Гаспадары зямлі

У МІНУЛЫМ годзе яна заняла першае месца па ўраджайнасці. Там сабралі па 43 цэнтнеры зерня на круг, прадалі дзяржаве 4725 тон малака і 363 тоны мяса, што адпаведна складае 112 і 118 працэнтаў да 2011 года. Прычым усё малако рэалізавана класам «экстра». Сярэдні надой ад каровы склаў амаль пяць тысяч кілаграмаў малака.

Сельгасвытворчы філіял «Мнюта» — адна з самых рэнтабельных гаспадарак Глыбоцкага раёна

У МІНУЛЫМ годзе яна заняла першае месца па ўраджайнасці. Там сабралі па 43 цэнтнеры зерня на круг, прадалі дзяржаве 4725 тон малака і 363 тоны мяса, што адпаведна складае 112 і 118 працэнтаў да 2011 года. Прычым усё малако рэалізавана класам «экстра». Сярэдні надой ад каровы склаў амаль пяць тысяч кілаграмаў малака.

Атрыманы чысты прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі — 1 мільярд 401 мільён рублёў. Рэнтабельнасць — 9,7 працэнта. Сярэднямесячная зарплата работнікаў за першае паўгоддзе бягучага года — 4 мільёны 628 тысяч рублёў.

Восем год філіял узначальвае Яраслаў Сінкавец, сапраўдны гаспадар на зямлі, які «каранямі» ўрос у справы і быт вяскоўцаў, па імю і імю па бацьку ведае не толькі кожнага члена калектыва, але і яго біяграфію.

Першае знаёмства з Яраславам Сінкаўцом адбылося ранняй вясной у некалькі незвычайных абставінах: ён нёс па раллі да трактарнага прычэпа даволі важкі камень. Пажартаваў:

— Вось і рукі падаць не магу. Занятая.

Пасля, пазбавіўшыся ад ношы, прагаварыў:

— Пападзіся такі «падарунак» на шляху камбайна —  і паломка гарантавана. Прастой. І добра, калі яшчэ адным днём абыйдзешся. Ды ў дадатак — мільёны на запчасткі.

Таму культура земляробства для Сінкаўца пачынаецца з ачысткі палёў ад камення. Кожны веснавы дзень на падмогу ў такой важнай справе прыязджаюць 20—30 работнікаў ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат». Дарэчы, гэтыя камяні потым выкарыстоўваюцца як цудоўны матэрыял пры рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў.

Сур’ёзна працуюць у гаспадарцы з арганікай. Гэта ўплывае і на сабекошт вырошчваемай збажыны, бо менш патрабуецца мінеральных угнаенняў, хаця і ў іх недахопу не адчуваецца. Акрамя таго, што даюць з бюджэту, падсабляе ў дадатак і галаўное прадпрыемства.

Яраслаў Сінкавец імкнецца ўкараніць у вытворчасць усё самае перадавое.

Цяпер сеялкі з актыўнымі органамі апрацоўкі глебы — «Ленкен», АПП-6 — норма. А першая з’явілася колькі гадоў таму менавіта ў філіяле «Мнюта».

— Еду я з Віцебска, — прыгадвае Яраслаў, — бачу — на полі агрэгат, які выконвае адразу некалькі аперацый: і глебу рыхтуе, і сее. Потым усю дарогу думаў, як бы сабе ў гаспадарку прыдбаць такі. Удалося. Хаця, — працягвае ён, — якія б цуда-машыны ні былі, усё вырашаюць людзі, што абслугоўваюць іх. Узяць той жа пасяўны агрэгат. Яго патрэбна адрэгуляваць, каб належнае заглыбленне насення было. І — не адзін раз.

З кадрамі ў філіяле асаблівых праблем няма. Калі ў іншых месцах даюць аб’явы, каб прыехалі да іх спецыялісты, то тут робяць стаўку на сваіх.

Вучаць іх за кошт гаспадаркі. Яскравым прыкладам таго з’яўляецца сям’я Белых. Сярэдні сын Аляксандр працуе ў філіяле інжынерам па ахове працы. Старэйшы Мікалай заканчвае БДАТУ, а самы малодшы, Ілля, вучыцца ў Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы.

— Правільна сказаў Прэзідэнт, — падкрэслівае Сінкавец, — што пры паступленні ва ўстановы сельскагаспадарчага профілю патрэбна аддаваць перавагу вясковым хлопцам і дзяўчатам. Хай яны здадуць і горш экзамены, на «тройку», я па старой сістэме лічу, але ж яны — ад зямлі. Яны і вернуцца да яе. А гарадскія? Не буду пра ўсіх агулам гаварыць, але ў перавазе сваёй ім бы атрымаць дыплом. Адпрацуюць свае гады, і потым — толькі іх і бачылі.

Дарэчы, абодва студэнты Белыя, Мікалай і Ілля, зараз, у час канікул, працуюць у філіяле механізатарамі. З Іллёй мы сустрэліся на сяўбе рапсу.

— Так склалася, — зазначае Яраслаў Сінкавец, — што даводзіцца і ўбіраць ураджай, і закладваць новы.

Поле, на якім вялася сяўба рапсу, было якраз паміж вёскамі Вялец і Шчарбы. Вялікае, у 125 гектараў, на якім праведзена меліярацыя. Глебу на ім рыхтаваў на трактары МТЗ-2522 студэнт Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Ілля Белы. Вылез ён з кабіны трохі «прыпудраны» пылам, але ў добрым настроі.

— Усё нармальна, — вымавіў скупа, як сапраўдны гаспадар. — З тэхнікай упраўляюся. На гэта ж мяне і вучаць, на механіка. А лепшай практыкі, як на полі, не знойдзеш. Вось толькі Каснікоўскі наступае на пяткі. Не магу доўга гаварыць.

Лёгкі на ўспамін, паказаўся з-за пагорку сеяльшчык Аляксандр Каснікоўскі на трактары МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АПП-6 — старэйшы з хлебаробскай дынастыі Каснікоўскіх. У гаспадарцы працуюць таксама механізатарамі яго браты Сяргей і Андрэй. А «верхаводзіць» сынамі іх бацька каваль Васіль. Была задумка сфатаграфаваць гэту хлебаробскую сям’ю разам, але аказалася немагчымым, бо занятыя былі яны на розных работах і ў розных месцах: Аляксандр сеяў, Сяргей нарыхтоўваў кармы, Андрэй абслугоўваў фермы.

Што тычыцца Аляксандра Каснікоўскага, то ён, як заўсёды, паказваў клас. Гледзячы на раўнюткую шырокую паласу за пасяўным агрэгатам, разумееш, што робіць майстар.

— Па 30—40 гектараў у дзень засявае, — выдаў спраўку дырэктар. — Усяго рапсу — 200 гектараў. Днямі заканчваем.

— Не шкада такое поле — пад рапс?

— А ён дае нам выручку лепшую, чым зерневыя, — канстатуе Сінкавец. — Сёлетні ўраджай рапсу — мільярд.

Пабывалі мы і на полі са збажыной. Па загонках камбайнеры Алег Шынкевіч, Аляксандр Макарскі, Генадзь Анкудовіч, Мікалай Бортнік і Леанід Наумёнак убіралі пшаніцу. Рухаліся агрэгаты павольна, каб поўнасцю вымалаціць зерне, не дапусціць страт.

Лепшае поле дало па 40 цэнтнераў на круг, а так ў сярэднім маюць пад 30.

— Сёлета ўраджай будзе меншы. Такога яшчэ не было, каб за месяц ніводнага дажджу, неймаверная гарачыня. Зерне не налілося як след, — уздыхае Сінкавец. — Але ім мы жывёлу ўсё роўна забяспечым поўнасцю.

ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат» робіць усё магчымае, каб яго сельгасвытворчы філіял стаў узорнай малочнай гаспадаркай раёна. Тры гады назад была ўзведзена малочна-таварная ферма «Шэпелева» на 750 дойных кароў — адна з лепшых у вобласці. Тут ёсць усё: тры цэха для ўтрымання кароў па прадуктыўнасці і памяшканне для сухастойных, даільная зала, аўтаматызаваныя працэсы гноевыдалення, 8 сянажных ям ёмістасцю па тысячы тон кожная, 2 свідравіны і нават станцыя абезжалезвання, не гаворачы ўжо аб тым, што створаны ўсе ўмовы для працы і адпачынку жывёлаводаў.

Абслугоўваюць гэты вялікі дойны статак усяго чатыры аператары — Ванда Ліманоўская, Жанна Кузьміч, Алена Стараннік, Ларыса Міхайлоўская.

Але на гэтым будоўля не закончылася. Вырас якраз непадалёк ад гэтай фермы цялятнік на дзвесце галоў, і яшчэ адзін арачнік закладзены. А самае галоўнае, што паскоранымі тэмпамі ідзе рэканстукцыя малочна-таварнай фермы «Мнюта-2». Там упершыню ў раёне будуць устаноўлены робаты «Астранаўт» па даенню кароў. Будоўлю вядзе трэст «Полацксельбуд». Здача аб’екта намечана на восень.

У планах Яраслава Сінкаўца — атрымліваць на новай ферме ад каровы па 8 тысяч кілаграмаў малака!

Уладзімір САУЛІЧ, "БН"

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?