«Гэты колас выстаяў у вялікія снег, ваду і жару...»
16.07.2013 19:02:37
У мінулую суботу ў Верхнядзвінскім раёне на базе ААТ «Прудзінкі» прайшлі абласныя «Зажынкі»
ПЕРШЫ сноп новага ўраджаю ўручыла намесніку старшыні Віцебскага аблвыканкама Эдуарду ДЗЯМ’ЯНАВУ галоўны тэхнолаг раёна, намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству Люцыя ГРЭСЬКО: — Гэта мая саракавая ўборачная, — сказала яна, — і самая складаная за ўсе гады. Колас «прайшоў» вялікі снег, вялікую ваду, вялікую жару і — выстаяў: цяжкі, прыгожы, вясёлы. Сёння, гледзячы на багатыя палеткі пшаніцы, ячменю, жыта ў раёне, цяжка паверыць, што яшчэ вясной ураджай быў пад пагрозай гібелі: Дзвіна, выйшаўшы з берагоў, затапіла тады не толькі тысячы гектараў пасеваў, але і палову самога Верхнядзвінска. Днём і ноччу працаваў штаб на чале са старшынёй райвыканкама Ігарам МАРКОВІЧАМ. Былі прыняты ўсе магчымыя і нават немагчымыя меры па выратаванні азімых, па правядзенні ў вельмі складаных умовах сяўбы яравых. Летась верхнядзвінцы сабралі рэкордны ўраджай — 88,4 тысячы тон, 34,8 цэнтнера на круг. Сёлета яны разлічваюць паўтарыць поспех.
Айцец Валянцін правёў малебен на паспяховае правядзенне ўборачнай і пакрапіў прысутных і тэхніку святой вадой.
Аб тым жа, як лепш і без страт сабраць у вобласці ўраджай, вялася гаворка з самай раніцы на семінары-нарадзе ў зале Верхнядзвінскага райвыканкама з удзелам старшынь райвыканкамаў, начальнікаў раённых упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, спецыялістаў аблсельгасхарчу. Разгледжаны пытанні па гатоўнасці тэхнікі, сушыльнай гаспадаркі, пунктаў прыёму зерня. Для больш эфектыўнай работы аўтамабільнага транспарту прапанавана раздзяліць яго функцыі: машынам сельгасарганізацый дастаўляць зерне толькі ад камбайнаў на зернеток. З зернетакоў гатовую прадукцыю забіраць транспартам камбінатаў хлебапрадуктаў і іншых арганізацый. Будуць задзейнічаны нават 64 машыны прадпрымальнікаў.
Яшчэ адзін важны момант: усё зерне абавязкова пройдзе тэрмічную апрацоўку. Для гэтага пастаўлена задача, каб усе сушылкі былі задзейнічаны кругласутачна. Абавязкова дапамагчы тым, у каго слабая сушыльная гаспадарка. Што і робіць не першы год ААТ «Шайцерава», у чым маглі пераканацца ўдзельнікі нарады на яе практычнай частцы.
У гаспадарцы 5 год назад узведзена новая сушылка. Сёлета з’явілася яшчэ адна — КЗСВ-30. Як паведаў дырэктар ААТ «Шайцерава» Міхаіл Гумнянкоў, дзве сушылкі за сезон могуць перапрацаваць 14 тысяч тон зерня. Летась сабралі 11,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 47,5 цэнтнера з гектара. Занялі другое месца ў вобласці па гэтаму паказчыку і былі ўдзельнікамі рэспубліканскіх «Дажынак». Новая КЗС пабудавана на перспектыву, з разлікам на яшчэ большыя ўраджаі. А пакуль што ёсць магчымасць аказаць дапамогу і суседзям. Тым больш што сушылка дазваляе рыхтаваць на ёй зерня адразу на здачу дзяржаве.
Сакрэт поспеху верхнядзвінцаў яшчэ ў тым, што тут пры любых абставінах думаюць пра дзень наступны. Толькі-толькі прыступаюць да жніва, а тутэйшыя хлебаробы ўжо дбаюць пра ўраджай будучы. Прыклад таму — новабудоўля ў ААТ «Прудзінкі», дзе сёлета ўзведзены сучасны комплекс па падрыхтоўцы элітнага насення коштам 7,2 мільярда рублёў.
— Наша гаспадарка — насенневодчая. Абсталяванне італьянскай фірмы «Югус», якое зманціравана і гатова да работы, дазволіць рыхтаваць насенне па самых высокіх патрабаваннях. Усе зярняткі падбіраюцца адно да другога па вазе і памеру, не раўнуючы, як салдаты ў элітных войсках. А гэта гарантуе аднолькавую энергію прарастання, устойлівасць, — тлумачыць «БН» дырэктар ААТ «Прудзінкі» Васіль Краснік, таксама між іншым удзельнік леташніх рэспубліканскіх «Дажынак».
Элітным насеннем ААТ «Прудзінкі» забяспечыць не толькі гаспадаркі свайго раёна, але і многіх іншых у вобласці.
НА ЗДЫМКУ: намеснік Верхнядзвінскага начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству
Люцыя ГРЭСЬКО ўручае першы сноп намесніку старшыні Віцебскага аблвыканкама Эдуарду ДЗЯМ’ЯНАВУ.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»