Уладзімір Богдан пра Беларусь, Грэцыю, Мексіку і Нарвегію

Гэта трэба бачыць

Наўрад ці на беларускім тэлебачанні ёсць больш спакушаны падарожнік, чым Уладзімір Богдан. Тры гады ён радаваў нас вандроўкамі на матацыкле па Беларусі, а сёлета разам з Надзеяй Цімафеевай выправіўся ў «Вялікі сэлфі-тур». У гэтым праекце Уладзімір адказвае за замежныя падарожжы, словам, цяпер ён спецыяліст ва ўсіх кірунках.

Сваю сям’ю Уладзімір БОГДАН марыць адвезці ў іспанскую Тарагону.
Таксама хоча паказаць жонцы i дзецям востраў Тэнэрыфе, Канарскія астравы.

— Разумею, што ў такіх праектах журналісты — людзі паднявольныя, яны расказваюць пра тое, што ім дыктуюць кіраўніцтва і спонсары. Але якія месцы, дзе вы пабывалі са здымачнай групай, спадабаліся менавіта вам?

— «Я хачу гэта ўбачыць» быў не толькі маім першым вопытам як журналіста-падарожніка, гэта яшчэ і мой першы прадзюсарскі праект. Ідэя праекта нарадзілася з таго, што я разам з членамі аднаго з мотаклубаў удзельнічаў у мотапрабегах па краіне. У нейкі момант падумаў: чаму б не падзяліцца гэтым з гледачамі? «Вялікі сэлфі-тур» — іншая гісторыя, там я трошкі ў іншай ролі, і часам мне хочацца ўключыць у сабе прадзюсара, сказаць: «Хлопцы, давайце зробім вось так і вось так». Але нават нягледзячы на гэта не магу сказаць, што нейкія месцы мне не спадабаліся. Заўсёды можна знайсці нешта цікавае. У абодвух праектах адзін недахоп — абмежаваны хранаметраж. У нас вельмі мала часу, каб раскрыць усё тое, што мы хочам. 

— Праекты накшталт вашых ёсць на кожным канале. Навошта трэба глядзець тэлепрадукт менавіта беларускай вытворчасці?

— Я заўсёды вельмі сур’ёзна рыхтуюся да паездак. Шукаю ўсё, што мае калегі ўжо зрабілі да гэтага. Аддаю на прагляд матэрыялу два-тры дні. Прычым бяру не толькі забаўляльныя сюжэты, але і сур’ёзныя дакументальныя фільмы. Пры гэтым мая мэта заўсёды — паказаць тое, што гледачы яшчэ не бачылі. Вядома, без якіхсьці агульнавядомых фактаў не абысціся, але мы стараемся паказваць іх пад іншым пунктам гледжання.

«Я хачу гэта ўбачыць» цалкам паказалі менавiта так. Людзі глядзелі на Беларусь вачыма чалавека, які сядзіць на матацыкле. Рабіць такія сюжэты не так проста, як многім здаецца. Каб зняць адзін выпуск пра нейкі рэгіён краіны, мы трацілі два дні. Але гэтыя два дні ты не спіш і не ясі — няма калі. Гэта нагадвае справу дэсантнікаў.

Тое ж самае адбываецца з «Вялікім сэлфі-турам». Усім здаецца, напрыклад, што калі збіраюся ў Грэцыю, то еду на адпачынак. Нічога падобнага: я еду працаваць. Часам мы здымаем па 16 гадзін у суткі, бывае, адмаўляемся ад абедаў, бо не паспяваем. Мне б хацелася паказваць больш, скрупулёзна разбірацца ва ўсіх нюансах, даследаваць кожны міліметр, але гэтага не дазваляе тэлевізійны фармат.

— Ёсць месцы, куды другі раз не паедзеце і іншым не параіце?

— У Беларусі няма пунктаў, куды я катэгарычна не раіў бы ехаць. Але ёсць месцы, якія не апраўдвалі чаканняў. 

З замежжам тое ж самае. Напрыклад, прыбыўшы на Кіпр, атрымаў зусім не тыя эмоцыі, якіх чакаў. Востраў аказаўся вельмі спакойным. З Грэцыяй была іншая гісторыя: думаў, там усё ціха і паважна, а мы знайшлі такі сапраўдны мужчынскі экстрым. 

— Якія месцы спадабаліся больш за ўсё?

— Усё залежыць ад вашай мэты. Паляжаць на пляжы — гэта адно. Адкрыць для сябе краіну — іншае. У Беларусі ёсць і адно, і другое. Можна паехаць на Браславы, плаваць там і загараць, а можна пакарміць з рук дзікіх ваўкоў. Там вельмі шмат касцёлаў, іншых цікавых будынкаў, але мала хто ведае, што там ёсць мотаклуб ксяндзоў. Пяць чалавек разам ездзяць па родных мясцінах, вывучаюць гісторыю і проста любуюцца прыродай. Пагутарыўшы з імі, даведаешся столькі цікавага! Дарэчы, на 90 працэнтаў сцэнарый праграмы пішацца ў Мінску, але амаль заўсёды ён кардынальна мяняецца на месцы, калі мы пачынаем знаёміцца з цікавымі людзьмі. Але асабіста мне ў Беларусі больш за ўсё падабаецца Брэсцкі рэгіён. Там ёсць і гісторыя — Брэсцкая крэпасць, і прырода — Белавежская пушча, і замкавае кольца — Ружаны, Косава і г. д. 

Што да іншых краін, асабіста я заўсёды шукаю нешта неардынарнае, нават небяспечнае. У гэтым плане мне блізкая Азія, там ты ніколі не ведаеш, што цябе чакае за паваротам. Тайланд — абсалютна турыстычная краіна. Але там шмат неверагодных, нечаканых эмоцый. Быў такі цікавы момант: прадавец з рынку карміў мяне мадагаскарскімі прусамі, а я вырашыў пачаставаць яго нашым хрэнам. Ад гэтай вастрыні ў яго з’явіліся слёзы на вачах. Вось па такія эмоцыі я і езджу.

Італія — асаблівая Еўропа. Яе жыхары вельмі тэмпераментныя, не могуць доўга сядзець на адным месцы. Там можна ляжаць на шэзлонгу, а можна ўбачыць неверагодныя помнікі архітэктуры. Мне ж вельмі хацелася трапіць у музей «Ферары». Пасядзець за рулём гэтай машыны было маёй марай. 

Грэцыя месцамі была зусім нечаканая. Для мяне вельмі важны адрэналін, і я его атрымаў, трапіўшы ў спеліялагічную экспедыцыю. І зусім іншыя эмоцыі былі, калі ў абсалютна дзікім месцы па закліку пастуха з гор раптам пачыналі спускацца статкі коз. Дзіўнае відовішча. Потым гэты пастух вучыў мяне даіць коз. Там жа прама ў гарах на вогнішчы мы рабілі з ім сыр. Усё гэта вы ўбачыце ў бліжэйшых выпусках.

— А ці ёсць у вас куфар ці палічка з сувенірамі?

— Я не шапаголік, не люблю хадзіць па рынках і крамах, хай гэта нават у Італіі. Мне цікавыя рэчы з гісторыяй. Напрыклад, на Крыце ёсць тры сям’і, якія стагоддзямі робяць халодную зброю. Мне дазволілі самому, вядома ж, пад наглядам майстра, зрабіць нож з барановага рога. Рэч павінна дарыць мне ўспаміны, і дзякуючы гэтай зброі я заўсёды буду памятаць пра Крыт. У падарожжы для мяне вельмі важна знаёмства з новымі людзьмі. Каштоўныя менавіта выпадковыя сустрэчы. Можна пагаварыць з чалавекам пяць хвілін, падарыць яму сваё цяпло і тое ж атрымаць ад яго, гэта западае глыбока ў душу — гэта і ёсць самы каштоўны сувенір.

— Куды з сям’ёй паедзеце адпачываць гэтым летам?

— Нам не трэба месячнага адпачынку, дастаткова выхадных. Збіраемся з сябрамі, бяром палаткі і на пару дзён адпраўляемся на Лепельскія азёры. Летам у Беларусі шыкоўна. Варта куды-небудзь ірвануць, калі надыходзіць сумная восень, ці ранняй вясной, калі ўжо хочацца сонца. Але мая занятасць не заўсёды дазваляе гэта зрабіць.  У мяне ёсць мара — Мексіка і Нарвегія. Гэта палярныя краіны. Мексіку хутчэй за ўсё палюблю, як і Іспанію, за яе неверагодны тэмперамент, лёгкую небяспеку. Нарвегія — прастора вікінгаў. Для мяне гэта асобны свет. Чакаю ад яе ўнутранага супакаення ад прыгажосці прыроды. 

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter