У Беларусі — выбух нараджальнасці: за дзесяць гадоў яна вырасла на трэць

Гэты бум дзіцячым завецца

У краіне — выбух нараджальнасці: за дзесяць гадоў яна вырасла на трэць

Дасягненні беларускай медыцыны атрымалі сусветнае прызнанне — па дзіцячай і матчынай смяротнасці краіна займае чацвёртае месца на планеце. Нараджальнасць і зусім б’е рэкорды — за дзесяць гадоў вырасла на трэць. Падобнай статыстыкі мясцовыя дэмографы не бачылі з канца 1990-х гадоў.



— Па даступнасці паслуг па ахове рэпрадуктыўнага здароўя мы на ўзроўні такіх краін, як Францыя, Фінляндыя, Люксембург, — гаворыць старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя Аляксандр Цацоха.

Мінулы год для Міністэрства аховы здароўя Беларусі — супярэчлівы. Здарыўся сапраўдны бэбі-бум: у 2015-м нараджаль­насць павысілася на 9,6 працэнта, на свет з’явілася 119 509 дзетак — столькі нованароджаных не было апошнія дваццаць гадоў. Але ў канцы мінулага года нечакана здарыліся дзве смерці немаўлят у радзільнях у Оршы і Наваполацку. Абедзве гісторыі не засталіся толькі сямейнай бядой. Медыкі спрабуюць разабрацца, як такое магло адбыцца. Бо толькі калі зразумець прычыны, можна пазбегнуць паўтору трагедый.

Беларусь у апошнія гады ўпэўнена ўваходзіць у 50 лепшых краін па вя­дзенні цяжарнасці, арганізацыі родаў. Сістэма перынатальнай дапамогі і высокія тэхналогіі — візітная картка беларускай аховы здароўя. Усё гэта не здарылася само сабою. І не дасталася ў спадчыну, хоць у краіне пастараліся не ламаць тое добрае, што было ў СССР. Два дзесяцігоддзі назад у Беларусі пачалі рэформу, захаваўшы бюджэтную сістэму і тэрытарыяльны прынцып медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

На ахову здароўя ў краіне вылучаюць каля чатырох працэнтаў ВУП. Пры гэтым дзяржбюджэт выдзяляе львіную долю фінансавання на захаванне здароўя грамадзян — больш за 70 працэнтаў. Час паказаў: стратэгія выбрана правільна.

У Беларусі змаглі адбудаваць дакладную сістэму меддапамогі: ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў на вёсцы да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. За апошнія дзесяць гадоў мадэрнізаваны радзільныя аддзяленні ва ўсіх раённых бальніцах. Там, як і ў перынатальных цэнтрах міжраённага і абласнога ўзроўню, устаноўлена самае сучаснае абсталяванне.

Складаныя выпадкі — поле для дзейнасці спецыялістаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Маці і дзіця”. Спецыялісты ў рэгіёнах могуць скарыстацца інтэрнэт-кансультацыямі або тэлесемінарамі свяціл медыцыны.

Пра эфектыўнасць беларускай сістэмы родадапамогі гавораць лічбы — выжывальнасць нованароджаных з масай 500-1000 грамаў складае 82 працэнты.

— Такіх вынікаў удалося дабіцца дзякуючы дзвюм Нацыянальным праграмам дэмаграфічнай бяспекі, а таксама тэхнічнаму перааснашчэнню радзільных дамоў і павышэнню кваліфікацыі кадраў, — лічыць міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко.

Да падрыхтоўкі медыкаў падышлі асабліва. Для тых, хто атрымлівае адукацыю за кошт дзяржавы, існуе сістэма абавязковага размеркавання. Гэта дазволіла на 80 працэнтаў вырашыць праблему кадравага дэфіцыту ў глыбінцы.

СААЗ лічыць, што Беларусь дасягнула заяўленых Мэт тысячагоддзя ў сферы аховы мацярынства і дзяцінства.

— Намаганні, накіраваныя на ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя, далі відавочны вынік. Дасягненне нулявога паказчыку смяротнасці маці пры родах — гэта найвышэйшае дасягненне не толькі ў Еўропе, але і ў свеце, — заявіла дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Жужанна Якаб.

Генадзь Молахаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter