Гаспадар вады

У гэты дзень (16 красавіка), па народных уяўленнях, абуджаецца вадзянік. Таму рыбакі павінны былі ноччу “пачаставаць” вадзянога: у гэтым выпадку рыбалка (і зімовая, і летняя) цэлы год будзе ўдалай. У якасці пачастунка выступалі гусак без галавы, поснае масла — іх кідалі ў ваду.

* Гаспадар рэк, азёр і іншых вадаёмаў — вадзяны — злы дух, у народзе насіў назву “вадзяны чорт”. Лічылася, дзе ёсць вада, там ёсць свой вадзяны. Прычым у адным вадаёме можа быць некалькі вадзяных, яны могуць жыць сем’ямі, сярод іх абавязкова будзе старэйшы, якому ўсе будуць падпарадкаваны. Часцей за ўсё месцам іх жыхарства лічыліся ціхія, глыбокія месцы, там, дзе жывуць донныя рыбы — шчупакі і самы. Акрамя таго, самыя небяспечныя месцы на рацэ ці возеры — віры, таксама лічыліся прытулкам вадзянога. Вадзянога ўяўлялі сабе сталым чалавекам, з горбам і барадой, загорнутага ў ціну.
* У народзе лічылі, што вадзяны ўладарыць над усімі рыбамі: можа пераманіць іх з суседняга вадаёма ў свой, ці, наадварот, разагнаць па іншых вадаёмах; можа схаваць на глыбіні, а можа падняць на паверхню. Рыбакі свята верылі ў тое, што вадзянога трэба задабрываць, каб ён вёў рыбу ім у сетку.
* Па народных уяўленнях вадзяны — апякун рыбакоў, пчаляроў і млынароў.
* Ахвяраванні і падарункі вадзяному прыносілі напачатку рыбалоўнага сезона, пры будаўніцтве млына ці гаці. Акрамя таго, на год прыпадала некалькі такіх дзён: 16 красавіка, 22 мая, 26 верасня, 19 снежня.
* Паўсюдна лічылася, што вадзяны, які не атрымаў свой падарунак, раззлаваўшыся можа парушыць плаціну (гаць), зруйнаваць млын, парваць сетку ці нарабіць якой іншай бяды.
* Акрамя таго, вадзяны мог пакараць рыбака за тое, што той вырабляў сетку ў святочныя (а значыць, святыя) дні; калі рыбу вудзілі ў тыя дні, калі гэта было забаронена; калі чалавек гучна размаўляў каля вады — турбаваў вадзянога.
* Лічылася, што вадзяны зацягне да сябе тых, хто купаецца без крыжыка на шыі ці пасля заходу сонца. Асабліва небяспечным для купання лічыўся тыдзень перад святкаваннем Іллі, Пятроўскі тыдзень, Іванаў дзень, а таксама час, калі квітнее жыта.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter