Гаворыць і спявае Маладзечна. Па-беларуску. Канцэрты

Расказвае мастацкi кiраўнiк фестывалю народны артыст Беларусi, прафесар Мiхаiл ФIНБЕРГ:
— Першае i галоўнае — фестываль вельмi нацыянальны: нiдзе больш нельга пачуць адразу так многа беларускай музыкi, прычым прафесiйнай, i высокага беларускага паэтычнага слова. Другая адметнасць — мноства прэм’ер. Сёлетнi фэст мы прысвяцiлi 60-годдзю Вялiкай Перамогi, а таму i самая важная прэм’ера — праграма “Iшла вайна народная”, падрыхтаваная музыкантамi i салiстамi нашага заслужанага калектыву — Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусi. Мы вельмi ганарымся другой прэм’ернай праграмай — “Быў, ёсць, буду”, якая ўвабрала ў сябе новыя песнi на вершы Уладзiмiра Караткевiча i прысвечана 75-годдзю з дня яго нараджэння. Трэба адзначыць, што, калi мы пачыналi работу над гэтым праектам, iснавала ўсяго толькi дзве песнi на вершы гэтага знакамiтага паэта. Цяпер iх — 32! Так плённа папрацавалi беларускiя кампазiтары, натхнёныя музай Караткевiча. Прэм’ерным будзе i аўтарскi канцэрт кампазiтара Алега Елiсеенкава “Маладзечна — мой дом”, якi збярэ лепшых салiстаў, у тым лiку з нашай студыi “Гран-пры”, якой i кiруе кампазiтар. Упершыню ў Маладзечна “зазiрнуць” фестывалi камернай музыкi з Нясвiжа, Заслаўя i Мсцiслава — канцэрт беларускай музыкi, што гучала ў гэтых старажытных гарадах, мы назвалi “Выбраныя творы”. Яшчэ адна адметнасць фестывалю, i таксама вельмi важная, — жывы гук i аркестра, i спевакоў. Я сказаў бы, што гэты фэст мае жывую душу, бо кожная праграма — гэта не дывертысмент, а цэлы драматычны спектакль. Нават голас Уладзiмiра Караткевiча пачуем — запiс адшукалi мы на беларускiм радыё.

Паэзiя

Расказвае паэтэса, галоўны рэдактар часопiса “Маладосць”, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларуси Раiса БАРАВIКОВА:
— Душэўнасць гэтага фестывалю, пра якую гаварыў маэстра Фiнберг, — i ў прысутнасцi высокай паэзii. I не толькi ў песнях, бо беларускiя песнi пiшуцца не на тэксты, а на добрыя вершы. Душэўнае слова прывязуць у горад паэты пакалення саракагадовых, якiя больш за ўсё i працуюць у песенным жанры. Напрыклад, Алесь Бадак, больш як дзесяць песень якога прагучаць у фестывальных праграмах. Маладзечанцаў чакае сустрэча з аўтарам слоў беларускага гiмна Уладзiмiрам Карызнам, з вядомымi паэтамi Навумам Гальпяровiчам, Вiктарам Шнiпам, Мiколам Шабовiчам. А моладзь прадставяць Таццяна Сiвец i Янка Лайкоў.

Горад

Расказвае в.а. старшынi Маладзечанскага гарадскога выканаўчага камiтэта Яфiм IДЭЛЬЧЫК:
— Восьмы раз прымае наш горад такое свята, а адносiны да яго i маладзечанцаў, i прадстаўнiкоў улады такiя ж трапяткiя, як i ў першы раз. Горад прыхарошваецца; транспартнiкi, работнiкi гандлю i гасцiнiц рыхтуюцца да сустрэчы гасцей, якiх мы чакаем не менш за 600 чалавек. Акрамя артыстаў, паэтаў, журналiстаў, прыедуць прадстаўнiкi гарадоў-пабрацiмаў з Расii, Украiны, Польшчы, Балгарыi, Германii са сваiмi мастацкiмi калектывамi. Практычна ўсе фестывальныя праграмы пройдуць на адкрытых пляцоўках: цэнтральная плошча чакае да 50 тысяч гледачоў; у гарадскiм парку збяруцца паэты; выступленнi калектываў мастацкай самадзейнасцi адбудуцца на шматлiкiх iншых пляцоўках. Цэнтральная вулiца Маладзечна 10—11 чэрвеня стане пешаходнай, на ёй размесцiцца Горад майстроў. Канцэрт камерных калектываў аркестра Фiнберга пройдзе ў нашым цудоўным Палацы культуры. Мы ганарымся тым, што паўнапраўным удзельнiкам фестывалю сёлета стане сiмфанiчны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылiшча iмя М.К.Агiнскага пад кiраўнiцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi Рыгора Сарокi.    

Тэлебачанне

Расказвае генеральны прадзюсер Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр СУБАТ:
— Сем арыгiнальных праграм мае намер запiсаць за два фестывальныя днi наша тэлекампанiя. Яны будуць паказаны беларускiм гледачам пачынаючы з нядзелi 11 чэрвеня пасля 22 гадзiн. Акрамя гэтага, мы будзем весцi “Фестывальны дзённiк”, запiшам шмат клiпаў, iнтэрв’ю з вядомымi людзьмi для праграм “Добрай ранiцы, Беларусь!” i “Спявай, душа!”.  Галоўная мэта ўсёй гэтай работы — перадаць дыханне нацыянальнага фестывалю, тую любоў да беларускай музыкi i слова, якой насычана само паветра ў Маладзечне. А завершыць фестываль у 23 гадзiны 11 чэрвеня праграма Белтэлерадыёкампанii “Беларуская калекцыя”. На цэнтральнай плошчы горада выступяць самыя знакамiтыя беларускiя ансамблi i спевакi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter