Што такое WorldSkills i чаму усё больш маладых людзей з высокiм IQ едуць на гэта высакотэхналагiчнае спаборнiцтва

Гэта моцныя арэшкi!

За плячыма навучэнца Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе Дзмітрыя Заброцкага ўдзел у двух конкурсах прафесійнага майстэрства WorldSkills — у рэспубліканскім этапе, якi праходзiў у мінулым годзе, і ў рэгіянальным чэмпіянаце Ленінградскай вобласці WorldSkills Russia-2017. Хутка ён зноў зможа праявiць сябе — на наступным тыдні ў Краснадары пачынаецца V Нацыянальны чэмпіянат Расіi «Маладыя прафесіяналы» — WorldSkills Russia. Што чакае там нашу каманду?


Конкурс WorldSkills жартам называюць «алімпіядай для працоўных рук». Раз у два гады праходзіць сусветны чэмпіянат рабочых прафесій. Па сутнасці, гэта адзінае ў сваім родзе мерапрыемства, мэтай якога з’яўляецца павышэнне статусу і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі. У дзейнасці арганізацыі, дарэчы, прымаюць удзел 76 краін. 

Фото Артура ПРУПАСА

У рэспубліканскую каманду WorldSkills Belarus увойдуць 36 чалавек. Гэта навучэнцы каледжаў, маладыя рабочыя і нават студэнты ўніверсітэтаў, бо, як кажуць эксперты, сёння мяжа паміж узроўнямі адукацыі размываецца: рабочы павінен умець праграміраваць, а інжынер — пры неабходнасці наладзіць складаны станок. Зборная прадставіць 29 кампетэнцый у сферах паслуг, будаўнічай, абслугоўванні грамадзянскага транспарту, творчасці і дызайне, прамысловай вытворчасці і IT-кірунку.

Конкурс у Краснадары абяцае быць маштабным і цяжкім — 111 конкурсных кампетэнцый і больш за 1200 удзельнікаў. 

— Там 70 рэгіёнаў Расіі будуць прадстаўляць амаль тысяча ўдзельнікаў, — задуменна кажа Дзмітрый Заброцкі. — Думаю, гэта будуць лепшыя. Нам будзе няпроста. Але трэба сабрацца з сіламі.

Найбольшы ягоны асабісты вораг — гэта хваляванне, прызнаецца ён. Калі б не яно, многае магло быць па-іншаму. Хоць, па словах маладога чалавека, з кожным конкурсам яно памяншаецца. Перашкаджаюць абсалютнай перамозе і няўменне працаваць у камандзе. Бо нават самыя лепшыя спецыялісты павінны ўмець аб’яднацца і працаваць на агульны вынік. Менавіта гэты прабел, наракае Дзмітрый Заброцкі, і перашкодзіў заваяваць перамогу на беларускім этапе конкурсу. Хоць дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць.

Дзмітрый ЗАБРОЦКІ (злева) i яго калега рашаюць задачку па мехатроніцы.

Але шлях да перамогі не такі ўжо просты — гэта штодзённыя сур’ёзныя трэніроўкі да конкурсу, фактычна без выхадных. 

— Працуем нават па суботах, — усміхаецца малады чалавек. — У астатні час сумяшчаю вучобу, падрыхтоўку і працу — я працую ў другую змену. 

Так што фактычна з 8 раніцы і да 12 ночы Дзмітрый Заброцкі катастрафічна заняты. І так пачынаючы з лістапада мінулага года. У чацвер — пятніцу хлопцы штудзіруюць англійскі — заданні на конкурсе даюцца менавіта на гэтай мове. Хоць, прызнаецца малады чалавек, працуе на перамогу з задавальненнем: «Мне падабаецца і сам працэс падрыхтоўкі, і ўдзел у конкурсе».

Удзел, і гэта не для прыгожага слоўца, не менш важны для Дзмітрыя, чым абсалютны поспех. 

— Конкурс дапамагае вучыцца новаму на ўласных памылках, набірацца вопыту, — кажа ён. — Параўноўваць сябе з іншымі, мець зносіны з аднагодкамі з розных краін. А гэта само па сабе нямала.

Пакуль мы размаўляем, каманда па мехатроніцы пад кіраўніцтвам эксперта Паўла Сініцы збірае электронную прамысловую лінію ў мініяцюры. 

— Гэта, вобразна кажучы, аўтаматызаваны робат, — паказвае нам канструкцыю Дзмітрый Заброцкі. — Лінія перакладае загатоўкі з пункта А ў пункт В, размяркоўвае іх па колеры, матэрыяле. Нам трэба натрэніравацца ў зборцы такіх ліній, навучыцца падладжваць іх пад сябе, пад нашы задачы. Напрыклад, паставіць датчыкі так, як зручна нам. Аналагічнае заданне мы атрымаем на конкурсе. Мала таго, што яго трэба будзе беспамылкова зразумець на англійскай мове, мы павінны будзем скласці лінію і запраграмаваць яе.

Мехатроніка — кірунак у нас дастаткова новы, але папулярны. Сутнасць — у стварэнні і эксплуатацыі машын і сістэм з камп’ютарным кіраваннем руху. Каб разумець яе, трэба разбірацца ў механіцы, электроніцы і мікрапрацэсарнай тэхніцы, гідрапнеўмааўтаматыцы і камп’ютарным кіраванні рухам машын і агрэгатаў. Дзмітрый прыйшоў да яе не адразу. Спачатку малады чалавек скончыў першую ступень у каледжы як аператар станкоў з праграмным кіраваннем. Гэтыя веды зараз яму вельмі спатрэбіліся. 

Зрэшты, на дасягнутым ён спыняцца не збіраецца. «Пасля заканчэння планую паступаць у ВНУ, — усміхаецца Дзмітрый. — Але да гэтага хацеў бы яшчэ паўдзельнічаць у конкурсах прафмайстэрства не адзін раз. Гэта стала неад’емнай часткай майго жыцця. Як без гэтага?»

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ

Эдуард КАЛІЦКІ, першы прарэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі:


— Сёння ў нашай краіне погляды моладзі на рабочыя прафесіі карэнным чынам змяняюцца. Яны разумеюць, што гэта зусім не тое, што было шмат гадоў таму. Гэта не людзі ў габлюшцы і мазуце, а спецыялісты, якія часта працуюць у гальштуках, і не толькі рукамі, але і галавой. Нельга сёння разглядаць прафтэхадукацыю з традыцыйных пазіцый. Гэта відаць нават на ўзроўні спаборніцтваў WorldSkills, у якіх разам з навучэнцамі прафесійных каледжаў і ліцэяў удзельнічаюць студэнты ВНУ. Гэта значыць, мяжа паміж узроўнямі адукацыі размываецца. Напрыклад, муляр, перад тым як класці цэглу, павінен спачатку спраектаваць будынак на камп’ютары. Таму сёння рабочы з вышэйшай адукацыяй — гэта ўжо не экзотыка. Сярэдняя кваліфікацыя цяпер не патрэбна. Патрэбна рабочая эліта, якая дазваляе развіваць інавацыйную вобласць эканомікі, або некваліфікаваная праца? І стаўка робіцца на першую катэгорыю спецыялістаў, паколькі сучаснае абсталяванне на прадпрыемствах не павінна прастойваць ні дня.

veraart14@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter