У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава адной карціны

Героі суровага стылю

У Нацыянальным мастацкім музеі ёсць дзіўная традыцыя праводзіць выставу адной карціны. Гэта ж якімі якасцямі павінна валодаць асоба, каб задавальняць крытэрыям і патрабаванням такога пільнага выбару! У музеі цяпер якраз праходзіць такая выстава. А прадстаўлена на ёй карціна народнага мастака Беларусі Мая Данцыга “Навасёлы”.


Май Данцыг. “Навасёлы”

Так, сярод  многіх карцін  Мая  Данцыга, якія знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі,  душэўнасць і аптымізм гэтай асабліва прыцягваюць аматараў мастацтва.  Двое — хутчэй за ўсё муж і жонка, адзінокія чамаданы і бязмежная прастора свежапафарбаванай падлогі — вось і ўсё, што спатрэбілася мастаку для стварэння простай і зразумелай кожнаму формулы “раптоўнага шчасця”. Палатно было напісана ў далёкім 1962 годзе ў разгар горадабудаўнічых рэформ, аднак карціна даўно перасягнула межы свайго часу.

Аповед пра навасёлаў быў папулярнай і пастаяннай тэмай у пасляваенным мастацтве. Шчаслівае набыццё савецкімі людзьмі свайго дома адлюстравала і выяўленчае мастацтва. Гэтыя творы — даніна свайго часу. Дзяржавай была пастаўлена задача пакончыць з недахопам жылля. У тэрміновым парадку людзям давалі кватэры. А мастацтва стала адлюстраваннем гэтага працэсу паскоранай урбанізацыі і, адпаведна, росту жыллёвага будаўніцтва. “Навасёлы”  Мая Данцыга таксама былі створаны ў разгар “эпохі вялікага наваселля” — у 1962 годзе. Аднак малады мастак, учарашні выпускнік Маскоўскага інстытута імя Сурыкава, знайшоў уласны, зусім новы і арыгінальны ход ва ўвасабленні гэтай тэмы. Ён адмовіўся ад адлюстравання шматлікіх падрабязнасцяў, характэрных для сентыментальнага жывапісу 50-х гадоў, ад разнастайных “штучак”, фікусаў, шаф, кніжных паліц на ка­рысць простай у сюжэтным вырашэнні кампазіцыі без фанфар і прыкрас.

У зусім новай і яшчэ пустой кватэры на свежапафарбаванай чырвонай падлозе сядзіць маладая сямейная пара. Мэблі няма — ні стала, ні крэсла, голыя сцены. Кампанію маладых падтрымліваюць толькі чамаданы, якія сціпла стаяць у іншым куце пакоя. Ніякага дробязнага апісальніцтва: толькі пустая прастора і два чалавекі. Таму карціна становіцца сапраўды “пазачасавай”, нічым не застаўленае памяшканне сцірае актуальнасць канкрэтнай даты: усё, намаляванае тут, было, ёсць і будзе заўсёды. Гэта своеасаблівы ключ да тых перажыванняў, пачуццяў, радасці людзей, якія ўпершыню ўвайшлі ў свой новы, прыгожы, надзейна пабудаваны дом.

За гэтай знешняй сюжэтнай прастатой палатна, якое валодае ўласцівасцямі кінакадра, уважлівы глядач можа дамысліць тое, што можа адбыцца ў наступнае імгненне, убачыць поў­нае надзей і веры заўтра, разважанні і мары пра будучае жыццё. Вось ужо чуваць стомленыя крокі па лесвіцы пасля працы, гук малатка і дрылі, што раздражняе суседзяў, звон бакалаў у гонар наваселля, смех і плач падрастаючых дзяцей, а магчыма, і ўнукаў... Чуецца ўся вясёлка быцця. Бо наперадзе жыццё, маладосць і каханне.

Мастак манументальны, экспрэ­сіўны, Май Данцыг выбірае для вырашэння, здавалася б, простай бытавой сцэны незвычайную і вострасучасную кампазіцыю. Ён змяшчае сваіх герояў не ў цэнтры палатна, а ў правым верхнім вугле, пад планкай рамы, а падлога пры гэтым займае ўсю цэнтральную і наогул большую частку палатна. Такім чынам, мастак істотна мяняе пункт погляду, і фігуры, напісаныя практычна ў натуральную велічыню, пачынаюць успрымацца як бы на мяжы рэальнага і абстрактна ўяўнага. Пры гэтым мастак дабіўся ў кампазіцыі непаўторнай жыццёвасці і як бы “падглядання” выпадковага моманту. Цікава вырашана праца і ў колеры. Тут дамінуе інтэнсіў­ны і любімы Маем Данцыгам чырвоны. Плямы ярка-жоўтага, бялілы, якія амаль слепяць, дапаўняюць звонкі эмацыйны каларыт карціны.

Варта адзначыць, што за сваё наватарства, за гэты “рэчавы мінімалізм”, за лапідарнасць і вострыя рытмы кампазіцыі мастак ледзь не паплаціўся. Май Данцыг так расказаў пра гэтую гісторыю: “Калі палатно ўбачылі прадстаўнікі выставачнага камітэта, яны загадалі яго тэрмінова зняць з экспазіцыі. Мяне абвінавацілі ў паклёпе на савецкую рэчаіснасць: “Дзе вы бачылі ў нас босых людзей, у якіх няма ніякіх рэчаў і якія зажурыліся?”. Хацелі зняць работу”. Але талент мастака выявіўся не толькі ў мастацтве, але і ў здольнасці знайсці для складанай задачы патрэбнае рашэнне. За ноч Май Вольфавіч “адшліфаваў” кампазіцыю, дапісаўшы ў вугле карціны жаночыя лакаваныя туфлікі, якія стаяць на падлозе, і на наступны ж дзень яго палатно прайшло цэнзуру. Праўда, пасля туфлі мастак замаляваў, узнавіўшы першапачатковы варыянт палатна. Але на карціну нават апублікавалі добрую рэцэнзію.


Выстава адной карціны

Палатно “Навасёлы” на многія гады стала вялікай творчай удачай маладога мастака. Яно экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выставе ў Маскве адразу ж пасля яго стварэння. На творчым шляху Мая Данцыга гэта быў яшчэ адзін пераканаўчы і праўдзівы аповед пра эпоху і яе людзей. Задума кампазіцыі нарадзілася як сінтэз уражанняў ад паездкі на цаліну. “Тое, што я ўбачыў там, на цаліне, — успамінаў  мастак, — прывабіла мяне і захапіла настолькі, што я палічыў зусім немагчымым прабыць тут толькі месяц, як меркаваў. Я прабыў тры месяцы, але і гэты час усё яшчэ здаваўся мне недастатковым для сур’ёзнай, сапраўднай работы”.

Вынікам гэтай паездкі стала таксама карціна “У заводскай сталовай”, паказаная на выставе ў Мінску ў 1963. У ёй таксама праявілася цікавасць мастака да тэмы, якую ўмоўна можна назваць “Чалавек, які будуе сваю будучыню”. Сапраўды, гэтая тэма на доўгія гады стала магістральнай у мастацтве Данцыга. Пра гэта кажуць самі назвы твораў: “Насустрач жыццю” (1958, дыплом), “Растуць новыя кварталы” (1960), “Стары і новы Мінск” (1960), “Мінск абуджаецца” (1960). Гэта на дзіва паэтычныя навелы, у якіх адбілася характэрная для таго часу і асабіста для аўтара накіраванасць у будучыню, імкненне адлюстраваць “новага” чалавека, “простага чалавека” па-за сацыяльнай іерархіяй — героя “суровага стылю”. Названыя творы, напісаныя ў адзін час з палатном “Навасёлы”, па сутнасці аўтапартрэтныя і ў сукупнасці з іншымі дакументамі даюць магчымасць да­поўніць некалькімі істотнымі штрыхамі і “партрэт мастака на фоне часу”.

Уласна, Май Данцыг і ўварваўся ў мастацтва на мяжы 1950–1960-х гадоў. Гэта быў перыяд хрушчоўскай адлігі, які вывеў у авангард мастацтва тады яшчэ зусім маладых мастакоў, заснавальнікаў так званага “суровага стылю”. У процівагу пафасу псеўдаідэйных работ, насуперак афіцыйным канонам і традыцыям сацрэалізму мастакі імкнуліся адлюстраваць жыццё сваіх сучаснікаў без прыкрас, без усялякай помпы. Узнік культ менавіта “суровага” жывапісу, “суровага” адлюстравання бескампраміснай “праўды” пра чалавека. Сярод яго падзвіжнікаў быў і Май Данцыг.

Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1930 годзе. Яго бацька, выкладчык фізкультуры, быў блізкі да мастацтва і нават наведваў мастацкую студыю вядомага беларускага мастака Якава Кругера. Таму ён заўсёды імкнуўся, каб сын авалодаў творчай прафесіяй. Да вайны будучы мастак некалькі гадоў хадзіў у музычную школу. Аднак пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая ўнесла свае карэктывы. Сям’я Данцыгаў літаральна цудам паспела эвакуявацца. Мастак успамінае, як пачалася вайна: “Горад гарэў, нас увесь час бамбілі. Бацькі вырашылі, што трэба адыходзіць. Бацька надзеў свой лепшы бастонавы касцюм. З рэчаў мы не ўзялі нічога. Але калі тата, мама, я і сястра прыйшлі на Таварную станцыю, там тоўпіўся народ. Цягнікі ўжо не хадзілі. Надзеі не заставалася. І раптам здалёку паказаўся паравоз з чатырма вагонамі-цяплушкамі. Ён ішоў на поўным хаду. Людзі леглі на рэйкі. Паравоз спыніўся, дзверы вагонаў адчыніліся, а там — параненыя салдаты. І раптам з адной цяплушкі чуем: “Да–а–анцыг!”. Гэта былы вучань паклікаў тату. Мы ледзь паспелі ўзлезці на прыступку цягніка, які набіраў хуткасць”.

Ужо пасля вайны Май Данцыг атрымаў грунтоўную прафесійную падрыхтоўку ў сценах Мінскага мастацкага вучылішча пад кіраўніцтвам Віталя Цвіркі, а ў 1958 годзе скончыў Маскоўскі інстытут імя Сурыкава.

Творчасць Мая Вольфавіча Данцыга стала яркай старонкай і прыкметнай з’явай у беларускім жывапісе. Яго экспрэсіўныя і маштабныя шматфігурныя кампазіцыі (мастак — майстар пераважна вялікіх фарматаў, разлічаных на музейны паказ), адлюстраванні роднага і любімага Мінска, партрэты дзеячаў культуры характарызуюць цэлую мастацкую эпоху і выклікаюць нязменную цікавасць аматараў мастацтва.


Пастаянная экспазіцыя Нацыянальнага мастацкага музея. Злева на сцяне — работа М. Данцыга

У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея госці і жыхары сталіцы могуць убачыць знакаміты нацюрморт “Аб Вялікай Айчыннай”, а маштабная рэтраспектыўная выстава твораў Мая Вольфавіча Данцыга прайшла ў музеі ў кастрычніку мінулага года.

Сёння за палотны Мая Данцыга калекцыянеры гатовыя аддаць немалыя грошы. У інтэрнэце работы мастака ўжо ацэньваюць на віртуальных аўкцыёнах. Адной з апошніх знакавых падзей стала з’яўленне манументальнага палатна Мая Данцыга “І памятае свет выратаваны” (1985) на выставе “Спадчына Другой сусветнай вайны ў рускім мастацтве” ў сусветна вядомай галерэі Чарльза Саатчы. У разгорнутай эпічна-алегарычнай форме мастак увасобіў выратаванне салдатамі савецкіх войскаў шэдэўраў са збору Дрэздэнскай галерэі. Сярод іх была і “Сіксцінская Мадонна”, напісаная Рафаэлем . На карціне беларускага майстра адлюстраваны момант “вызвалення” “Мадонны” з тунэля-сховішча. Размешчаная ў сярэдзіне кампазіцыі Сіксцінская Мадонна алегарычна прадстаўляе ўсю сусветную культуру і цывілізацыю, а параненыя і змардаваныя салдаты сімвалізуюць тую высокую цану, якую давялося заплаціць, каб спыніць наступ фашызму.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter