Пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны з лёгкай рукі некаторых гісторыкаў прынята лічыць часам суцэльных ваенных няўдач Чырвонай Арміі

Гарматы глядзелі на захад

Пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны з лёгкай рукі некаторых гісторыкаў прынята лічыць часам суцэльных ваенных няўдач Чырвонай Арміі, у радах якой нібыта панавалі хаос і разгубленасць. Так, было тады ўсё. Але не толькі адступалі, несучы вялікія страты, нашы байцы і камандзіры. Былі на Заходнім фронце і баі сапраўды дзіўныя, неверагодныя, у якіх ярка выявіліся мужнасць і стойкасць савецкіх воінаў.


 Вось, напрыклад, калі адбылася самая першая танкавая бітва Вялікай Айчыннай вайны? Аднойчы ў адным з ваенных архіваў я натрапіў на два франтавыя здымкі: на абодвух былі зняты нашы пакарабачаныя танкі Т-26. Подпіс гаварыў: “Савецкія танкі, падбітыя пад Брэстам у 1941 годзе. Іх гарматы па-ранейшаму глядзяць на захад”. Доўгі час я спрабаваў удакладніць месца здымкі, пакуль у рукі не трапіла брашура генерал-палкоўніка Л. Сандалава, якая выйшла з грыфам “Сакрэтна” і мізэрным тыражом. Яна была прысвечана прыгранічным баям 4-й арміі і ў выніку аб’ектыўных меркаванняў і сумленных ацэнак доўгі час прызначалася для строга абмежаванага кола чытачоў — у асноўным для слухачоў ваенных акадэмій.


Палкоўнік Сямён Багданаў

1 чэрвеня 1945 года былому падпаручніку царскай арміі, удзельніку Першай сусветнай вайны Сямёну Багданаву было прысвоена званне маршала бранятанкавых войскаў. Страшнай цаной заплаціў маршал за Перамогу: загінуў на фронце яго адзіны сын Расціслаў, загінулі трое братоў і сястра. Сам праліў нямала сваёй крыві — быў чатырохразова паранены.


Генерал-палкоўнік Леанід Сандалаў

“У 12 гадзін 30 мінут мы прыбылі ў Пелішча, — успамінаў Леанід Сандалаў. — І якраз у гэты момант прама на нашых вачах развярнуліся для бою і пайшлі ў атаку галоўныя сілы абодвух танкавых палкоў 30-й дывізіі. Вораг не вытрымаў гэтай імклівай атакі і зноў адкаціўся да Відомля. Гэта былі часці 17-й і 18-й танкавых дывізій 47-га матарызаванага корпуса немцаў.”


Леанід Сандалаў быў начальнікам штаба 4-й арміі Заходняга фронту, якая прыкрывала прамы і найкарацейшы шлях на Маскву — па лініі Брэст — Мінск — Смаленск. 22 чэрвеня, з першых жа гадзін вайны, ён адправіўся на перадавую лінію, якая ішла ўздоўж мяжы. Там перасеў у танк Т-26 і адправіўся ў гарадок Відомля на сустрэчу з камандзірам 30-й танкавай дывізіі палкоўнікам Сямёнам Багданавым. 47-гадовы палкоўнік, у мінулым царскі афіцэр, усяго толькі паўтара года як быў выпушчаны з турмы, куды трапіў па даносе. Яго абвінавачвалі ва “ўдзеле ў ваенна-фашысцкай змове”. Але нехта наверсе вырашыў яго выратаваць, і справу перайгралі, расстрэльны артыкул замянілі на менш цяжкі: халат­насць у арганізацыі баявой падрыхтоўкі злучэння. А потым і зусім падвялі пад амністыю.

“У 12 гадзін 30 мінут мы прыбылі ў Пелішча, — успамінаў Леанід Сандалаў. — І якраз у гэты момант прама на нашых вачах развярнуліся для бою і пайшлі ў атаку галоўныя сілы абодвух танкавых палкоў 30-й дывізіі. Вораг не вытрымаў гэтай імклівай атакі і зноў адкаціўся да Відомля. Гэта былі часці 17-й і 18-й танкавых дывізій 47-га матарызаванага корпуса немцаў”.

З дапамогай сяброў з Брэсцкага ваенна-гістарычнага клуба “Рубеж” — Андрэя Вараб’я, Алены Варабей і Аляксандра Жаркова — мне ўдалося пабываць мінулым летам на месцы былога бою. Сёння там вялікае скрыжаванне з сучаснай дарожнай развязкай. Прыпаркаваўшы машыну на абочыне, мы разбрыліся па наваколлях у пошуках слядоў той танкавай бітвы. Падавалася, усё быллём парасло — прайшло ж столькі гадоў. Але вось у руках у Андрэя Вараб’я цяжкая жалязяка — трак ад гусеніцы танка Т-26. Нямое сведчанне той даўняй бітвы, сталёвы дакумент. Трымаю яго ў руках і спрабую ўбачыць той сустрэчны танкавы бой вачамі палкоўніка Сандалава, яго баявая машына стаяла якраз непадалёк.

…Такім чынам, нагадаем, 22 чэрвеня 1941 года, наваколлі Брэста, самыя першыя гадзіны вайны. 30-я дывізія выступала з Пружан двума танкавымі палкамі (усяго 120 машын) і двума батальёнамі мотастралковага палка. На шчасце, танкісты ў ракавую ноч — з суботы на нядзелю 22 чэрвеня — знаходзіліся ў лесе на паўднёвы за­хад ад Пружан і таму былі ўзнятыя па трывозе без страт. Страты пачаліся на маршы — па дарозе да вёскі Паддубнае. Нямецкія самалёты атакавалі не прыкрытыя з неба калоны.

Пакінуўшы на шашы Пружаны — Высокае каля трох дзясяткаў падбітых машын, астатнія дзевяноста пра­цягвалі свой шлях. У адзінаццаць гадзін дзве калоны пад камандаваннем камдыва палкоўніка Багданава прайшлі Паддубнае і выйшлі на скрыжаванне крыху на поўнач ад вёскі Пелішча. Насустрач ім імчаліся нямецкія танкі, толькі што прарваўшы ненадзейную абарону правага фланга савецкіх войскаў. Гэта былі авангарды 17-й і 18-й дывізій пад камандаваннем нямецкага генерала Вальтэра Нерынга.

І нашы, і фашысты выскачылі з лесу нечакана адзін для аднаго і сышліся на двухкіламетровым участку паблізу вёскі Пелішча. Паміж імі ляжаў канюшынны луг і аўсянае поле, перакрыжаваныя дарогамі з поўначы на поўдзень і з усходу на захад — з Камянца ў Жабінку і з Пружан у Высокае. На скрыжаванні стаяў вялікі прыдарожны крыж, зрублены гадоў сто назад з мясцовай сасны, з пацямнелым медным распяццем. Хрыстос у цярновым вянку сумна пазіраў на пачатак бітвы.

Сустрэчны бой пачалі галаўныя машыны, абмяняўшыся паспешнымі недакладнымі стрэламі. І тут жа, быццам бы па іх сігнале, загрукатала гарматная пальба. Збоку ўсё гэта было падобным да сутычкі дагістарычных яшчараў, якіх-небудзь брантазаўраў з тыраназаўрамі. Але гэта была вайна машын, ужо прадказаная фантастамі. Праўда, у машынах сядзелі жывыя людзі, і часам яны выскоквалі з ахопленых полымем сталёвых скрынак — абпаленыя, скрываўленыя, разлютаваныя.

Наступальны парыў савецкіх танкістаў быў больш моцны, праціўнік ужо стаў адыходзіць да выратавальнага ляска, як у небе замігацелі “юнкерсы”. Яны заходзілі на танкі амаль у крутым піке. Удар з неба прыпыніў націск 30-й дывізіі, тэмп наступу рэзка ўпаў.

Але непрадказальная ваенная фартуна ўраз перайграла сітуацыю. Самалёты паляцелі, а да скрыжавання падаспеў другі полк багданаўскай дывізіі. Ён быў поўны сіл і наступальнага запалу, і яго машыны адразу ж уступілі ў бой. Нямецкія камандзіры імгненна ацанілі новы расклад і далі ў эфір каманду на адыход. Агрызаючыся з павернутых на карму веж, нямецкія танкі хутка ўцягнуліся ў лясную шашу па напрамку на захад — на Відомль. На полі бою засталося каля дзевяноста прабітых, раскроеных, палаючых машын — нямецкіх і савецкіх — ды крута перакошаны крыж прыдарожнага распяцця.

Так скончылася першая танкавая бітва Вялікай Айчыннай. Шкада, што поспех быў нядоўгі. Пакуль ішоў сустрэчны бой ля скрыжавання дарог, другая нямецкая дывізія абыходзіла раён з поўначы, нацэльваючыся на Пружаны. Праз суткі і там закіпела гарачая сутычка. Са 120 танкаў палкоўнік Багданаў пакінуў на полі бою роўна палову. Астатнія адышлі на раку Шчара. З пяхотай і часцямі 22-й танкавай дывізіі выходзілі з акружэння да Слуцка, абаранялі горад. Пад канец 28 чэрвеня 1941 года ў дывізіі Багданава налічвалася толькі два танкі Т-26, тры трактары і некалькі дзясяткаў аўтамашын.

Пасля баёў пад Брэстам Сямён Ільіч Багданаў быў кінуты на вельмі небяспечны ўчастак фронту — камандаваць Мажайскім умацаваным раёнам. Бліскуча праявіўшы сябе, быў назначаны намеснікам камандуючага 5-й арміі па танкавых войсках.

А праз некалькі месяцаў узначаліў 12-ы танкавы корпус. Ваенны лёс кідаў генерала Багданава на самыя агнявыя рубяжы: Сталінград, Курская дуга — на ёй ён вадзіў у бой 9-ы танкавы корпус, аперацыя “Баграціён” па вызваленні Беларусі.

Падчас наступу ў Беларусі Багданаў — ужо камандуючы 2-й гвардзейскай танкавай арміі. І менавіта яму давялося адбіваць у немцаў Брэст, менавіта тады ля скрыжавання Пелішча генерал-палкоўнік Багданаў убачыў свае падбітыя танкі, якія стаялі там з таго памятнага сустрэчнага бою 22 чэрвеня 41-га, іх гарматы па-ранейшаму глядзелі на захад. Немцы не сталі адпраўляць іх на метал, вельмі далёка ад чыгункі. Так замкнуўся ў яго жыцці вогненны ваенны круг — ад Брэста да Брэста.

А далей быў прарыў Памяранскага вала і Мазярыцкага ўмацаванага раёна пад Одэрам, дзе пад зямлёй хавалася самае буйное фартыфікацыйнае збудаванне ў Еўропе —“Лагер дажджавога чарвяка”. І, нарэшце, Берлінская наступальная аперацыя. І зноў менавіта багданаўскія танкі дайшлі і ўсталі каля Брадэнбургскіх варот, каб сустрэць Дзень Перамогі. Да таго часу на грудзях праслаўленага генерала-танкіста зіхацелі дзве Залатыя Зоркі. А побач з імі — чатыры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэны Суворава абедзвюх ступеняў, незлічоная колькасць медалёў і нават знак Ганаровага рыцар-камандора Брытанскай імперыі.

1 чэрвеня 1945 года былому падпаручніку царскай арміі, удзельніку Першай сусветнай вайны Сямёну Багданаву было прысвоена званне маршала бранятанкавых войскаў. Страшнай цаной заплаціў маршал за Перамогу: загінуў на фронце яго адзіны сын Расціслаў, загінулі трое братоў і сястра. Сам праліў нямала сваёй крыві — быў чатырохразова паранены.

А што ж дуэлянт Багданава па першым сустрэчным баі — генерал Вальтэр Нерынг? Яму таксама пашанцавала застацца ў жывых тады, у 1941-м, пад Пелішчам.

У сакавіку 1942 года ён быў адпраўлены ў Афрыку, дзе ўзначаліў нямецкі Афрыканскі корпус, затым стаў камандуючым нямецкімі войскамі ў Тунісе. Вострая абстаноўка на Усходнім фронце запатрабавала туды лепшых генералаў, і Вальтэр Нерынг узначаліў пад Вінніцай танкавы корпус. Магчыма, яны зноў сутыкнуліся, даўнія сапернікі — Нерынг і Багданаў — на палях новых бітваў. Ва ўсякім разе, у бітве за Берлін яны напэўна супрацьстаялі адзін аднаму.

Але вынік вайны быў прадвызначаны: савецкі генерал-танкіст Багданаў салютаваў Чырвонаму сцягу над Рэйхстагам, а генерал танкавых войскаў Нерынг у гэты час сядзеў у амерыканскім лагеры, як калісьці сядзеў у савецкім — Сямён Багданаў. Зрэшты, і тут па капрызе лёсу яны былі амаль на роўных. Бо з двойчы Героя Багданава пры яго жыцці судзімасць так і не знялі. Неверагодна, але факт: маршал бранятанкавых войскаў Сямён Багданаў быў рэабілітаваны Пленумам Вярхоўнага Суда СССР толькі ў 1968 годзе, праз сем гадоў пасля смерці.

У памяць пра маршала Багданава ўстаноўлены яго бронзавы бюст у Санкт-Пецярбурзе, імем яго названыя вуліцы ў Маскве, Севастопалі ды Пружанах.

У гонар Вальтэра Нерынга таксама названа вуліца — у нямецкім горадзе Штадталендорф: “Генерал Нерынг Штрасе”. Пасля таго як ён быў адпушчаны з амерыканскага палону ў 1948 годзе, былы палкаводзец здолеў зрабіць паспяховую кар’еру і ў грамадзянскім жыцці. Ён намнога перажыў свайго рускага саперніка і памёр у 1983 годзе ў Дзюсельдорфе. Было яму 90 гадоў. Багданаў жа памёр у 1960 годзе ва ўзросце 66 гадоў.

Але ж нездарма кажуць: важна, не колькі пражыў чалавек, а як пражыў. Сямён Багданаў пражыў сваё жыццё больш чым годна. Будзем памятаць яго!

Мікалай Чаркасаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter