Гасцінец ад Бутрымовіча

Некаторыя згадкі з дарожнай гісторыі Беларусі
Некаторыя згадкі з дарожнай гісторыі Беларусі.

Шумяць вербы каля грэблі...Шляхі — гэта заўсёды цікава. І дарожная гісторыя вельмі важная для нашай краіны, бо існаванне яе “паміж краінамі і народамі” заўсёды патрабавала добрых шляхоў зносін. Імі карысталіся не толькі вандроўнікі, гандляры ці ганцы, але і ваяры, прычым не толькі тутэйшыя. І паўстае пытанне: калі ўсё ж пабудавалі першую дарогу ў Беларусі? Менавіта пабудавалі, бо першыя шляхі не рабіліся па спецыяльных планах ці праектах. Яны ствараліся, калі была патрэба рухацца да таго ці іншага горада, паселішча, галоўным чынам, каб кантраляваць (заваяваць) тэрыторыю, ці збіраць з яе жыхароў даніну.
Першыя звесткі аб пракладцы дарог адносяцца да часоў Вітаўта і Альгерда. Менавіта гэтыя вялікія літоўскія князі загадвалі свайму войску у перыяд ваенных паходаў арганізавана рабіць дарогу: ці то “прасеку ў лесе”, ці то “масціць” балоцістыя месцы (класці бярвенне, галіны дрэў). Напрыклад, Рэйнгальд Гэйдэнштэйн у “Запісках пра Маскоўскую вайну” згадваў, што войскам Стэфана Баторыя у 1579 годзе пракладвалі такія дарогі каля Полацка і Віцебска.

Дарогі падтрымліваў “у рабочым стане” звычайна сам рух. Калі ж была вялікая патрэба, то зганяліся людзі з навакольных селішчаў, каб толькі адрамантаваць дарогі і масты. Вядома, пры гэтым не было ніякіх праектаў ці чарцяжоў.

І ўсё ж у дарожнай гісторыі Беларусі знайшлася першая дарога, збудаваная па праекце. Такой лічыцца гэтак званы “Гасцінец Бутрымовіча” — яго праклалі на Палессі у канцы XVIII стагоддзя. Мацей Бутрымовіч быў неардынарнай фігурай у беларускай гісторыі. Пінскі падстароста, арандатар уладанняў гетмана Агінскага, ён, па сутнасці, быў адным з першых беларускіх прадпрымальнікаў. Шмат чаго зрабіў на Палессі, а адным з самых вялікіх яго дзеянняў была пабудова дзвюх дарог: з Пінска на Валынь і з Пінска да Слоніма. Месцы на Палессі заўсёды былі складаныя для будоўлі, таму і дарогі, дакладней, грэблі (большая частка трас ішла па балотах) сталі не проста насыпамі, а інжынернымі пабудовамі з асаблівай канструкцыяй.

Сёлета я зноў ездзіў на Палессе, каб знайсці сляды тых дарог. З гісторыі вядома траса “першай дарогі” — гэта Пінск–Горнава–Сернічкі–Хлябы–Лапацін–Ласіцк–Жалкіна. Складана цяпер убачыць менавіта пабудовы Бутрымовіча: тут патрэбны археалагічныя даследаванні. І ўсё ж траса Гарнава–Сернічкі, відаць, не змянілася. Таксама засталіся яшчэ старыя прысады вярбы пры выхадзе дарогі з Хлябоў, а старая грэбля маецца за Лапацінам.

Дарэчы, калі вы пажадаеце праехаць ці прайсціся гасцінцам Бутрымовіча, то падарожжа найлепей пачаць ад яго палаца ў Пінску. Гэта помнік архітэктуры апошняй чвэрці ХVІІІ стагоддзя знаходзіцца на левым, высокім беразе Піны. Пабудаваны ён у стылі класіцызму, у форме літары П. Памяшканні, у тым ліку цокальныя, спланаваны вельмі практычна.

Вядома, калі бачыш палескія “дарожныя рарытэты”, душу ахоплівае хваляванне: вось так рабілі дарогі нашы продкі яшчэ 200 гадоў таму. Дзякуй табе, Мацей Бутрымовіч!

Армэн Сардараў, доктар архітэктуры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter