Война перечеркнула детство: воспоминания бывшей узницы фашистских концлагерей

Гэты боль назаўсёды

Як ні стараецца Лідзія Іванаўна Шаўцова забыць пра вайну, нічога з гэтага не атрымліваецца. Мы сядзім у яе ўтульнай кватэры, і гамяльчанка раз-пораз кідае позірк на дваровую тэрыторыю. Там, у зеляніне дрэў, пад сонечнымі блікамі, сваволіць ветрык, чуюцца смех, жарты і даганялкі — дзятва весяліцца.

Больш за ўсё вязні баяліся не холаду і нават не пустога страўніка, а захварэць. 
bookunitsteacher.com


— Шчаслівыя, — падае голас жанчына. — Радуюся за іх і па-добраму зайздрошчу. Мне нямала гадоў, 88 ужо. Шмат што пабачыла, перажыла, а вось дзяцінства не было. Яго перакрэсліла вайна.

Акупацыя


Лідзія Шаўцова.
Сям’я Агароднікавых (дзявочае прозвішча Лідзіі Іванаўны) жыла тады ў Касцюкоўцы, за 12 кіламетраў ад Гомеля. Бацька Іван Львовіч быў галоўным бухгалтарам калгаса, маці Хрысціна Іванаўна гаспадарыла дома. Старэйшы сын Віктар служыў у арміі і, як выявілася пасля вайны, штурман самалёта-знішчальніка загінуў у паветраных баях з фашыстамі. Малодшыя Васіль і Ліда вучыліся ў школе.

Лідзія Іванаўна памятае нямец­кія бамбёжкі, захоп вёскі, сумнае вяртанне дадому з берагоў Сожа, калі далейшы шлях сям’і на ўсход быў ужо адсечаны ворагам. Немцы забралі ў Агароднікавых, як і ў іншага мясцовага люду, усё што можна: карову, свіней, а курэй пастралялі, саму сям’ю абклалі рознымі падаткамі. Выжывай як хочаш. За ігнараванне новых парадкаў — шыбеніца ці расстрэл.

З другой паловы 1942 года нацысты пачалі наладжваць аблавы, ад якіх цяжка было ўратавацца. У час адной з іх, восенню 1943 года, Агароднікавых разам з бабуляй і цёткай Лідай у калоне з іншымі жыхарамі пагналі на чыгуначную станцыю і заштурхалі ў таварняк.

У пекле

Везлі некалькі сутак. Потым каманда: на выхад! Брандэнбург — перасадзілі ў машыны. Адвезлі ў лес — калючая агароджа, некалькі драўляных збудаванняў барачнага тыпу, вартавыя вышкі з кулямётамі. І такі смурод у паветры, хоць нос затыкай. З’явіліся два немцы з перакладчыкам. Апошні растлумачыў, што аб’ект прызначаны для сані­тарнай апрацоўкі людзей. Вашым славянскім вошам, дадаў, каб яны не квапіліся на чыстую арыйскую кроў, тут у выніку дэзін­фекцыі будзе капут. Пагрэецеся, адмыецеся ў лазні і nach arbeit. Немцы пачалі фарміраваць групы, называючы іх нумары. Адных адводзілі ў бок, другіх праз пэўны час павялі ў лазню. Агароднікавы трапілі ў апошнюю групу. Бацькі ў ёй не аказалася.

— Чым бліжэй, — цяжка ўздыхае Лідзія Іванаўна, — мы падыходзілі да барака, тым больш смуродзіла. Перад самым будынкам усіх пастрыглі і загадалі распрануцца дагала. На нашы нясмелыя пратэсты канваіры пусцілі ў ход прыклады. У прадчуванні нечага нядобрага ледзь цягнем ногі па вельмі доўгім калідоры. І вось адкрываюцца металічныя дзверы, і мы — у вялікім пакоі. Голыя сцены, ніводнага акна...

Лідзія Іванаўна закрывае рукамі твар, па якім нечакана сыпанулі слязінкі. Праз колькі хвілін, сабраўшыся з сіламі, працягвае свой сумны аповед:

— …А падлога такая бліскучая і гладкая, як лёд на возеры. І раптам глядзім: з процілеглага ад нашай сям’і боку яна апускаецца ўніз, і адтуль шуганула нясцерпным жарам. І туды пакаціліся людзі… жудасныя крыкі, плач… А перад намі, бачым, падлога паднімаецца і па ёй спрабуюць ускараскацца ўгору тыя, хто яшчэ не скаціўся. Ды слізгота ж… І яны, як на санках, уніз… У жарало печы… Увесь гэты час мама трымалася за ручку дзвярэй, а мы ўчапіліся за яе. Не сумняваюся, што і мы апынуліся б у тым пекле, калі б не адбыўся цуд. Падлога нечакана выраўнялася, скрыгатнулі дзверы, зайшоў перакладчык і з усмешачкай (уяўляеце — з усмешачкай!) абвясціў: здарылася памылка. Пераблыталі нумары груп.

Нацысты не шкадавалі ні старых, ні малых.
vistanews.ru


Эберсвальдэ. 1943—1945 гады

У новым месцы зняволення — такія ж лес, калючая агароджа, вышкі з кулямётамі. Толькі збудаванні цагляныя. У пакоі, куды пасялілі Агароднікавых, стаяла восем двух’ярусных нараў. Баракі не ацяпляліся, электрасвятла ў іх не было. Усім выдалі паласатыя халаты з нумарнымі знакамі і драўляныя калодкі ў якасці абутку. Дарослых пад канвоем ранкам вадзілі за тэрыторыю лагера на засакрэчаны падземны завод па вырабе снарадаў, дзе яны знаходзіліся да позняга вечара. Тым, у каго была цяжкая работа, давалі па паўкілаграма хлеба на дзень, іншым — 330 грамаў, а дзецям, якія заставаліся ў казармах і займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі ці нейкімі іншымі работамі, — па 150 грамаў. У сталовай, якая таксама знаходзілася за агароджай, дзеці і дарослыя атрымлівалі порцыю пахлёбкі-баланды з бручкі.

Больш за ўсё вязні баяліся не холаду і нават не пустога страўніка, а захварэць. Бо ведалі, што доктара ў лагеры не было, што лекаў ніхто не дасць, а кожную раніцу праходзіла праверка на наяўнасць памерлых ці хворых. Калі іх выяўлялі, то некуды забіралі, і яны ў лагер ужо не вярталіся.

Ад недаядання ў Ліды станаві­лася цёмна ў вачах, развілося малакроўе. Усё часцей і часцей яна зашывалася ў які-небудзь куточак і сядзела там. Аднойчы ў канцлагер завітала пажылая немка, каб узяць сабе памочніцу па гаспадарцы. Дзяўчат выстраілі ў рад, і госця пачала прыглядацца да іх. Ліды там не было, бо наглядчыца нават не палічыла патрэбным паставіць яе туды — слабенькую і худзюшчую як трэска.

— А гэта хто ў тым кутку? — запытала фрау.

— Для работы яна не прыгодна, — быў адказ. — Самі бачыце, якая…

Але жанчына падышла да Ліды, угледзелася ў яе тварык, усміхнулася, спытала, як завуць, і, прамовіўшы толькі «Гут», павяла да сябе.

— Фрау Фрыда і яе муж Ота Шміт, які працаваў загадчыкам пральні, жылі ў доміку за лагернай агароджай. Я думаю, што мяне, няшчасную, яна проста пашкадавала. Бо не такой ужо надзейнай памочніцай я была. Фрау заўсёды садзіла мяне за стол, калі сям’я абедала. Больш таго (на ноч я вярталася ў лагер), прывязвала да майго цела такія-сякія прадукты і папярэджвала, каб я нікому не прызнавалася, што ў іх харчавалася. Такім чынам я не пазбаўлялася свайго пайка, які даставаўся бацькам.

Вызваленне

Паўтара года знаходзілася сям’я Агародні­кавых у няволі. І вось настаў доўгачаканы момант: усё часцей да канцлагера даносіліся водгукі бамбёжак, артылерыйскай, а затым і кулямётнай страляніны. Усім было зразумела: Чырвоная Армія хутка будзе тут. Аднойчы раніцай выявілася, што на вартавых агнявых вышках пуста. Што ніхто нікога не гоніць на работу. Што начальства лагера дало драпака. У такой вось сітуацыі вязні пачалі разбягацца па лясах. Быў цяжкі пераход да Варшавы, дзе знаходзіўся размеркавальны пункт па вяр­тан­ні на радзіму.

— Тату адразу забралі ў армію, — гаворыць Лідзія Іванаўна, — і ён ваяваў пад Берлінам, а нас замацавалі за вайсковай часцю, дзе я з галадухі так аб’елася, што захварэла, і маме давялося ратаваць мяне таблеткамі. Цэлы месяц ішла праверка: добраахвотна мы апынуліся ў Германіі ці пад прымусам. А потым была дарога дадому. Я пайшла адразу ў пяты клас, хаця да вайны закончыла толькі тры. Паступіла ў педагагічны інстытут і 25 гадоў адпрацавала ў школе, выйшла замуж. У мяне дзве дачкі, трое ўнукаў, праўнук.

Эберсвальдэ. 2005 год

— У 2005 годзе навукова-гістарычны інстытут Эберсвальдэ і евангелісцкая абшчына гарадской царквы ў рамках распрацаванага праекта па вывучэнні канцэнтрацыйных лагераў і лагераў для прымусовых рабочых горада і яго наваколляў у часы фашызму запрасілі мяне як адзіную жывую сведку з Беларусі прыехаць да іх, — расказвае Лідзія Іванаўна. Справа ў тым, што амаль уся дакументацыя па тых лагерах у канцы вайны была знішчана і даследчыкі спадзяваліся, што былыя вязні дапамогуць ім сваімі ўспамінамі скласці карціну таго часу.

— На працягу дзесяці дзён з такімі запрошанымі, як я, праводзілі экскурсіі, наладжвалі сустрэчы са школьнікамі, вернікамі і г. д. Тады і даведалася, што, аказваецца, той лагер у Эберсвальдэ быў затоплены разам з вязнямі, якія не паспелі ўцячы. На тым месцы зараз нічога няма, усё зраўнялі з зямлёй. Я прасіла арганізатараў сустрэчы даведацца, ці жывыя фрау Фрыда і Ота Шміты, якім я вельмі ўдзячна за іх спагаду. На жаль, сляды іх не­дзе згубіліся, — успамінае Лідзія Іванаўна. — Пасля ўсяго перажытага я ведаю сапраўдную цану хлеба і мірнага неба. Сапраўдную цану Перамогі.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter