана сядзiбу. Хоць i з цяжкасцю, але падшукаў адпаведна росту нявесту на 185 сантыметраў – настаўнiцу вучылiшча Ефрасiнню Лебе­дзеву. 

Неўзабаве ў iх нарадзiлiся  дачка Марыя i сын Мiкалай. I тут нечакана Махноў iзноў атрымаў запрашэнне з Германii ад былога гаспадара цырка. Параiлiся Фёдар з Ефрасiнняй, i ўсёй сям’ёй вярнулiся ў Германiю, бо дома заробкаў не выпадала. З вандроўным цыркам Махновы аб’ездзiлi паў­света – Iталiю, Бельгiю, Галандыю, Францыю, Англiю… Нават да ЗША дабралiся. 

На гэты раз шмат грошай зарабiлi Махновы. Велiкан дзiвiў i цешыў еўрапейцаў сваiмi незвычайнымi здольнасцямi. Ён мог лёгка скруцiць у спружыну вялiзны лом, а затым выпрамiць яго. Ударам кулака трушчыў у пыл цаглiны. Цэлы аркестр духавых iнструментаў выступаў на падмостках, выкладзеных з дошак на целе асiлка. У ягоных ботах хавалiся дзеткi-малалеткi, бо даўжыня ступнi Фёдара Вялiкага была 51 сантыметр, а далонi – 32 сантыметры. 

Паступова папулярнасць i вандроўкi па чужыне нада­кучылi. Зноў вяртанне на радзiму. На гэты раз канчаткова. Ды i хваробы сталi навальвацца. Яшчэ ў дзяцiнстве Фе­дзя моцна застудзiў ногi, калi працаваў у пана на вадзяным млыне. I вось дайшло да таго, што велiкан не змог нi хадзiць, нi працаваць. Нейкi час ездзiў верхам на самым высокiм канi, якога толькi можна было адшукаць у акрузе. Хворыя ногi, як плецi, валачылiся па зямлi. Так i не змог гiгант ачомацца ад хранiчнага рэўматызму. Згас вiцебскi гулiвер зусiм яшчэ маладым i быў пахаваны на вясковых могiлках непадалёк  ад роднага котлiшча. З цягам часу i вёскi Касцюкi не стала, а месца, дзе пахаваны асiлак, сталi называць Велiканавым хутарам… 

Згодна з праектам краязнаўцы i педагога Маргарыты Юшкевiч, каб аб’ект турызму “Велiканаў хутар” стаў дзеючым i прыцягальным, неабходна прыкласцi канкрэтныя намаганнi. У прыватнасцi, зрабiць падсыпку на асобных участках дарогi ад Старога Сяла да броду праз рэчку Заронаўку. I праз саму рэчку Заронаўку трэба пабудаваць мост цi скласцi трубу на шырыню ў сем метраў. Патрабуе ўпарадкавання магiла велiкана: зрабiць новы помнiк з агароджай i прыступкi да яго. У турыстычную iнфраструктуру напрошваецца стварэнне драўлянага дома-музея самага высокага чалавека на Зямлi з аднаўленнем былой унутранай планiроўкi. Паблiзу дома можна пасадзiць дзiкiя цi пладовыя дрэвы, разбiць кветнiкi, выкапаць калодзеж для пiтной вады. 

Магчымы i другi варыянт: пабудаваць драўляны дом-музей  ве­лiкана Махнова побач са Старасельскай СШ i ўключыць яго ў агульны комплекс мясцовага гiсторыка-краязнаўчага музея. Сродкi не надта вялiкiя ў параўнаннi з iншымi сацыяльнымi праграмамi. I яны абавязкова акупяцца паломнiцтвам айчынных i замежных турыстаў да месца жыцця i апошняга прытулку самага высокага чалавека на планеце. 

---------------------------

«Выходзiла  на  бераг  «кацюша»…»

Не меншую цiкавасць у турыстаў абяцае выклiкаць своеасаблiвы маршрут гераiчнага мiнулага Вялiкай Айчыннай вайны. Хаця б месца подзвiгу Героя Савецкага Саюза  Дзмiтрыя Пярова. 

На высокiм беразе рэчкi Заронаўкi ёсць паляна, на якой у 1944 годзе сiбiрак, вадзiцель баявой машыны з рэактыўнай устаноўкай “кацюша” Дзмiтрый Пяроў вызначыўся неверагоднай мужнасцю. Было гэта ў лютым, калi гiтлераўцы выявiлi месцазнаходжанне “кацюш” i правялi жудасны абстрэл нашых пазiцый. Агнявой хваляй са склада ракет М-13 выкiнула ажно 14 снарадаў. Два з iх самаўзгарэлiся. А побач чатыры ракетныя ўстаноўкi “кацюша” з разлiкамi i камплектамi ракет. Цяжка нават уявiць, калi б боепрыпасы ўзарвалiся. Са смяротнай рызыкай вадзiцель адной з рэактыўных установак Дзмiтрый Пяроў адзiн за другiм  абясшкодзiў палаючыя рэактыўныя снарады. У любы момант мог здарыцца выбух. Адлiк часу памiж жыццём i смерцю для дзесяткаў воiнаў i сакрэтнай тэхнiкi iшоў на секунды. I ў гэтым жудасным паядынку перамог чалавек. Заслужанай узнагародай для  асiлка духа на зямлi велiкана Фёдара Махнова стала Залатая Зорка Героя. 

Праз некалькi дзён, а дакладней 10 лютага 1944 года, у час прарыву варожай абароны каля вёскi Пабядзiншчыны быў падбiты ворагамi танк пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза лейтэнанта Уладзiмiра Краева. Камандзiр баявой машыны загiнуў. Старасельская зямля стала апошнiм прытулкам мужнага рыцара нашага часу. 

Увогуле, мясцiны гэтыя палiты крывёю тысяч воiнаў-вызвалiцеляў. Ёсць нават вялiзнае поле, якое мае злавесную назву Далiна смерцi. Зiмою, на зыходзе 1943-га — пачатку 1944 года ў час наступальнай аперацыi загiнула столькi салдат i афiцэраў з абодвух бакоў, што поле ператварылася ў гiганцкiя могiлкi. Адсюль i такi змрочны выраз — Далiна смерцi. 

Толькi на брацкай магiле ў Старым Сяле змешчаны прозвiшчы каля трох тысяч савецкiх воiнаў i партызан. Але наўрад цi будзе калi вызначаны поўны спiс герояў i названы апошнi вызвалiцель “велiканавай зямлi” ад нязваных гасцей. Хiба што турысцкiя маршруты i экспедыцыi дазволяць разведаць тайны, якiя схаваны ў глыбiнi стагоддзяў цi пад зарослымi сцежкамi-дарожкамi навейшай гiсторыi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter