Гаспадары сваёй зямлі. З чаго пачынаецца патрыятызм.

Агульны дабрабыт складаецца з заможнасці кожнага чалавека. У Лунінецкім раёне ёсць людзі, у якіх энергіі хапае не толькі на стараннае выкананне сваёй справы, але і на клопат аб патрэбах рэгіёна, краіны. Як іх актыўную грамадзянскую пазіцыю трансфармаваць у пазітыўныя змены ў жыцці ўсёй Беларусі?

Пляцоўка для актыўных

Добрай пляцоўкай для згуртавання актыўных людзей, зацікаўленых у вырашэнні праблем рэгіёна і краіны, могуць быць грамадскія арганізацыі, лічыць старшыня раённай арганізацыі “Белай Русі” Людміла Казадаева. Членамі “Белай Русі” ў раёне з’яўляюцца звыш 500 чалавек, шмат з якіх, у прыватнасці, працуюць на Лунінецкім малочным заводзе і мікашэвіцкім “Граніце”. У дзейнасці раённай арганізацыі ўдзельнічаюць і фермеры.
“Калі кожны чалавек будзе аддана працаваць на сваім месцы і пры гэтым клапаціцца аб сваім двары, вуліцы, горадзе, тады і ў цэлым жыццё ў краіне будзе паляпшацца”, — лічыць яна.

Захаваць і памножыць

Уладзімір Навіцкі, член “Белай Русі”, амаль кожны свой дзень прысвячае гародніне.  Дзесяць гадоў таму ён заснаваў фермерскую гаспадарку. Пачынаў са старога трактара і адносна невялікага кавалка зямлі. А цяпер у яго звыш 500 гектараў, вялікі парк тэхнікі. Асноўная прадукцыя гаспадаркі — морква і буракі. Менавіта для гэтых культур, адзначае ён, тарфяная глеба, якой шмат на Лунінеччыне, найбольш падыходзіць.
“Кожны павінен штосьці пакінуць сваім дзецям, — тлумачыць Уладзімір Навіцкі матывы, якія падштурхнулі яго да фермерства. — Мой бацька займаўся меліярацыяй на гэтых землях. Я цяпер атрымліваю на іх ураджаі. Хачу, каб працягнулі і маю справу”.

Беларуская морква замест імпартнай

Ураджаі фермер атрымлівае добрыя. Сёлета толькі морквы мяркуе сабраць 13—15 тысяч тон. Летась за тону давалі прыкладна 200 долараў, а за новы ўраджай, магчыма, можна будзе атрымаць і па 300.
Асноўны рынак збыту — Расія. Уладзімір Навіцкі гаворыць, што мог бы шмат адгружаць і ў Беларусі. Аднак заказаў чамусьці няшмат, хаця ў магазінах можна ўбачыць нямала імпартнай морквы. “Часам звяртаюцца, просяць тэрмінова паставіць у айчынныя магазіны, — расказвае ён. — А як жа я магу, калі кантракты на год наперад распісаныя?”
Нашы прыватныя і калектыўныя гаспадаркі маглі б не толькі забяспечыць патрэбы айчыннага рынку ў асноўных відах гародніны, але і працаваць на экспарт, лічыць фермер. Толькі трэба стварыць для гэтага ўмовы. Па-першае, трэба даць людзям зямлю. Напрыклад, сам Навіцкі гатовы апрацоўваць плошчу ўдвая большую, чым мае цяпер. Сельгастэхнікі для гэтага хапае. У дадатак да сховішча на 9 тысяч тон плануе пабудаваць яшчэ адно на 6 тысяч.
Па-другое, трэба мінімізаваць адміністрацыйныя бар’еры, значна спрасціць бухгалтарскі ўлік і падатковае заканадаўства. Па-трэцяе, вельмі важна развіваць інфраструктуру на вёсцы, ствараць новыя працоўныя месцы, каб моладзь не з’язджала. “Зямля і тэхніка ёсць, а вось добрых працоўных рук не хапае”, — тлумачыць ён.

Не чакаць, а працаваць

Безумоўна, дзяржава павінна ствараць спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу. Аднак, перакананы Уладзімір Навіцкі, людзі не павінны разлічваць на тое, што ім дадуць усё і адразу.
“Каб у Беларусі выраслі моцныя вытворцы, нельга проста кагосьці навучыць, — зразумеў на ўласным вопыце фермер. — Кожны павінен сам шукаць, эксперыментаваць, вучыцца на ўласных памылках. Калі ж чалавеку ўсё дастанецца лёгка, ён не будзе гэтага як след цаніць, праз год-другі разваліць”.
Як зрабіць “малочку” смачнай і выгаднай?
Яшчэ адзін лунінецкі ўдзельнік “Белай Русі” Сяргей Коваль займаецца не прыватным бізнесам, а справамі вялікага прадпрыемства. Аднак гэта патрабуе не меншай адказнасці і актыўнасці. ААТ “Лунінецкі малочны завод”, дзе ён займае пасаду намесніка дырэктара па камерцыі,  звыш 70 працэнтаў прадукцыі пастаўляе на экспарт. У першую чаргу — сухое малако. Рост канкурэнцыі не дае права на адпачынак.
Канешне, пагаджаецца намеснік дырэктара, беларускім малочным вытворцам можна было б стварыць вялікую кампанію, якая займалася б каардынацыяй збыту айчыннай прадукцыі ў Расіі. Але гэта не павінна выліцца ў тое, што экспартныя цэны будзе дыктаваць не рынак, а нейкія чыноўнікі.
Да стварэння малочных холдынгаў на тэрыторыі нашай краіны таксама трэба падыходзіць вельмі абачліва. З аднаго боку, агульнае кіраванне вытворчымі магутнасцямі, магчыма, дазваляе знізіць агульныя выдаткі і павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі. Але, з іншага боку, стварэнне холдынгу можа прывесці да скарачэння працоўных месцаў, абяднення асартыменту прадукцыі і зніжэння канкурэнцыі, павышэння цэн.

Ці падтрымае замежнік вёску?

Не варта, лічыць Сяргей Коваль, і празмерна спяшацца з прыцягненнем у айчынную малочную галіну замежных інвестараў. “Яны могуць прынесці сучасныя тэхналогіі і адкрыць новыя рынкі збыту”, — гаворыць ён. Але, як сведчыць вопыт, замежнікі не заўсёды зацікаўлены развіваць сыравінную зону і пашыраць асартымент прадукцыі.
А вось, напрыклад, Лунінецкі малочны завод падтрымкай вёскі актыўна займаецца. Яшчэ гадоў шэсць таму прадпрыемства ўзялося за развіццё сельгасарганізацыі, доля якой ў малочным “ураджаі” раёна не перавышала 1 працэнта. А цяпер — звыш 10 працэнтаў. І гэта на фоне развіцця іншых гаспадарак, прыросту здачы малака насельніцтвам.
“Малочны рынак — не толькі завод, які перапрацоўвае малако, — тлумачыць Сяргей Коваль. — Гэта і інвестыцыі ў сельскую гаспадарку, стварэнне новых працоўных месцаў, развіццё сацыяльнай інфраструктуры”.
Будзе завод паспяхова працаваць — у раённым бюджэце прыбавіцца грошай, і можна будзе больш эфектыўна вырашаць многія праблемы. “Трэба, каб больш істотныя змены адбываліся ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі Лунінца, добраўпарадкавання горада “, — лічыць Сяргей Коваль.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter