Гэта цёмна-вішнёвая шаль…

У Мінску адкрыецца крама па продажы паўлавапасадскіх хустакПра тое, што ў хуткім часе і беларускія модніцы змогуць набываць у Мінску хадавы тавар, паведаміў расійскім і беларускім журналістам намеснік гендырэктара Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры Вячаслаў Далгоў. Напрыканцы мінулага года мы наведвалі тое прадпрыемства, адзін з найбуйнейшых народных мастацкіх промыслаў у Маскоўскай вобласці. У базе дадзеных Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры — больш за тысячу ўзораў хустак з адметным, вельмі густым кветкавым малюнкам. Нават унікальныя малюнкі па ўзорах XIX стагоддзя там ёсць.
У Мінску адкрыецца крама па продажы паўлавапасадскіх хустак

Строі з выставачнага праекта “Букет для славянкі”Пра тое, што ў хуткім часе і беларускія модніцы змогуць набываць у Мінску хадавы тавар, паведаміў расійскім і беларускім журналістам намеснік гендырэктара Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры Вячаслаў Далгоў. Напрыканцы мінулага года мы наведвалі тое прадпрыемства, адзін з найбуйнейшых народных мастацкіх промыслаў у Маскоўскай вобласці. У базе дадзеных Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры — больш за тысячу ўзораў хустак з адметным, вельмі густым кветкавым малюнкам. Нават унікальныя малюнкі па ўзорах XIX стагоддзя там ёсць.
Шалевая, ці хусткавая гісторыя Паўлаўскага Пасада пачалася 200 гадоў таму, калі мясцовы самародак селянін Іван Лабзін з сяла Паўлава “от нужды” дадумаўся ткаць шаўковую матэрыю для хустак. Спрытны і разваротлівы, ён ездзіў па кірмашах, скупляў шаўковыя ніткі ды раздаваў па хатах: дзе ткалі, дзе распісвалі фарбамі. Гатовы тавар Лабзін прадаваў на кірмашах, на тыя грошы ў 1795 годзе і адкрыў фабрыку па выпуску шаўковых хустак — яркіх, з брыжамі ды турэцкім арнаментам. Знакамітымі яны сталі пазней, калі саўладальнікам фабрыкі стаў унук Івана Якаў з кампаньёнам: у 1853 годзе яны заснавалі “Гандлёвы дом “Якаў Лабзін і Васіль Гразноў”, які гандляваў па ўсёй Расіі. Набіваныя ваўняныя хусткі, шалі з яркімі ружамі ды россыпам дробных палявых кветак на малочна-белым, блакітным і вішнёвым фоне першымі ацанілі жанчыны-дваранкі. Цёплыя і далікатныя рэчы падыходзілі на ўсе выпадкі жыцця: сагравалі на вуліцы і дома, падкрэслівалі ганарлівасць паставы на балі. Да пачатку XX стагоддзя хусткі набылі такую вядомасць у Расіі і за мяжой, што Паўлаўскі Пасад сталі называць Лабзінскім Пасадам, а партрэты Якава Лабзіна ўпрыгожвалі ўсе прысутныя месцы таго часу.
Пасля рэвалюцыі мануфактуру нацыяналізавалі, аб уладальніках паспрабавалі забыць, кветкі на хустках замяніць на знакі саветызацыі, новага парадку. Ды ў такім выглядзе хусткі не прыйшліся да душы нават ідэйным рэвалюцыянеркам. Вытворчасць пайшла на спад. Але фабрыка працавала, перажыла рэвалюцыю, войны.
У звыклым для нас выглядзе — з пышнымі, яркімі, аб’ёмнымі кветкамі — хусткі і шалі зноў з’явіліся пасля Вялікай Перамогі. Сёння ўсе аперацыі па вырабе хустак механізаваныя, акрамя адной. Абвязку, як і раней, майстрыхі робяць уручную. Часцей гэта — надомніцы, што майстэрства атрымалі ў спадчыну.
Паўлавапасадскія хусткі былі адным з элементаў нацыянальнага рускага касцюма. Дзякуючы куцюр’е Вячаславу Зайцаву яны з’явіліся не толькі на подыумах, але і на вуліцах гарадоў. Іх палюбілі нават тыя жанчыны, якія лічылі хустку перажыткам мінулага. Як сказаў галоўны мастак мануфактуры Віктар Зубрыцкі, “нашы шалі валодаюць не толькі чароўнай прыгажосцю, але і выдатным лячэбным дзеяннем. За сорак гадоў працы на фабрыцы я бачыў шмат тужлівых жанчын, якія, атуліўшыся паўлавапасадскай хусткай, мяняліся: станавіліся больш прыгожымі, з’яўляўся бляск у вачах — і туга сыходзіла”.
Хутка прадукцыя Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры будзе даступная і беларускам. Як паведаміў Вячаслаў Далгоў, у Мінску плануецца адкрыць фірмовы магазін хустак. “Беларусы — самы блізкі для рускіх народ па духу, паходжанні, светаадчуванні і культуры. Гэта тыя людзі, якім наша прадукцыя вельмі падабаецца, і мы хочам яе да іх данесці. Мы пакуль яшчэ не адкрылі краму ў Беларусі, але будзем гэта рабіць”, — сказаў Вячаслаў Далгоў журналістам.
А пацвярджэннем культурнай блізкасці можна лічыць і беларуска-расійскі выставачны праект аўтараў Паўлавапасадскай мануфактуры і беларускай майстрыхі Ніны Бабровіч. Спадарыня Ніна — член клуба майстроў народнай творчасці “Задзвінне”, майстар Культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”. Расіяне і беларуска зрабілі адметную выставачную калекцыю паўлавапасадскіх шаляў і мадэляў адзення “Букет для славянкі”, прычым строі выкананы ў тэхніцы шматковага шыцця з так званых паўлавапасадскіх купонаў на аснове крою народнага касцюма. Праект складаецца з двух частак: расійскай “Кветкі Расіі” (хусткі, шалі) і беларускай “Вяртанне да вытокаў” (калекцыя аўтарскага адзення). Прыгожа атрымалася! Праект, дарэчы, намінаваны на прэмію ў галіне літаратуры і мастацтва, заснаваную Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.

Іна Ганчаровіч

На здымку:
Строі з выставачнага праекта “Букет для славянкі”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter