У Мінску адкрылася XXIII міжнародная кніжная выстава-кірмаш

Гартаць не перагартаць

У  сераду адкрылася XXIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш з удзелам 29 краін
У  сераду ў Мінску адкрылася XXIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш з удзелам 29 краін. Ганаровы госць у гэтым годзе — Арменія. А праграма ўвогуле ўключае больш за 200 мерапрыемстваў, у тым ліку прэзентацыі кніжных праектаў, сустрэчы з вядомымі беларускімі і замежнымі аўтарамі. Сярод іх Мікалай Каняеў, Яўгенія Пастарнак, Андрэй Жвалеўскі, Леанід Юзэфовіч, Раман Сенчын і іншыя пісьменнікі. Дарэчы, кнігі нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Святланы Алексіевіч можна адшукаць на стэндзе расійскага выдавецтва “Время”.


Наведвальнікаў чакае шмат сюрпрызаў. У прыватнасці, народная артыстка Расіі Валянціна Талызіна сёння прэзентуе на выставе сваю аўтабіяграфію “Мои пригорки, ручейки...”. А заўтра ў Доме Масквы ў Мінску адбудзецца яе творчы вечар.

На гэтым форуме, які адбываецца ў Год культуры, знайшоў адлюстраванне цэлы шэраг знамянальных дат: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 400-я гадавіна памяці Уільяма Шэкспіра, юбілейныя даты Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Уладзіміра Мулявіна, а таксама 70-годдзе ААН, 30-годдзе чарнобыльскай катастрофы, 25-годдзе СНД.

Ужо ў другі раз на кніжным кірмашы прайшоў Міжнародны літаратурны сімпозіум “Пісьменнік і час: пераемнасць у літаратуры”. Ён уключаў і семінар маладых літаратараў Беларусі і Расіі.

Сёння на выставе адбудзецца ўручэнне ўзнагарод пераможцам 55-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Вышэйшая ўзнагарода ў намінацыі “Трыумф” у гэтым годзе прысуджана кнізе “Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі...” выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Нагадаем, XXIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш працягнецца да 14 лютага. Зазірніце з 10.00 да 19.00 у выставачны комплекс “Белэкспа” (пр-т Пераможцаў, 14). Уваход, на радасць усім кнігаманам, свабодны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter