Вулічнае культурнае жыццё ў Беларусі з кожным годам бурліць усё мацней

Гайда на вуліцу!

Зайздрасць, як правіла, не мая звычка. Аднак падарожнічаючы яшчэ гадоў пяць — сем таму па гарадах Польшчы, Чэхіі, Літвы, Італіі, я раз-пораз перажывала гэта пачуццё. Ну праўда — там піяністы ігралі Шапэна прама на гарадской плошчы, мастакі малявалі шаржы на тратуарах, мімы-статуі “ажывалі” за кожным вуглом... А ў нас на вуліцах было ціха, спакойна і чыста. Усё, як заўсёды. Хочаш забаўнага і пазнавальнага — набывай квіток у тэатр, цырк, філармонію ці музей.

А сёння я ўсміхаюся. Усміхаюся тым еўрапейцам, на месцы якіх хацела быць некалькі гадоў таму. Маўляў, зайздросьце цяпер вы нам. Бо вам хіба ўжо надакучыла вулічнае культурнае жыццё, а мы атрымліваем сапраўдную асалоду ад гэтай магчымасці ў беларускім асяроддзі. Не трэба грошай, не трэба смокінгаў і вячэрніх сукенак, проста выходзь на вуліцу і спаталі сваю культурную смагу.

На выбар — любы жанр мастацтва. Карцінамі натхняйся на плошчы Якуба Коласа на open-air выставе “Мастак і горад”, якая працуе з канца красавіка. Тэатральныя перформансы чакай у Верхнім горадзе, асабліва падчас Мінскага форуму вулічных тэатраў 8—9 мая. Незвычайныя дызайнерскія інсталяцыі шукай на Фестывалі ландшафтнай архітэктуры і дызайну, які праходзіць у гістарычным цэнтры Мінска да 10 мая. Музыкай натхняйся на “Джазавых суботах ля Ратушы”, якія стартуюць сёлета з 10 чэрвеня. Карацей кажучы, толькі паспявай сачыць што, калі і дзе.

Асабліва радуе, што ў такіх вулічных культурных праектах удзельнічаюць не толькі беларусы. Да прыкладу, на тэатральным форуме чакаюцца акцёры берлінскага тэатра Dulce Compania і артысты цырка з французскага горада Шамберы Cie du Fil а Retordre, а на джазавых вечарах — музыкі з Англіі, Італіі, Польшчы, ЗША і іншых краін. І ўсё гэта бясплатна. Неабходна толькі жаданне.

Вядома, у Мінску вулічнае жыццё бурліць мацней за перыферыю — гэта характэрна для ўсіх сталіц. І людзям з малых гарадоў больш складана ўліцца ў яго. Аднак пры жаданні таксама магчыма — проста набывай квіток да сталіцы або абласнога цэнтра, дзе гэтага вулічнага жыцця больш, або чакай якога мясцовага фестывалю ці фэсту — а яны ёсць амаль у кожным рэгіёне, прычым часам яшчэ больш адметныя і ўнікальныя, чым у Мінску. Тут вам і мсціслаўскія рыцары, і шаркаўшчынскія шапавалы, і мотальскія кулінары, і аўцюкоўскія жартаўнікі і яшчэ шмат чаго. Паўтаруся: было б жаданне. Можна самыя доўгія выхадныя ў годзе прасядзець у чытырох сценах, “падглядаючы” за актыўным чужым жыццём ў Фэйсбуку ці Інстаграме, а можна і самім жыць актыўна.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter