Газавыя Бермуды ў Віцебску

Калі верыць афіцыйнай інфармацыі, то сусветных запасаў нафты для сучаснай цывілізацыі хопіць толькі на паўстагоддзя. А вось наконт месцараджэнняў і запасаў прыроднага газу прагнозы куды больш аптымістычныя. Адны крыніцы інфармацыі сцвярджаюць, што “блакітнага паліва” хопіць зямлянам на тры стагоддзі, іншыя – ажно на 350 гадоў. Апошняя інфармацыя прыемна суцяшае. І на душу ўздзейнічае як той бальзам на рану. Бо толькі злыдні жывуць па прынцыпу: “Пасля мяне – хоць патоп!” А тут проста ідылія. Самі ў дастатку пакарыстаемся “блакітным палівам” і нашчадкам пакінем. Дык у чым, уласна кажучы, праблема? Сапраўды, на бытавым зрэзе газу пакуль у дастатку. Прадпрыемствы працуюць, гаспадыні ў кватэрах без аглядкі вараць і смажаць. А вось для аўтамабілістаў (прынамсi, у Віцебску) набыццё гэтага самага таннага энерганосьбіта ператвараецца ў хранічны галаўны боль. Вобразна кажучы, “блакітнае паліва” для запраўкі шматтысячнага “табуна” грузавых і легкавых аўтамашын то з’яўляецца, то раптам бясследна знікае, як у сумна вядомым Бермудскім трохвугольніку. Для гэтага варта аднойчы заехаць на дзяржаўную газанапаўняльную станцыю ў вёсцы Ноўка ў прыгарадзе Віцебска. Чэргі аўтамабіляў да запраўкі літаральна кіламетровыя. Вадзіцелі нервуюцца і лаяць на чым свет стаіць уладу і ўласны лёс. Каб заправіцца газам у Ноўцы, часта трэба адстаяць у чарзе ад двух да трох гадзін. Да таго ж дзяржаўная ГНС працуе толькі з 8 раніцы да 17 гадзін дня з перапынкам на абед і двума выхаднымі днямі на тыдзень. Вось і ствараюцца нервовыя чэргі. Чамусьці бензінавыя аўтазапраўкі працуюць кругласутачна і без выхадных. Таму і з запраўкай аўтамабіляў “блакітным палівам” трэба шукаць аптымальны варыянт. І каб гэта спрыяла інтарэсам людзей, а не бюракратычных ведамстваў. Усё было б намнога прасцей, каб у горадзе дзейнічалі тры існуючыя камерцыйныя газанапаўняльныя станцыі. Аднак на працягу ўжо некалькіх месяцаў яны закрыты. На ўездах вет-лівыя таблічкі: “Прабачце! Газу няма”. Іншымі словамі, недахоп газу, як і чэргі па запраўцы ім аўтамабіляў, створаны штучна. Я паспрабаваў атрымаць нейкае тлумачэнне ў аднаго з высокапастаўленых кіраўнікоў вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз”, які папрасіў не называць яго прозвішча. Ён выказаўся літаральна так: — Праблему бачым і стараемся вырашыць. У бліжэйшы час не толькі ў Віцебску, але і ў буйнейшых гарадах вобласці будзе створана сетка сучасных газанапаўняльных станцый для запраўкі ўсіх відаў транспарту. Што тычыцца камерцыйных ГНС, то прадпрыемства “Віцебскаблгаз” ніякага дачынення да іх не мае і забеспячэннем іх не займаецца. Больш кампетэнтны каментарый вы можаце атрымаць у канцэрне “Белпалівагаз”... Як бачым, сітуацыя не тупіковая. У размеркаванні жыццёва важнага энерганосьбіта неабходны жывая работа і канкурэнцыя. Тады і чэргаў на запраўку адназначна не стане, як і нараканняў на бяздзейнасць улады.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter