Газета-патрыётка

Газета «Звязда» адзначае сёлета дзве знамянальныя даты

«Звязда» адзначае сёлета дзве знамянальныя даты

Гісторыкі, палітолагі, журналісты, літаратуразнаўцы прынялі ўдзел у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 95-годдзю заснавання і 70-годдзю першага падпольнага выхаду газеты «Звязда» ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Канферэнцыя стала першай у шэрагу мера-прыемстваў, прымеркаваных да гэтых дзвюх знамянальных дат. Прывітанне яе ўдзельнікам даслаў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі.

На працягу пасяджэння прагучала звыш 50 дакладаў. Каштоўным культурным здабыткам нашай дзяржавы назваў «Звязду» ў сваім выступленні дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч, падкрэсліўшы, што выданне выконвае значную ролю ў кансалідацыі беларускага грамадства, зберагае багатыя традыцыі беларускага народа і спрыяе стварэнню станоўчага іміджу нашай краіны.

На думку намесніка міністра інфармацыі Уладзіміра Матусевіча, сённяшняя «Звязда» становіцца «інтэлектуальным рэсурсным цэнтрам па тэматыцы нацыянальнай культуры, навукі і гістарычнай спадчыны Беларусі».

Газета «Звязда» існуе з 9 жніўня 1917 года. Вялікая Айчынная — адна з самых яркіх старонак у гісторыі выдання. Газета-патрыётка яднала народ у імя Перамогі. Першы нумар падпольнай «Звязды» з’явіўся ў акупіраваным Мінску 18 мая 1942 года. Ён быў тайна набраны ў нямецкай тыпаграфіі і надрукаваны на канспіратыўнай кватэры тыражом 2500 экземпляраў. Для гітлераўцаў гэты выхад быў падобны да выбуху магутнай бомбы… Пазней у свет выйшлі яшчэ чатыры нумары газеты. Пяты быў падрыхтаваны да друку, але не выпушчаны з-за масавых арыштаў мінскіх падпольшчыкаў. З 27 студзеня 1943-га да 1 ліпеня 1944 года «Звязда» выдавалася ў партызанскай зоне на Любаншчыне, сярод балот, на востраве Зыслаў. У свет тады выйшла 105 нумароў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter