Гаворыць хлопчык Ігар. Ці заўважалі вы, наколькі знаходлівымі, мудрымі, а часам смешнымі бываюць у размовах нашы дзеці?

Іх словы становяцца ледзь не афарызмамі ў хатнім ужытку. Бацькі дзеляцца імі са сваімі роднымі, бабулі і дзядулі — з суседзямі... А вось Канстанцін Карнялюк з Віцебска вырашыў падзяліцца “знаходкамі” свайго малога Ігара і з чытачамі “НГ”. Чаму б і іншым татам, матулям, бабулям і дзядулям не падтрымаць ініцыятыву віцябляніна і не даслаць нам некалькі моўных шэдэўраў сваіх дзетак?! Чакаем вашых лістоў!

Выбар прафесіі
Дзядуля пытаецца: “Ігар, а ты, калі вырасцеш, кім станеш?” — “Дзядзькам Ігарам”.
Квіты
Ігар есць. Кот Маўзік побач. Ігар: “Не прасі, даражэнькі, не дам табе ўсё роўна катлетку... Ты мне ўчора мышку не даў, і я табе нічога не дам”.
Не ажыве
Ігар корміць мядзведзіка — сваю любімую цацку. І прыгаворвае: “Будзеш дрэнна есці, ніколі не ажывеш!..”
Без курткі — да цяпла
Ігар просіцца ў маці ісці на вуліцу без курткі. Маці: “Ну, мілы, да цяпла яшчэ дажыць трэба!” Ігар: “Ну, матулечка, можа, усё ж такі без курткі дажывём?..”
Размова ў дзіцячым садку
Ірынка: “Кенгуру носіць сваё дзіця ў сумцы”. Ігар: “А мая мама носіць заўсёды ў сумцы толькі мой фотаздымак...”
Восень настала
Ігар прыносіць са свайго пакоя апалы лісцік фікуса: “Глядзіце, да мяне ўжо восень прыйшла”.
Яшчэ не час
Маці: “Ігар, ты ж ужо ўсе літары ведаеш, паспрабуй прачытаць што-небудзь у буквары”. — “Не хачу. У мяне мала розуму, вось я яго і берагу, а то для школы можа не хапіць!..”
Вінаватая крама
Праходзім з Ігарам ля крамы “Віно”. Там рамонт. Ігар: “Глядзі, тата, вінаватую  краму рамантуюць”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter