
— Уладзімір Аляксеевіч, лiчыцца, што ў ВНУ краіны не так шмат спецыяльнасцей, звязаных з космасам. Ці праўда гэта?
— Гэта памылковае меркаванне. Іх шмат, проста ў назве не гучыць слова «касмічны». І таму здаецца, што ВНУ ў гэтым кірунку не працуюць. Хто ж тады будзе працаваць на прадпрыемствах, так ці інакш звязаных з тэмай космасу? А ў краіне іх нямала. Таму і БДУІР, і БНТУ ў нас рыхтуюць такіх спецыялістаў. Толькі ў БДУ гэта робяць пяць факультэтаў — наш, фізічны, факультэт прыкладной матэматыкі, мехмат і нават геаграфічны.
— Якая патрэба ў такіх спецыялістах?
— Спецыяльнасць адкрывалі не проста так. Правялі апытанне праз Мінадукацыі па ўсіх ведамствах. Гэта было ў 2007 годзе. Праінфармавалі, якія напрамкі плануецца ў рамках гэтай спецыяльнасці распрацоўваць. Акрамя ведамстваў, запыталіся ў патэнцыяльных заказчыкаў. Было 40 запытаў, на якія мы атрымалі 22 адказы. Аказалася, што на бліжэйшую перспектыву патрабуецца падрыхтаваць усяго 70 такіх спецыялістаў. Мы гэтую лічбу падзялілі практычна на тры і набралі 25 чалавек. І не памыліліся. Як мы і меркавалі, такая спецыяльнасць для нашай краіны аказалася пакуль што адзінкавай. Таму мы ідзём па шляху адкрыцця філіялаў нашых кафедраў на прадпрыемствах, якія звязаны з касмічным напрамкам. Студэнты свае курсавыя і дыпломныя працы пішуць на месцах.
— Гэта значыць, праблем з размеркаваннем выпускнікоў няма?
— Тыя хлопцы, хто вучыцца на шасцёрку і вышэй, ідуць на прадпрыемствы альбо ў аспірантуру і застаюцца выкладаць, а астатнія часцяком трапляюць на працу ў банкаўскую сферу. Напрыклад, адміністратарамі. Але і ў банк каго заўгодна не возьмуць! У цэлым у іх праблем з працаўладкаваннем няма. Іх бяруць на «Пеленг», «Агат», «Інтэграл», у шэраг прыватных фірмаў, якія займаюцца беспілотнікамі. На беларускі спадарожнік «Белінтэрсат-1» працуюць восем нашых выпускнікоў.

Як і меркавалі ў БДУ, новая спецыяльнасць аказалася пакуль што адзінкавай.
— Моцныя бакі беларускай адукацыі ў сферы космасу — гэта...
— Фундаментальная падрыхтоўка ў сферы дакладных навук. Гэта савецкая сістэма. Мы 2,5 года выкладаем агульныя курсы матэматыкі, фізікі, матэматычнай і тэарэтычнай фізікі, потым нашым студэнтам такiя веды могуць спатрэбіцца ў самых нечаканых сітуацыях. Менавіта гэтым моцныя нашы спецыялісты.
veraart14@mail.ru