Гармонія вялікай сям’і

У Гродзенскай вобласцi фiнiшаваў абласны этап Рэспублiканскага фестывалю нацыянальных культур

У Гродзенскай вобласцi фiнiшаваў абласны этап Рэспублiканскага фестывалю нацыянальных культур

Гродзеншчына двойчы, зімой і летам, акунаецца ў суквецце яркага, самабытнага і непаўторнага па сваёй згуртавальнай энергетыцы свята нацыянальных культур. Абласны яго этап прайшоў у мінулыя выхадныя ў Лідзе, а юбілейны Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур па традыцыі прыме Гродна. Лідчане ўпершыню сабралі такую вялікую шматнацыянальную сям’ю.

Адных толькі ўдзельнікаў абласнога фестывалю было болей за тры сотні, калі не лічыць гледачоў. За вокнамі запоўненага раённага Дома культуры ўступала ў свае правы зіма, а ў зале па-сапраўднаму грэла душу дзіўная атмасфера дабрыні і гармоніі.

— Надвор’е нашыя планы не зблытала і зблытаць не магло, бо гэта тое свята, якога мы чакаем з асаблівай нецярплівасцю, і ўдзельнічаем у ім, дарэчы, ад самага яго пачатку. Прыехалі ўсе дружна, каб прадставіць сваю ўкраінскую культуру, — кажа кіраўнік Гродзенскага культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Барвінак” Ніна Міхайленка. — Па шляху на фэст наш аўтобус маўчаў: баяліся застудзіць горла або сарваць голас перад такім адказным выхадам на сцэну, а на канцэрце так добра распеліся, што, мяркую, цяпер да самага Гродна песні не сціхнуць, — усміхаючыся, прадстаўляе яна сваю дружную каманду. Усе ўдзельнікі абласнога этапу свята былі аднадушныя ў меркаванні: прыехалі не толькі паспаборнічаць у конкурсным адборы на ўдзел у гала-канцэрце Рэспубліканскага фестывалю, але, галоўнае, сустрэцца. Уласна кажучы, свята пачыналася з нацыянальнай кухні. У адзін дзень можна было пакаштаваць і ўкраінскія галушкі, і беларускія дранікі, і рускія пельмені, і яшчэ з дзясятак далікатэсных нацыянальных страў. І ўсё гэта падавалася з такой ветлівасцю!

— Выдатна, што абласны фестываль вырашылі перанесці з Гродна ў Ліду. Наш райцэнтр, які пасля рэспубліканскіх “Дажынак” атрымаў добрую сцэну, прымае шмат святаў і канцэртаў, але такога мы яшчэ не бачылі. Неяк усё па-хатняму, цёпла і натуральна, — падзяліўся меркаваннем лідчанін Аляксандр Маркевіч, які прыйшоў на свята з жонкай і дачкой.

У чаканні сустрэчы

Адкрылі канцэртную праграму гаспадары: лідскі аматарскі калектыў, ансамбль песні і танца “Талака”. А пасля ўрачыстага ўручэння дыпломаў і сувеніраў кожнай з суполак пачаўся шматнацыянальны канцэрт. Рускія, украінскія, польскія, літоўскія, яўрэйскія, беларускія, цыганскія, чувашскія матывы зліліся разам. І на самай справе глядач не рабіў акцэнты на прафесіяналізме ўдзельнікаў, пакінуўшы гэтае права кампетэнтнаму журы. Аднолькава цёпла сустракалі і сельскія калектывы, і знакамітыя.

— Галоўная мэта нашага фэсту — сабраць разам носьбітаў нацыянальнай культуры і традыцый Гродзеншчыны. Таму мы заўсёды рады і тым калектывам, што ўжо сталі знакамітымі, і новым, якія сваёй творчасцю развіваюць і прапагандуюць нацыянальную культуру, — падкрэслівае дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дземянчук.

Дарэчы, самай масавай гэтым разам у канцэрце была польская суполка. Яе калектывы з’ехаліся з розных куткоў Гродзеншчыны. Кранула гледача прадстаўленне багатай традыцыямі, але мала вядомай у Беларусі чувашскай культуры, прадстаўленай вакальным трыа нешматлікага Гродзенскага гарадскога аб’яднання чувашоў “Атал”.

Зрэшты, гэты дзіўны канцэрт, як і само свята, непадзельны па кампазіцыі і па складзе. Ён на самай справе гарманічны. А раз’язджаецца з гасціннай Ліды гэтая вялікая шматнацыянальная сям’я па розных кутках Гродзеншчыны, каб зноў сустрэцца.

 Паспрабуйце прыгатаваць

Бігас (страва польскай нацыянальнай кухні)

Вам спатрэбяцца: капуста белакачанная — 250 г, капуста квашаная — 500 г, памідоры — 3 шт., цыбуля — 1 галоўка, яблыкі — 2 шт., мякаць ялавічыны — 250 г, мякаць свініны — 200 г, сала — 60 г, каўбаса вэнджаная — 100 г, алей — 3 ст. л., булён мясны — 1 шклянка, віно чырвонае сухое — 1 шклянка, цукар — 1 ч. л., ліст лаўровы — 1 шт., перац духмяны гарошкам — 5 шт., перац чорны молаты, соль.

Свежую капусту нашаткуйце, квашаную адцісніце. Памідоры апарце, ачысціце ад скуркі, мякаць нарэжце кубікамі. Цыбулю і яблыкі нашаткуйце, абсмажце на алеі, дадайце капусту і памідоры і тушыце 10 хвілін. Сала, ялавічыну і свініну парэжце брусочкамі, абсмажце, змяшайце з капустай, пасаліце і паперчыце. Дадайце парэзаную саломкай каўбасу. У булён дадайце цукар, лаўровы ліст і перац гарошкам, уліце ў бігас, дадайце віно і тушыце ў духоўцы 1,5 гадзіны пад вечкам і яшчэ 20 хвілін без вечка. Гатовы бігас пасыпце пакрышаным зяленівам.

Жасіс капусцініс (гусь з кіслай капустай па-літоўску)
Адна гусь, 1—1,5 кг кіслай капусты, 4—5 яблыкаў сорту “пепін літоўскі” (або два антонаўскія яблыкі), 200 г свінога сала, 4 цыбуліны, 1 ст. л. кмену, 1 ч. л. духмянага ямайскага перцу.
Капусту тушыць з салам (палова названай нормы) на працягу дзесяці хвілін да гатоўнасці, дадаць нарэзаныя цыбулю і яблыкі.
Гусь разрэзаць ззаду ўздоўж хрыбта, выняць косткі, не закрануўшы скуру, зняць лішні тлушч, пасаліць і нацерці знутры перцам, начыніць падрыхтаванай капустай, зашыць, надаўшы форму цэлай гусі, абкласці тонкімі лустачкамі мяса гусі. Засмажыць на блясе ў духоўцы, перыядычна паліваючы сокам, які будзе цячы з гусі.

Фота
Аляксандра САЛЯНКОВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter