Гайдай з папраўкай. Гэта здарылася у пачатку мінулага лета.

Не вельмі далёка ад нас ёсць балотца, у якім некаторыя птушкі выводзяць сваё патомства. Аднойчы раніцай я ўбачыла, як мама-качка пераводзіла сваіх качанят цераз дарогу. А дарога не самая спакойная: і ўдзень, і ўночы едуць па ёй машыны. Качка ішла першай, а за ёй увесь вывадак. І раптам засігналіла машына. Маленькія качаняты сталі пішчаць, спалохаліся, бедныя. А качка растапырыла крылы, каб абараніць сваіх дзетак. Я з жахам сачыла, што зараз будзе! Але кіроўца быў уважлівы, своечасова затармазіў. Вывадак спакойна перайшоў дарогу і схаваўся ў балотнай траве. А мама-качка гучна пакракала ў след машыне. Яна дзякавала кіроўцу за ўвагу да яе маленькіх пушысцікаў.
Калі ўсё закончылася, я прыгадала славуты гайдаеўскі фільм “Каўказская палонніца”,  дзе быў падобны эпізод. Толькі там машыны імчалі, не зважаючы на маму-качку і яе дзетак, і яна сварылася за гэта на вадзіцеляў. А наша краква  падзякавала за разуменне і спагаду.
Хутка зноў птушкі будуць выводзіць патомства. І, хто ведае, магчыма, мне зноў пашанцуе ўбачыць старую знаёмую...

Тамара АЛЯХНОВІЧ, Слуцк
Прысылайце свае нявыдуманыя гісторыі на адрас рэдакцыі “НГ”. Жыццё часам падкідвае такія сюрпрызы! Падзяліцеся тым, што маеце ў скарбніцы сваёй памяці і вопыту!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter