Гавораць званы i сведкi Хатынi

Нідзе ў свеце няма такой пранізлівай цішыні, што раз-пораз парушаецца тужлівай мелодыяй званоў
Лёля БАГДАНОВІЧ

Жалоба Хатыні

Як напамін ахвяр вайны,

У каторы кожны трэці згінуў,

Галосяць на ўвесь свет званы

Пад Мінскам, у вёсачцы Хатыні.

Ці ж згодныя былі гарэць

Іх сэрцы ў полымі страшэнным?

Хацелі жыць і шчасце мець,

І сустракаць вясны натхненне...

Саджаць сады і агароды,

Вітаць усмешкай захад, золак.

Каб дзён круціўся калаўрот

Напевам ліўняў і вясёлак.

Узводзіць дахі новых хат,

Спраўляць па восені дажынкі.

...Ды вёсак спаленых набат

Галосіць на ўвесь свет памінкі...

НІДЗЕ ў свеце няма такой пранізлівай цішыні, што раз-пораз парушаецца тужлівай мелодыяй званоў. Усе, хто прыязджаюць у Хатынь, чуюць іх покліч, і не ўяўляюць іншых гукаў на залітай шэрым бетонам і мармурам прасторы. 



МІЖ ТЫМ 72 гады таму 22 сакавіка на месцы толькі што спаленай невялічкай вёсачкі, якая стала потым сімвалам народнай трагедыі, калі яшчэ палалі бярвенні сялянскіх пабудоў, галасіў певень з абпаленым пер’ем. Пакутнік сядзеў на абвугленым пні вішні каля хаты Яскевічаў і крычаў так, што яго было чуваць за кіламетр на хутары, куды пабеглі брат з сястрой Валодзя і Соня, якія ўратаваліся ад жудаснай смерці — двое з усёй іх шматдзетнай сям’і. Яшчэ запомніла Соф’я Антонаўна Яскевіч, як без перапынку то брахаў, то скуголіў ад апёкаў сабака:

— Я ціхенька сядзела ў склепе і чакала, калі ўсё сціхне. Вылезла на свет божы і ўбачыла чырвона-чорнае неба. Яно перад вачыма да гэтай пары. Мы з Валодзем, які выбег з вёскі і зваліўся ў яму з бульбай, падаліся да цёткі ў чым былі. Праўда, холаду не адчувалі. Пэўна, пажарышча сагравала паветра. Ды і дні тады стаялі, ну, як зараз, цёплыя, сонечныя. Прытулку радня не дала: ці баяліся, што з-за нас іх расстраляюць, ці цётчын гаспадар не захацеў лішніх едакоў. На наступны дзень у наваколлі не было ўжо чуваць ні пеўня, ні сабакі... Мы пайшлі хавацца ў лес. Снегу па калена, ды мы яго разграбалі, слалі лапнік і клаліся спаць пад кустом. Бывае, Валодзя пакіне мяне, а сам пойдзе шукаць птушыныя гнёзды. Назбірае яек, якія выседжвалі дзікія качкі, і нясе мне. Смак іх таксама застаўся ў памяці на ўсё жыццё. Выпадковыя людзі давалі хто сухарык, хто драбінку цукру, хто якую анучу. Ставілі бярозавік. У красавіку з’явілася трава снытка. Так да вызвалення і бадзяліся па лесе. 

— Няўжо ніхто з мясцовых не прапанаваў вам прытулку? — пытаюся ў Соф’і Антонаўны, па мужу Фіохінай, якая сёння жыве ў Мінску. 

— Ніхто. Людзі ведалі, што мы хатынскія і баяліся браць да сябе. 

Усё ж надзея не пакідала дзіцячыя сэрцы, верылася ім, што гора ды бяда мінуюць. Вось з такімі пачуццямі страху і надзеі, хаваючыся, і жылі, пакуль ім не сустрэўся адзін мужчына. «Дзеці, — кажа, — вайны ў нас ужо няма. Ідзіце ў Плешчаніцы ў дзіцячы дом».

Усяго сведкамі хатынскай трагедыі сталі шэсць чалавек — каваль Іосіф Камінскі і пяцёра дзяцей. Акрамя Яскевічаў, выжылі Аляксандр Жалабковіч, які, убачыўшы карнікаў, уцёк на кані ў суседнюю вёску, а Віктар Жалабковіч і Антон Бараноўскі выбраліся з палаючага гумна. Сёння з усіх засталіся толькі двое — Соф’я Антонаўна Яскевіч і Віктар Андрэевіч Жалабковіч, які, на жаль, моцна хварэе і гэту гадавіну хатынскай трагедыі сустрэне ў бальніцы. 

Братавая Соф’і Антонаўны, Людміла, нягледзячы на тое, што пахавала мужа, беражэ памяць аб тых падзеях, сведкам якіх стаў Уладзімір Яскевіч. Яна пазнаёмілася з ім на танцпляцоўцы на аўтазаводзе, дзе абое працавалі. Дзяўчына ведала пра Хатынь, але неўзабаве разам з Валодзем трапіла да Іосіфа Камінскага, які жыў з другой жонкай у вёсцы Казыры ў тым жа Лагойскім раёне. Там Іосіф Іосіфавіч пабудаваў сабе новую хату, але адтуль часта хадзіў да свайго першага дома, які згарэў 22 сакавіка 1943 года.

— Муж шмат расказваў, як доўгі час з сястрой хаваліся ў лесе, як гадаваліся ў дзіцячым доме. А Іосіф Іосіфавіч Камінскі хацеў жыць паблізу таго куточка, дзе згарэла жонка і чацвёра яго дзяцей. Майго мужа звязвала з Іосіфам Іосіфавічам цёплае сяброўства, а цётка Маня, яго другая жонка, была для хатынскіх сірот сапраўднай маці. Яна сама пацярпела ад сталінскіх рэпрэсій, была выслана, у яе аднялі дваіх дачок, якіх потым так і не знайшла. І нашы небаракі сталі ёй дзецьмі. Марыя Браніславаўна, калі праводзіла нас, заўсёды плакала. Усе хатынскія выраслі годнымі людзьмі. Віктар Жалабковіч спачатку скончыў прафтэхвучылішча, потым вячэрняе аддзяленне БПІ, працаваў у канструктарскім бюро дакладнага машынабудавання. Аляксандр Жалабковіч быў ваенным, пайшоў у запас у званні падпалкоўніка. Соня Яскевіч працавала тэлеграфісткай на адным з паштовых аддзяленняў Мінска. На жаль, трагічна загінуў Антон Бараноўскі. Мой муж прайшоў шлях ад токара да майстра цэха Мінскага аўтазавода. Калі Іосіф Камінскі занямог, то адпісаў яму хату ў Казырах і наказваў гаспадарыць на сядзібе, не запускаць яе. Там і цяпер у нас лецішча. Пацяплее, і я зноў перабяруся туды, а зімой ужо сіл не хапае.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»

klimovich@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter