Герой свайго часу

Найкаларытнейшы вобраз Багуслава Радзiвiла адлюстраваў у сваёй знакамiтай эпапеi «Патоп», прысвечанай вайне 1654 — 1667 гадоў, раманiст Генрык Сянкевiч.
Найкаларытнейшы вобраз Багуслава Радзiвiла адлюстраваў у сваёй знакамiтай эпапеi «Патоп», прысвечанай вайне 1654 — 1667 гадоў, раманiст Генрык Сянкевiч. Але князь Радзiвiл мог бы стаць галоўным героем добрага тузiна авантурна–прыгоднiцкiх раманаў кшталту «Трох мушкецёраў». Ён быў героем свайго часу. Але для мяне Багуслаў Радзiвiл найперш заснавальнiк майго роднага Жодзiна. Паселiшча напачатку нават звалася Багуслаў Полем. Яшчэ адно са сваiх найменняў — Жодзiна Слабада — мела яно праз тое, што князь Багуслаў дараваў местачкоўцам нечуваныя свабоды (слабоды): вызвалiў iх ад падаткаў аж на 25 гадоў, каб прывабiць таленавiтых рамеснiкаў i гандляроў.

Прадстаўнiк аднаго з наймагутнейшых магнацкiх родаў, сын вiленскага кашталяна, Багуслаў Радзiвiл быў выдатным ваенным i дзяржаўным дзеячам Вялiкага княства Лiтоўскага, неаднаразова выбiраўся паслом на сеймы, займаў пачэсныя пасады. Атрымаў ён блiскучую адукацыю. Ведаў не толькi латынь, але i некалькi еўрапейскiх моў — польскую, галандскую, нямецкую i французскую. Касмапалiт паводле выхавання, але патрыёт сваёй зямлi, ён вядомы як складальнiк рэлiгiйных гiмнаў i фундатар шматлiкiх храмаў i школ, аўтар замалёвак з панарамамi беларускiх гарадоў, эскiзаў i практычных чарцяжоў адметных збудаванняў, апякун i шчодры мецэнат вучоных i дзеячаў мастацтва, збiральнiк калекцыi твораў мастацтва, а таксама архiва i бiблiятэкi, дзе зберагалiся каштоўныя рукапiсы, сярод iх знакамiты Радзiвiлаўскi летапiс.

Быў князь Багуслаў i надзвычай таленавiтым ваяром. Служыць ён пачаў у Нiдэрландах у прынца Аранскага, але забiў на дуэлi ягонага сваяка i мусiў збегчы ў туманны Альбiён. Кароль Карл I прыняў уцекача вельмi гасцiнна, наладзiў у ягоны гонар баль i паляванне. Неўзабаве Багуслаў Радзiвiл адправiўся ў Францыю, дзе яго чакалi цёплы прыём i асабiстае знаёмства з манархам. Але праз круты нораў i поспех у прыдворных дам займеў шмат нядобразычлiўцаў. Аднаго з iх — графа дэ Рукса — ён, як сапраўдны рыцар, выклiкаў на дуэль, бо той замнога пляткарыў пра жанчын. Напярэдаднi дуэлi лiцвiнскага залётнiка арыштавалi i выслалi, але ён таемна вярнуўся ў Францыю. Шпагай князь Багуслаў валодаў лепш за любога гвардзейца цi мушкецёра. Мадам дэ Рукс вельмi баялася за жыццё свайго мужа, а таму наскардзiлася Гастону Арлеанскаму, i Радзiвiла пасадзiлi ў Бастылiю. Там яго наведвалi Ганна Аўстрыйская i Мазарынi. Радзiвiл адмовiўся ад каралеўскай прапановы пабрацца шлюбам з прадстаўнiцай гальскай арыстакратыi. А вось патэнт генеральнага палкоўнiка польскай пяхоты i кавалерыi французскага войска, падпiсаны Людовiкам ХIV, прыняў ад кардынала ахвотна. Але калi дазнаўся пра грабежнiцкiя наезды ўкраiнскiх казакоў на свае спадчынныя землi, паспяшаўся на радзiму. Ад Яна II Казiмiра ён атрымаў пасаду генерала каралеўскай гвардыi, камандаваў палкамi, вызначыўся ў бiтве пад Берасцечкам...

Мудрасць, высакародства i мужнасць — гэтыя рысы лёгка прачытаць на партрэтах Багуслава Радзiвiла, нават не будучы спрактыкаваным фiзiянамiстам.

Упэўнены, што заснавальнiк Жодзiна князь Багуслаў Радзiвiл заслугоўвае ўшанавання бронзавым конным помнiкам.

А традыцыя ўшаноўваць помнiкамi заснавальнiкаў гарадоў вельмi даўняя i высакародная. Нездарма тбiлiсцы з гонарам паказваюць сваiм гасцям конны помнiк князю Вахтангу I Гаргасалу, масквiчы — князю Юрыю Далгарукаму, а пiцерцы — iмператару Пятру I. Дзякуй Богу, што i на Беларусi мiнулася хвароба «князебаязнi». Таму заслаўцы ўжо маюць помнiк Рагнедзе з Iзяславам, давыд–гарадчукi — Давыду Гарадоцкаму, а барысаўцы — Барысу Усяславiчу. Палачане гатовыя ўсталяваць пры Сафiйскiм храме конны помнiк Усяславу Чарадзею, а лiдчане прынялi рашэнне ўстанавiць у сваiм горадзе конны помнiк вялiкаму князю Гедымiну!

Жодзiнцы гэтаксама абмяркоўваюць падобную iнiцыятыву. Прыемна, што ўлады ў асобе мэра Валерыя Кашэўскага ставяцца да iдэi помнiка прыхiльна. На блiжэйшай сесii гарсавета запланавана абмеркаваць таксама наданне адной з вулiц наймення Багуслаў Поле i пацвердзiць гiстарычную дату заснавання горада ў 1643 годзе.

Цiкавасць да гiсторыi, у тым лiку i да старадаўняй, не знiкае. Сведчаннем таму i рыцарскiя фэсты, якiя сталiся часткаю нашай сённяшняй рэчаiснасцi. Таму сябрам рыцарскага клуба «Золак» нiшто не замiнае абраць Багуслава Радзiвiла сваiм пачэсным кандацьерам. Спадзяюся, што яны, як i iншыя сапраўдныя патрыёты, будуць спрыяць усталяванню велiчнага манумента заснавальнiку роднага горада.

Уладзiмiр СIЎЧЫКАЎ, лiтаратар.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter