Геаграфія знаёмства пашырыцца

Беларускія літаратурныя выданні стануць даступны і для расійскіх падпісчыкаў.
З другога паўгоддзя 2007 года літаратурна-мастацкія часопісы “Полымя”, “Нёман”, “Всемирная литература” і газета “Літаратура і мастацтва” значна пашыраць геаграфію свайго распаўсюджвання. Цяпер іх змогуць атрымліваць па падпісцы жыхары Расіі. А гэта вялікі патэнцыял, паколькі сёння ў Расійскай Федэрацыі пражывае прыкладна 815 тысяч этнічных беларусаў, прычым рэгіянальныя арганізацыі ёсць больш чым у 70 суб’ектах Расіі. І многія з іх, як, напрыклад, Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр імя святой Ефрасінні Полацкай у Новасібірску, якім кіруе Іван Панасюк, праводзяць вялікую работу па захаванню і развіццю беларускай культуры.

Хочацца спадзявацца, што айчынная літаратурна-мастацкая перыёдыка зацікавіць у Расійскай Федэрацыі таксама беларусістаў, літаратуразнаўцаў, што займаюцца даследаваннямі міжнародных літаратурных узаемасувязяў, перакладчыкаў.

Што ж цікавага прапануюць нашы выданні расіянам у бліжэйшы час? Гэта — раман “Вяртанне” Уладзіміра Гніламёдава, аповесці “Вецер з Чорнага яра” Раісы Баравіковай, “Будзіла вёску Берасцянка” Кастуся Цвіркі, апавяданні Янкі Сіпакова, Юрыя Станкевіча, Казіміра Камейшы (усе — часопіс “Полымя”), раман “Холад доннай вады” Ніны Маеўскай, аповесці Андрэя Федарэнкі і Генадзя Катлярова, дакументальная аповесць “Васіль Быкаў. Камбат. Пісьменнік. Сябар” Анатоля Сульянава (усе — часопіс “Нёман”). Адна са старэйшых у Беларусі газет “Літаратура і мастацтва”, якая адлюстроўвае важнейшыя падзеі і разнастайныя пытанні літаратурнага жыцця і мастацкай творчасці, захоўвае ўжо вывераныя часам рубрыкі такія, як “Проза”, “Паэзія”, “Крытыка”, а таксама прапануе новыя: “Толькі ў ЛіМе”, “Меркаванне”, “Мабільныя літсувязі” і іншыя. Часопіс “Всемирная литература”, як заўсёды, прапануе сваім чытачам цікавыя творы сусветнай літаратуры.

Алесь Бадак
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter