Газетчыкі ўмеюць жартаваць

Як калінкавіцкія журналісты вынайшлі «Бульбулятар»

Як калінкавіцкія журналісты вынайшлі «Бульбулятар»

Смех, кажуць, дар Божы. Жартаваць лепш, чым гараваць. Калінкавіцкія газетчыкі пераканаліся ў гэтай жыццёвай ісціне. Нядзіўна: гасцінная тутэйшая зямля намаганнямі першаадкрывальніка мясцовага радовішча гумару пісьменніка Уладзіміра Ліпскага (які, па яго прызнанні, ездзіў сюды з вялікім мехам па смех аж з 1995 года) ды руплівым клопатам раённых улад набыла неацэнны духоўны скарб. Слава пра працавітых, няўрымслівых і дасціпных жыхароў — Каласкоў і Калінак, што жывуць у беларускім Габрава — дзвюх вёсках Калінкавіцкага раёна, Вялікія Аўцюкі і Малыя Аўцюкі, разнеслася ўжо нават за межы нашай краіны. Першы Усебеларускі фестываль гумару стартаваў тут у 2001 годзе. З 2008 года арганізатары ўзялі непрацяглы тайм-аўт, каб грунтоўна падрыхтавацца і з годнасцю сустрэць сёлета ўдзельнікаў чарговага, сёмага па ліку фэсту. Правя-дзенне яго запланавана на ліпень.

Зрабіць прыемны падарунак гасцям і жыхарам раёна з гэтай нагоды ў Год кнігі вырашылі ў калектыве раённай газеты «Калінкавіцкія навіны». І вынайшлі свой, рэдакцыйны «Бульбулятар» (у перакладзе з мовы аўцюкоўцаў, тых самых легендарных Каласкоў і Калінак, бульбулятар не што іншае, як самагонны апарат). Адразу ж засцерагаем чытача ад памылкі: вядома ж, не збіраюцца газетчыкі мяняць свой прафесійны занятак на паўкрымінальны бізнес, звязаны з вырабам сівухі. «Бульбулятар» — назва падрыхтаванага мясцовымі журналістамі зборніка гумару, лепшыя ўзоры якога змяшчаліся на працягу двух дзесяцігоддзяў на старонках раёнкі.

— Выданне зборніка (дарэчы, гэта ідэя газетчыкаў была ўхвалена і знайшла падтрымку райвыканкама, у прыватнасці, кіраўніка «вертыкалі» Івана Піліпца. — М.Ж.) не толькі журналісцкая даніна адметнай з’яве, якой з’яўляецца ў культурным жыцці краіны наш фестываль гумару, — распавядае галоўны рэдактар «Калінкавіцкіх навін» Іван Гарыст. — Нядаўна споўнілася 70 гадоў з часу выхаду першага нумару раёнкі і дваццаць, як яна пачала друкавацца пад цяперашняй назвай. Шлях, пагадзіцеся, пройдзены немалы. Дэвізам газеты ва ўсе гэтыя часы было імкненне не толькі інфармаваць, агітаваць свайго чытача на добрыя здзяйсненні, але і дапамагаць людзям вырашаць іх набалелыя пытанні, разам з імі знаходзіць выхад з крытычнага становішча. І на гэтым шляху нярэдка журналісты выкарыстоўвалі не толькі пафаснае слова, але і ёмкі народны выраз, дасціпны жарт, а часам і вострую сатыру. Менавіта гэты «лек» ад газетчыкаў пабуджаў чынуш ды розных бюракратаў прасякнуцца людскімі праблемамі...

Умела і, як правіла, да месца «прыстасоўвалі» сатырычнае слова і ёмкі жарт журналісты раёнкі Уладзімір Смоляр, Віктар Галайда, Іван Юнчыц, Віктар Саковіч, Анатоль Пырко i іншыя. Іх друкаваныя «калекцыі» і складаюць падмурак кнігі з дастаткова празрыстым падзагалоўкам «Калінкавіцкія навіны» смяюцца і жартуюць». Але наўрад ці было б пад сілу былым і сённяшнім няхай сабе і прафесійным газетчыкам стварыць такі грунтоўны «фаліянт», якім атрымаўся «Бульбулятар» (у кнізе, якая вось-вось выйдзе добрым накладам з друкарскага цэха мазырскага паліграфпрадпрыемства «Колар», каля 300 змястоўных старонак). На дапамогу ім, што натуральна, у розныя часы прыходзілі пазаштатныя аўтары газеты, якія таксама мелі чуццё да добрага жарту, валодалі і здольнасцю перадаць любую жыццёвую калізію праз прызму смешнага і павучальнага. У шэрагу такіх добрых памочнікаў мясцовых журналістаў былі вядомы на Палессі пісьменнік Уладзімір Верамейчык, актыўны пазаштатнік Анатоль Шмарлоўскі, аўтары паэтычнага слова Вадзім Зыблеў, Зоя Гармель, Ніна Захарэвіч, многія іншыя.

— Недаравальна было б падчас падрыхтоўкі гэтай кнігі не згадаць былога даўняга аўтара газеты, ветэрана вайны і педага-гічнай працы Васіля Раманішку (з раёнкай ён падтрымліваў сувязь з 1941 года), — зазначае Іван Гарыст. — У гады Вялікай Айчыннай вайны партызаніў у атрадзе «Мсцівец» Даманавіцкай брыгады, у сваёй памяці захаваў шмат партызанскіх прыпевак, якія, як ён пісаў, «у час адпачынку спявалі лясныя мсціўцы. Гэта прыдавала партызанам бадзёрасці духу і рашучасці пры выкананні чарговых баявых заданняў камандавання». Як сведчанне непа-хіснай веры беларусаў у перамогу і светлую будычыню мы змяшчалі іх у нашай газеце. Вось цяпер радкі ветэрана «перасяліліся» і ў кніжку:

...Самалёт кружыў над вёскай,

Сполах гнаў ён на народ.

Партызанскі кулямётчык

Апусціў фашыста ў брод...

Гэта ім была навука,

Што не трэба ваяваць.

У Беларусь — маю старонку —

Свой паганы нос саваць…

Каб пераканацца ў высокай «гумарыстычнай пробе» і больш пазнейшага матэрыялу, прывяду адну з жартоўных карацелек, якую неяк даслала ў «КН» чытачка з вёскі Замосце.

Адказала дык адказала

Вярталася на цягніку з вобласці. Праехалі прыпынак «Васілевічы», пачала збірацца на выхад, бо наступны прыпынак мой — «Нахаў». Іду ў тамбур, а тут нейкая жанчына пытае: «Якая гэта станцыя?» Не спыняючыся, кінула ёй: «Нахаў». I пайшла. Чую, яна сваёй суседцы кажа: «Во запытала дык запытала!» Але я ўжо не хацела вяртацца, растлумачваць, думаю: «Сама пачытаеш». Даруй, жанчынка, я ж не вінавата, што дзяды нашы далі такую назву станцыі...

Цытаваць такія «крышталікі» з «Бульбулятара» можна доўга. Але лепш, відаць, набыць кніжку ў фестывальным шкапіку ды прачытаць, як кажуць, ад вокладкі да вокладкі. Што ж да фестывалю, то прыняць удзел у яго будучых узнёслых і захапляючых дзеях шчыра запрашаюць арганізатары і непасрэдныя гаспадары фестывальнай пляцоўкі — аўцюкоўцы. А запрашэнні ў Каласкоў ды Калінак, гэта неаднойчы сцвярджаў Уладзімір Ліпскі, вельмі адмысловыя. Накшталт гэтага. «Запрашаем да нас у госці, прыязджай хутчэй. Нічога з сабой не бяры, толькі каляровы цілявізар (зялёны) — Ганне Цэбер, а Сельскаму — напільнікі (пілы тачыць), Куліне Пепселевай — мужыка кальтурнага (штэб дзікалонам пах), Міколе Сысу — два мяшкі пустых бутэлек, Пецьку — верталёт... І ўсім прывязі мерыканскіх грошай. А то розум у нас іе, а грошай нямашака. Мы па-ранейшаму сеем ноччу бульбу, каб, не дай Бог, каларад не ўбачыў і не з’еў, доім карову ўпяцёх, трымаем на цапу курэй, робім бульбулятары і не ядзім закатак. Адным словам, круцімся як вавёрка ў коле, бо ведаем: хто круціцца, той жыве. І не хвалюемся: прыйдзе час — спыняць. Цалуем ад «А» да «Я». Аўцюкі, аўцючкі і аўцючаняты...»

...Што ж, да такога запрашэння, насамрэч, дадаць нечага.

На здымку: галоўны рэдактар газеты і ўкладальнік кнігі Іван ГАРЫСТ.

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter