Газеты розныя чытаць

У зацікаўленую размову аб «абліччы» перыядычных выданняў, вытворчых справах і пераднавагодніх клопатах завадчан ператварыўся дзень падпісчыка, праведзены з удзелам «Р» у калектыве ААТ «Гомельжалезабетон».
У зацікаўленую размову аб «абліччы» перыядычных выданняў, вытворчых справах і пераднавагодніх клопатах завадчан ператварыўся дзень падпісчыка, праведзены з удзелам «Р» у калектыве ААТ «Гомельжалезабетон».



Чыгуначны вакзал у сталіцы, вытворчыя карпусы завода «Атлант», ФАК «Металург» у Жлобі-не, палацы — Лядовы і водных відаў спорту, мост цераз Сож, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, абласны клінічны раддом, гіпермаркеты ў Гомелі... Прывабны выгляд гэтых аб’ектаў — вяршыня айсберга. Не кожнаму, аднак, вядома, што ў падмурках, аснове гэтых будынкаў — трывалыя жалезабетонныя канструкцыі, вырабленыя калектывам ААТ «Гомельжалезабетон». Сёлета завадчане адзначылі 25-годдзе свайго прадпрыемства. Адлік гісторыі вядзецца з дня фармоўкі першага кубаметра зборнага жалезабетону. За чвэрць стагоддзя ў заводскіх цэхах выпушчана звыш 1,9 мільёна кубаметраў бетонных і жалезабетонных вырабаў. Пра якасць і тэхналагічнасць працы завадчан сведчаць адзнакі, што захоўваюцца ў скарбонцы калектыўных дасягненняў. Двойчы «Гомельжалезабетон» станавіўся лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», столькі ж прызнаваўся лепшым прадпрыемствам Савецкага раёна Гомеля і заносіўся на Рэспубліканскую дошку Гонару.

Самаадданасць і высокая адказнасць большасці з 550 завадчан за лёс калектыўнай працы дазваляюць ім не толькі атрымліваць дастойную заработную плату і важкі сацыяльны пакет ад прад-прыемства, але і паўнацэнна адпачываць, павышаць свой інтэлектуальны ўзровень. Падпіска на газеты і часопісы тут займае неад’емнае месца.

— Спектр выданняў, якія выпісваюць нашы працаўнікі, даволі шырокі, — зазначае намеснік дырэктара ААТ «Гомельжалезабетон» Міхаіл Мельнікаў. — Каля 200 экзэмпляраў газет і часопісаў аформлена праз нашага грамадскага распаўсюджвальніка, спецыяліста аддзела кадраў Вераніку Курловіч. Зараз у яе гарачая пара. Адзначу, далёка не апошняе месца ў гэтым спісе займае «Рэспубліка»...

Якія публікацыі і рубрыкі прыцягваюць найбольшую ўвагу чытачоў, што маецца ў рэдакцыйных партфелях на наступны год, як зрабіць інфармаванне журналістаў аб справах і дасягненнях калектываў больш дзейсным? Аб гэтым і іншым вялі шчырую размову газетчыкі і прадстаўнікі «Гомельжалезабетону». Каля ста трыццаці іх пажадалі ў абедзенны час сустрэцца з прадстаўнікамі прэсы і паштавікамі ў дзень падпісчыка, арганізаваны тут ідэолагамі завода і адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля (яе прадстаўляла на сустрэчы начальнік аддзела ідэалагічнай работы Юлія Собаль). Адправілі ў актавую залу сваіх «паўпрэдаў» не толькі калектывы адміністрацыі, але і вытворчых цэхаў. Віктарыны, «візітныя карткі» выданняў, імгненныя розыгрышы для падпісчыкаў прапанавалі ім журналісты. Знайшоўся час і для паэтычных дэбютаў, якія завадчане падтрымалі цёплымі апладысментамі. Затым работнікі Гомельскага філіяла «Белпошты» прыступілі да афармлення падпіскі. Не паглыбляючыся ў дэталі, адзначым: чытачоў і сяброў «Рэспублікі» ў калектыве «Гомельжалезабетону» з гэтага дня прыбавілася. Добры прыклад сваім калегам паказалі намеснік дырэктара Міхаіл МЕЛЬНІКАЎ, інспектар аддзела кадраў Вераніка КУРЛОВІЧ і намеснік галоўнага бухгалтара Таццяна МЯДЗВЕДЗЕВА (на здымку злева направа), якія першымі аформілі квартальныя падпіскі на «Рэспубліку».

Мікалай ЖДАНОВІЧ, «Р»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter